ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Літаграфія, геліагравюра


ГІСТОРЫЯ ГРАВЮРЫ. Літаграфія, геліагравюра

BY | RU

Літаграфія

Літаграфія была вынайдзена ў канцы XVIII стагоддзя А́лаізам Зе́нефельдзерам (1771-1834) і стала вельмі папулярнай у XIХ стагоддзі ў прыкладной і мастацкай сферах. Асновай для друкарскай формы служыць літаграфскі камень-вапняк, на якім мастак малюе адмысловым літаграфскім алоўкам альбо тлустай літаграфскай тушшу. Далей камень травіцца акісленай вадой, якая не пранікае ў поры каменя, дзе быў нанесены малюнак. Пасля на камень накатваецца фарба, якая пад ціскам прыстае на папяровы аркуш толькі там, дзе быў нанесены малюнак. Друкуецца літаграфія на адмысловым літаграфскім варштаце.

Напалеон на Бярэзіне, 1812 Напалеон літаграфія 

Фрагмент нямецкай літаграфіі "На Бярэзіне" 1847 года.
Літаграфія адносіцца да плоскага друку, а сама літаграфічная выява нагадвае малюнак мяккім алоўкам. Адметнасцямі з'яўляюцца зярністая фактура ў ценях і паўценях, больш тонкі слой фарбы, межы плям трошкі расплыўчатыя

З тэхнічнымі і візуальнымі асаблівасцямі літаграфіі ўсё досыць проста. Але ў тэрміналогіі існуюць пэўныя ўмоўнасці. Фактычна літаграфія аднесена таксама да гравюры, хоць у строгім вызначэнні не з'яўляецца ёй, бо гравіраванне, як такое, адсутнічае. Калі гаворка ідзе пра мастацкую літаграфію, больш дакладна называць яе эстампам. Для прыкладной літаграфіі тэрмін гравюра прымальны.

Тадэвуш Касцюшка, літаграфія  Костюшко

Фрагмент літаграфічнага партрэта Тадэвуша Касцюшкі 1826 года.
Такі прывабны і годны вобраз стварыў французскі мастак і літограф Жан-Баціст Мазэс (Jean-Baptiste Mauzaisse).

Рэпрадукцыйная геліагравюра

З другой паловы ХIХ стагоддзя ўзніклі новыя і вельмі разнастайныя спосабы стварэння друкарскай формы з выкарыстаннем фатаграфічнага абсталявання (хімічная і механічная фотагравюра, геліагравюра, хромалітаграфія, цынкаграфія).

Тэрмін геліагравюра паходзіць ад "helios" — сонца і "gravure" — выразаць. Геліагравюра не лічыцца мастацкім творам, бо ў яе вытворчасці амаль адсутнічае творчы складнік. Але, як ужо казалася раней, рэпрадукцыйная гравюра мае гістарычную і бібліяграфічную каштоўнасць для калекцыянера, больш за тое, шэраг артэфактаў мастацтва дайшлі да нас толькі ў падобных рэпрадукцыях. Некаторыя любімыя графічныя творы для калекцыянера даступны толькі ў выглядзе геліагравюры. Такі аркуш яшчэ мае рысы, характэрныя для класічнай гравюры, гэта і след ад металічнай плыты па краях (фасет), і выдавецкія знакі, і сам працэс друку.

Артур Гротгер гравюра  Artur Grottger

Фрагмент геліагравюры 1888 года выдання з малюнка Артура Гротгера.
Арыгінальныя аркушы яго вядомых серый знаходзяцца па музеях. Сам аўтар не займаўся эстампам, таму гэты матэрыял даступны толькі ў рэпрадукцыях. Узвышаныя работы Артура Гротгера шматкроць перавыдаваліся, адпаведна, сустракаецца безліч няякасных рэпрадукцый: тарцовых дрэварытаў, літаграфій, фатаздымкаў і паштовак. Калекцыянераў жа ў першую чаргу цікавяць венскія выданні выдавецтва Бонды (Fr. Bondy) і львоўскія выданні Альтэнберга (H. Altenberg).

Для геліагравюры характэрна дакладная перадача дэталяў выявы. Да мінусаў можна аднесці некаторую "вузказць" тонавага дыяпазону, хоць бы і пры дакладных светаценевых адносінах у межах гэтага дыяпазону. Аддалена геліагравюра нагадвае акватынту, але мае больш дробны і правільны растр. Таксама плыты для геліагравюры не даюць такіх вялікіх накладаў, як літаграфскі камень альбо стальная плыта. Таму геліагравюра, як правіла, выкарыстоўвалася для стварэння мастацкіх рэпрадукцыйных альбомаў невялікага тыражу, да 1000 асобнікаў

На гэтым мы заканчваем агляд распаўсюджаных графічных тэхнік мастацкай і прыкладной графікі. Пераказ атрымаўся тэзісны і не прэтэндуе на ўсеабдымнасць. Для нас важным было праілюстраваць асноўныя адрозненні сапраўднымі аркушамі, паказаць прыгожы і кранальны свет старадаўняй графікі.