Марсэль ван дэн Брок. Даведнік па атласных картах Абрахама Артэліўса


Марсэль ван дэн Брок. Даведнік па атласных картах Абрахама Артэліўса

 BY | RU

M.Broecke. ORTELIUS ATLAS MAPS

Аўтарам была праведзена каласальная работа па вывучэнні першага мадэрнавага атласу "Тэатрум Орбіс Тэрарум" (Theatrum Orbis Terrarum), а таксама звязаных з ім Дадатку (Additamentum) і Атласу антычнага свету (Parergon). Асноўная практычная функцыя выдання для калекцыянера – гэта мажлівасць датавання амаль кожнай адасобленай карты, у першую чаргу, па адрозненнях тэкстаў з адваротнага боку (verso) карт.

Асобна вылучаны падзел выданняў на станы. У азначэнні аўтара выданню карты адпавядала асобная друкарская форма (plate). На гэтыя друкарскія формы (медныя плыты) гравёры перыядычна ўносілі праўкі, такія змены і стваралі новыя станы (states). Праўкі маглі ўносіцца ў тыя моманты, калі плыта патрабавала аднаўлення. Аўтар падкрэслівае, што новаму стану звычайна адпавядалі наўмысныя і ўсвядомленыя змены.

У гэтым выданні мы можам адшукаць пацверджанне аб досыць высокіх тыражных уласцівасцях меднай друкарскай плыты. Агульная колькасць атласаў "Theatrum Orbis Terrarum" (разам з Additamentum і Parergon) ацэньваецца аўтарам не меней за 8225 асобнікаў, а наклады карт вагаюцца ад некалькіх соцень да максімальнай лічбы, роўнай агульнай колькасці атласаў.

Даследаванне абвяргае пашыранае меркаванне аб невысокіх тыражных мажлівасцях медных пласцін, з якіх друкаваліся карты і гравюры. Малыя тыражы характэрныя для мастацкай гравюры, якая звычайна друкавалася накладам у некалькі соцень альбо нават дзясяткаў адбіткаў; часам гэта залежала ад тэхнікі гравіравання і высокіх патрабаванняў да якасці. Плыты практычнага прызначэння – ілюстрацыі альбо карты – пры прафесійным выкарыстанні вытрымлівалі тысячны наклад, пасля якога на друкарскай форме змятыя тонкія лініі маглі быць адноўлены гравёрам. Асцярожнае выкарыстанне і перыядычныя аднаўленні форм давалі наклады ў некалькі тысяч.

Друкарскія формы мяняліся не толькі з-за зношвання альбо пашкоджання. Іншымі важнымі прычынамі для замены форм, былі новыя геаграфічныя звесткі, а таксама змены ў модзе на дэкаратыўныя элементы: картушы, выявы монстраў і іншыя прыхарошванні (embellishment).

У "Тэатрум Орбіс Тэрарум" беларускія землі прадстаўлены на рэгіянальнай карце “POLONIAE”, першае выданне якой вытрымала каля 4875 адбіткаў. У 1595 годзе з-за трэшчын у ніжняй правай частцы друкарскай формы першае выданне было зменена больш дэталізаванай картай “POLONIAE, | LITVANIAEQ. | DESCRIPTUO.” З прычыны з’яўлення ў канкурэнтным атласе Меркатара асобнай карты “LITHVANIA” у 1595 годзе такое перавыданне ў Артэліўса было актуальным і нават празарлівым. Прыблізны наклад другога выдання склаў каля 3350 асобнікаў. А вось друкарская форма карты “RVSSIAE, MOSCO:|VIAEETTARTA:|RIAEDESCRIP:|TIO.” вытрымала максімальны наклад каля 8225 асобнікаў і за ўвесь час на яе ўносілі нязначныя змены (вылучаны пяць станаў).

Лічбы накладаў вызначаны аўтарам прыблізна па ўцалелых звестках аб колькасці паперы, якая выдаткоўвалася на кожнае новае выданне атласаў Артэліўса.

У кнізе шмат іншых карысных фактаў: напрыклад, тагачасны кошт атласу. Атлас быў вельмі дарагім выданнем, каштаваў каля 7 флорынаў, а ілюмінаваны (расфарбаваны) – 16 флорынаў.

Нумарацыя карт паводле ван дэн Брока прынята як міжнародны стандарт у бібліяграфічных вопісах, каталогах дылераў і калекцыянераў, пазначаецца скаротамі “vandenBroecke”, ”vdB”, часам “Ort”.

Папяровае выданне не можа ўключыць увесь карысны матэрыял, сабраны за шмат гадоў, таму выдаўцы прапануюць шукаць яго на старонцы аўтара кнігі Марсэля ван дэн Брока www.orteliusmaps.com. Даследчык зможа адшукаць там усе варыянты тэкстаў на адваротах карт, багатыя апісанні іншых картаграфічных крыніц. А таксама ўсе тапаграфічныя назвы з атласных карт Абрахама Артэліўса, такія як гарады, назвы рэгіёнаў, рэк, гор і інш. (болей за 250 тысяч запісаў!).