Джакома Гашталдзі 1562 год. Regno di Polonia
Il vero disegno della seconda / parte dil Regno di Polonia, / dell' ecc.mo mp. Giacomo Gastaldo / piamontese.
In Venetia l'Anno M.D.LXVIII.
Intagliata da Paolo Forlani / veronese al segno della Co¦ / lonna in merzaria.
Тэхніка: медзярыт
Аўтар: Джакома Гашталдзі
Выдавец: Антоніа Лафрэры
Гравёр: Паола Фурлані
Год выдання: 1568 (2-е выданне), Венецыя
Памер карты: 52 х 38 см
Карта была падрыхтавана вядучым венецыянскім картографам 16 стагоддзя Джакома Гашталдзі (Giacomo Gastaldi, 1500–1566), які адным з першых пачаў ужываць медзярыт (тэхніку друку з гравіраванай меднай плыты). Папярэднія майстры выразалі формы для друку на дрэве. Тэхніка медзярыту значна перасягала дрэварыт у магчымасці наносіць больш тонкія лініі і дробныя дэталі, адбітак з меднай плыты меў большую інфармацыйную ёмістасць і адпавядаў новым патрабаванням часу. Асноўнай крыніцай для стварэння карты сталася выданне 1526 года польскага картографа Бернарда Вапоўскага (Bernard Wapowski, каля 1450 – 1535), якое ахоплівала тэрыторыю Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага і захавалася да нашых часоў фрагментарна. Таксама былі выкарыстаны і іншыя звесткі, на той час ужо выйшлі абноўленыя карты Еўропы Меркатара (1554) і Каспара Вопеля (1555).
Упершыню карта выходзіла ў 1562 годзе ў Венецыі ў атласе Антоніа Лафрэры (Antonio Lafreri, 1512–1577). Кожны з атласаў Лафрэры ўнікальны, яны ствараліся "IATO" ("італьянская зборка па замове") і да 1572 года нават не мелі тытульнага аркуша. Кожны з такіх атласаў утрымлівае розную падборку, звычайна, рымскіх і венецыянскіх картографаў. З-за таго, што карты мелі розныя памеры, некаторыя з іх падразалі, іншыя складвалі. Кошты на раннія атласы Антоніа Лафрэры сягаюць соцень тысяч еўра.
У артыкуле аглядаецца выданне карты з невялікімі зменамі, якое выходзіла ў 1568 годзе. З назова карты вынікае, што гэта другая частка Каралеўства Польскага. Звычайна разам з ёй прапануецца і першая частка карты з атласа, яна выяўляе землі на поўнач да Белага мора.
Наступны > |
---|