ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Гравюра разцом, афорт
BY | RU
Гравюра разцом, афорт
Гравюра разцом з’явілася ў XV стагоддзі ў Італіі. Па іншы бок Альпаў, дзе ўжо ўзнікла моцная школа гравюры па дрэве, гэтая тэхніка распаўсюдзілася крыху пазней.
Майстар-гравёр рабіў разцом паглыбленні на металічнай плыце, звычайна яна была з медзі, таму адбітак з яе называецца медзярытам. Паглыбленыя баразёнкі ад разца адпавядалі лініям малюнку, у іх забівалася фарба для далейшага пераносу пад прэсам на вільготную паперу (гэты друк называецца глыбокім). Для вытворчасці плыт выкарыстоўвалі і іншыя металы і сплавы (цынк, сталь, латунь, свінец).
![]() |
|
Характэрнай прыкметай для металагравюры з'яўляецца наяўнасць на адбітку адціснутых краёў плыты (фасетаў). Асабліва выразна бачныя фасеты на якаснай паперы вержэ ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў. У ХІХ стагоддзі пры стварэнні кніжных ілюстрацый фасеты часам абразаліся |
У Беларусі гэтая тэхніка была вядомай з канца XVI стагоддзя. Адным з першых, хто авалодаў тэхнікай разцовай гравюры, быў Максім Ярмалініч Вашчáнка (Maximus Woszczanka, 1650-я – 1708):
![]() |
|
У 1678 годзе ў Слуцкай друкарні Радзівілаў выйшла кніга "Monarchia turecka opisana przez Ricota...", якая была аздоблена 19 падпісанымі медзярытамі Максіма Вашчáнкі. Гэта было адно з перавыданняў папулярнай у Еўропе кнігі англійскага дыпламата Поля Рыко пра дзяржаўны лад Атаманскай імперыі. Хоць большасць ілюстрацый Вашчанкі і паўтараюць гравюры з выдання 1670 года, для нас яны маюць вялікае значэнне як прыклад тагачаснага мастацкага ўзроўню, а таксама тэхнічных магчымасцяў беларускіх гравёраў XVII стагоддзя |
Разцовую гравюру, калі на ёй адсутнічаюць якасныя акцэнты (дробные трохвугольныя насечкі альбо пункцір такой формы, лініі з чыстым краем і характэрным станчэннем ў пачатку і канцы, чысціня ліній у месцах іх перасячэння), бывае складана адрозніць ад афорта, тым больш нярэдка траўлены штрых спалучаўся з разцом.
![]() |
![]() |
|
Партрэт Жыгімонта І Старога. |
Тэхніка разцовай гравюры надзвычай працаёмістая. Больш хуткая і не такая стомная тэхніка – афорт, з’явілася ў пачатку XVI стагоддзя ў Германіі. У тэхніцы афорта лініі малюнка не рэзаліся штыхелем, а травіліся кіслатой. Для гэтага металічную плыту поўнасцю пакрывалі кіслотаўпорным лакам. Мастак наносіў малюнак па лаку іголкай. Пасля змяшчэння плыты ў кіслату адкрытая ад лаку медзь раз’ядаецца і на плыце застаецца паглыблены малюнак, выгравіраваны кіслатой. Якасныя адрозненні афорта – большая плаўнасць і свабода ліній.
У XVII–XVIII стагоддзях пераважная большасць кніжных ілюстрацый, геаграфічных карт, гравюр ствараліся менавіта ў тэхніцы афорта. |
|
У XVIII стагоддзі афорт таксама спалучалі з разцом і іншымі тэхнікамі металагравюры, што былі вынайдзены на той час (акватынта, пункцірная манера і інш.). Асобна гэтыя мастацкія тэхнікі для рэпрадукцыйнай гравюры выкарыстоўвалі рэдка.
У першай палове ХІХ стагоддзя ў якасці друкарскай пласціны актыўна выкарыстоўвалі сталь. Для палягчэння работы сталь адпускалася, пасля гравіроўкі – загартоўвалася, што дазваляла друкаваць даволі вялікія наклады. Сталярыт адрозніваецца некаторай сухасцю ліній на адбітку, у мастацкіх мэтах гэты матэрыял прымяняўся рэдка.
![]() |
![]() |
|
Сядзіба Агінскіх у Залессі. Фрагмент гравюры (сталярыта) паводле малюнка з натуры Леанарда Ходзькі, 1836 год |
Літаграфія і тарцовая гравюра ў ХІХ стагоддзі значна пацяснілі металагравюру з прыкладнога ўжытку. З канца ХІХ стагоддзя, пасля з'яўлення геліагравюры ды іншых, больш тэхналагічных паліграфічных тэхнік з выкарыстаннем фотааптычных прылад, гравюра і літаграфія пераважна былі запатрабаваныя толькі ў мастацкай сферы.
Тэрміналогія і класіфікацыя друкаваных тэхнік з мастацкага пункту гледжання некалькі адрозніваецца ад абагульненай. Прычынай таму ёсць тое, што ў прыкладным друку больш важным з'яўляўся матэрыял, з якога друкаваўся адбітак, а ў мастацкім эстампе класіфікацыя вызначаецца тэхналогіяй стварэння друкарскай формы. На сёння афорт – адна з найбольш распаўсюджаных тэхнік мастацкага жанру і, фактычна, пад афортам разумеюць і іншыя хімічныя, механічныя і камбінаваныя тэхнікі (манеры) глыбокага друку з металічнай плыты.
< Папярэдні | Наступны > |
---|