Падпіска на навіны

Марцін Вальдзеемюлер. Карта Новага Свету 1513 года
Карта Марціна Вальдзеемюлера выйшла ў страсбурскім выданні "Геаграфіі" Клаўдзія Пталамея. На антыкварным рынку яна вядомая пад назвай Карта Адмірала і звычайна каштуе каля $50 000.
Малады палачанін Францыск Скарына ўжо атрымаў ступень доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце, а пра Амерыку яшчэ спрачаліся: адкрыў Калумб асобны кантынент або дасягнуў жаданых Індый.
На моры ў той час валадарылі Кастылія (Іспанія) і Партугалія. У 1494 годзе яны заключылі Тардэсільяскую дамову, паводле якой падзялілі паміж сабой усе землі, што не належаць хрысціянскім дзяржавам, - нават яшчэ не адкрытыя.
Іспаніі запісалі тыя з іх, што ляжалі на захад ад "папскага мерыдыяна" (праходзіў каля Рыа-дэ-Жанейра), Партугаліі - па ўсходні бок. Але гэта была чыстая дыпламатыя. Па-першае, ніхто дакладна не ведаў, дзе тая лінія праходзіць, бо даўгату яшчэ не ўмелі вымяраць. Па-другое, абодва бакі не ўяўлялі, якія прасторы адкрываліся ў заходнім кірунку.
Калумб толькі-толькі паплыў у сваё другое падарожжа. Іронія, але чалавек, які адкрыў Амерыку, да канца жыцця так і не паверыў у гэта. Вестку пра новы кантынент у Еўропу прынес Амерыга Веспучы.
І ў 1507 годзе нямецкі картограф Марцін Вальдзеемюлер, натхнёны запіскамі Веспучы, стварае сваю насценную мапу свету. На карце выразна выўлены два асобныя кантыненты пад назвай Амерыка і новы акіян на захадзе - і гэта было, паверце, вельмі смела. Дарэчы, да нашых дзён захаваўся толькі адзін асобнік карты, яго знайшлі ў Германіі ў пачатку 20 ст., і толькі ў 2003 годзе Бібліятэка кангрэса ЗША змагла пераканаць уласнікаў і выкупіць рарытэт.
Але гэтая мапа блытала карты іспанскаму каралю. У той час справядлівасць шанавалася больш за подпісы і ўмовы дробным шрыфтам. Калі там, на захадзе, вялізны кантынент, дык партугальцы запатрабуюць перагледзець Тардэсільяскую дамову. І іспанцы да апошняга спрабуюць прыхаваць маштаб адкрыцця. У такой атмасферы ў 1513 годзе Марцін Вальдзеемюлер стварае іншую карту Новага Свету для страсбургскага выдання “Геаграфіі” Пталамея.
Зноў на карце Terra Incognita: без заходняй мяжы, без раздзялення на Паўночную і Паўднёвую, але з надпісам: “Гэтая зямля разам з прылеглымі астравамі была адкрыта генуэзцам Калумбам па даручэнні караля Кастыліі”.
У прадмове да кнігі Хрыстафора Калумба называюць адміралам - і карта Вальдзеемюлера 1513 года ўжо прынамсі стагоддзе вядомая як Карта Адмірала. Спыніць век геаграфічных адкрыццяў было немагчыма. У 1520-я ні ў каго не засталося сумніваў, што Амерыка - гэта два асобныя кантыненты. Карта Адмірала стала адной з апошніх карт Невядомай Зямлі.