10 самых вялікіх і самых старых гравюр гарадоў (дрэварыты). Частка І


10 самых вялікіх і самых старых гравюр гарадоў (дрэварыты). Частка І

 BY | RU

Паўтысячы год таму больш-менш забяспечаны чалавек мог, паглядзеўшы на гравюру, “шпацыраваць” вуліцамі найважнейшых цэнтраў населенага свету. 

“Нюрнбергская хроніка” Гартмана Шэдэля, выдадзеная ў 1493 годзе накладам каля 2500 асобнікаў, змяшчала больш за 1800 ілюстрацый. Яна знаёміла еўрапейскага чытача з многімі гарадамі і краінамі - хоць варта адзначыць, што ілюстрацыі ў ёй вельмі часта паўтараліся, і, адпаведна, выявы гарадоў далёка не заўжды адпавядалі рэчаіснасці.

З 1544 года друкуецца “Касмаграфія” Себасцьяна Мюнстэра - сярэднявечная энцыклапедыя пра цэлы свет, у якой таксама можна знайсці віды гарадоў, няхай невялікія і часам непраўдзівыя. У Германіі кніга стала другой па папулярнасці - пасля “Бібліі”, вядома.

У 1572 годзе пачало выходзіць вельмі папулярнае выданне Георга Браўна і Франца Хогенберга, вядомае пад назвай “Civitates orbis terrarum”. Гэта быў першы атлас гарадоў свету: 546 відаў і планаў у 6 тамах, што выйшлі на лацінскай, нямецкай і французскай мовах.

Усё гэта была кніжная гравюра, ілюстрацыя. А які мастак любіць рамкі? Часам душа майстра прасіла каралеўскага размаху, і для некаторых гарадоў былі створаны сапраўдныя шэдэўры: насценныя гравюры надзіва тонкай работы. Яны друкаваліся для славы і гонару, былі творамі мастацтва. Імі і засталіся.

 

1. 1470-я гады, Фларэнцыя, дрэварыт.
Аўтар Франчэска Разэлі (Francesco Rosselli). Памер 58х131 см.
Ёсць звесткі, нібы Франчэска Разэлі зрабіў таксама насценную гравюру Рыма. Аднак яна не захавалася.

1470sflorence

 

2. 1500 год, Венецыя, дрэварыт.
Аўтар Джакопа дэ Барбары (Jacopo de Barbari). Памер 134x282 см.

1500venice

 

3. 1530 год, Вена, дрэварыт.
Гравёр, выдавец Ніклас Мельдман (Niklas Meldemann). Памер 81х86 см.
Гравюра паказвае аблогу Вены туркамі ў 1529 годзе. Невядомы аўтар замалёўваў горад з вежы сабора Святога Стэфана. Падзеі, што адбываліся ў розны час, выяўлены побач. Літаральна адразу ж пасля зняцця аблогі ў горад прыбыў нюрнбергскі друкар Ніклас Мельдман, які набыў малюнак і стварыў на яго аснове вялізны дрэварыт.

1530wien

 

4. 1531 год, Кёльн, дрэварыт.
Аўтар Антон Ваензам вон Вормс (Anton Woensam von Worms). Памер 59х352 см.

1531coln

 

5. 1544 год, Амстэрдам, дрэварыт.
Друкар Карнэліс Антонізун (Cornelis Anthoniszoon). Надрукаваны каля 1590 года.
Памер 107х109 см.

1544amsterdam

Усе гэтыя гравюры з’яўляюцца абсалютнымі рарытэтамі і захаваліся ў адзінкавых асобніках або часткова.

Працяг рэйтынга насценных гравюр гарадоў тут >>

.