Невядомая гравюра Горадні?


Невядомая гравюра Горадні?

BY | RU

У 1686 годзе ў трэцім томе "Theatrum Cosmographico-Historicum" аўтарства Якаба Капмаера (Jakob Koppmayer) была апублікавана гравюра, на якой адлюстраваны панарамны выгляд правабярэжнай часткі Горадні першай паловы 17 ст. Гэтая выява ўжо даўно вядомая даследчыкам. Знешне яна моцна нагадвае гравюру аўтарства Тамаша Макоўскага і на першы погляд з'яўляецца не вельмі дакладнай яе рэплікай. Аднак пры больш дэталёвым яе вывучэнні ўзнікае шмат спрэчных момантаў, якія могуць ускосна сведчыць, што перад намі – невядомая гравюра!

Гродна гравюраГравюра Макоўскага была выканана ў 1600 годзе, аднак аб яе існаванні даследчыкі даведаліся толькі напрыканцы 1980-х гадоў. Выява мае вялікае значэнне для вывучэння гісторыі архітэктуры Горадні ў перыяд Новага часу і з'яўляецца вельмі каштоўнай графічнай крыніцай. Аднак пры аналізе згаданай гравюры мы прыйшлі да высновы, што некаторыя архітэктурныя аб'екты, адлюстраваныя на ёй, маюць шэраг недакладнасцяў. Чыя гэта памылка: аўтара, які рабіў эскізы для будучай гравюры, ці гравёра, які не вельмі дакладна перанёс малюнак на друкарскую матрыцу – мы не даведаемся, напэўна, ніколі.

Гродна гравюра МакоўскіЗначныя скажэнні ёсць і на гравюры Капмаера, толькі, у адрозненне ад гравюры Макоўскага, архітэктурныя аб'екты тут паказаны ў значна больш спрошчаным выглядзе (ратуша, Прачысценская царква, царква на Падоле, бернардынскі касцёл і інш.). Затое такія аб'екты, як Стары Замак і Фара Вітаўта, змяшчаюць шэраг якасна новых дэталяў.

Гродна гравюра, стары мостТак, Стары замак паказаны як бы зверху, што дазволіла крыху "заглянуць" на тэрыторыю яго ўнутранага двара. Мы бачым, што вежа-брама і вежа з боку Нёмана маюць паўкруглыя завяршэнні ў выглядзе купалаў, галерэя мае дах. У левай частцы да галерэі прымыкае будынак з двухсхільным дахам, а ля левай часткі палаца знаходзіцца прамавугольная канструкцыя. Тэрыторыя замка злучаецца з горадам мостам, адметнай асаблівасцю якога з'яўляюцца тры арачныя пралёты. Характэрна, што аналагічнай канструкцыі мост захаваўся да сёння, а ў інвентарах замка ўпершыню згадваецца ў 1650 годзе. На гравюры Макоўскага на гэтым жа месцы паказаны драўляны мост.

faracompareФара Вітаўта на гравюры Капмаера таксама ўтрымлівае шэраг якасна іншых, у адрозненне ад гравюры Т.Макоўскага, дэталяў. Так, на ўсходнім фасадзе паказаны пяць вокнаў, а на гравюры Макоўскага іх сем. Шматлікія пазнейшыя графічныя матэрыялы  (планы і фотаздымкі) паказваюць, што ў сапраўднасці іх і было пяць. На гравюры Макоўскага перад вежай з левага боку паказаны контрфорсы, затое ў Капмаера яўна паказана з левага боку паступовае звужэнне ярусаў самой вежы, якое найбольш прыкметна на фотаздымках другой паловы 19 ст. Яшчэ адна немалаважная дэталь - яруснасць вежы. На гравюры Макоўскага вежа паказана як пяціярусная з дзвюма парамі вокнаў на кожным з ярусаў, затое на іншай гравюры гэтая яруснасць амаль не заўважная і вокны размешчаны адзінкава на кожным з узроўняў. Характэрна, што менавіта такое размяшчэнне вокнаў на вежы паказана і на абмерным рысунку Фары Вітаўта 1803 года.

Фара ВітаўтаЗ усяго вышэйпрыведзенага можна зрабіць выснову, што гравюра з выяваю Горадні, якая была апублікавана ў 1686 годзе, вельмі падобная на гравюру Макоўскага, аднак, у адрозненне ад яе, змяшчае шэраг дэталяў, з'яўленне якіх цяжка растлумачыць. Мы можам дапусціць, што Стары замак быў перамаляваны з папярэдняй гравюры, а мост з трыма аркамі мог быць прыдуманы гравёрам (супадзенне), аднак у выпадку з выяваю Фары Вітаўта так думаць не прыходзіцца. Адзіным рацыянальным тлумачэннем паходжання гэтых гравюр, як Макоўскага так і Капмаера, з'яўляецца тое, што абедзьве яны ствараліся на аснове адной графічнай выявы. Хутчэй за ўсё, прыблізна ў канцы 16 ст. – 1600 годзе Тамашам Макоўскім былі зроблены эскізы для стварэння будучай гравюры. У 1600 годзе на аснове гэтых эскізаў была створана знакамітая гравюра, якая, па ўсёй верагоднасці, з-за імкнення майстара-гравёра дабавіць дэталізаванасці, змясціла ў сабе шэраг памылак. У сваю чаргу, гравюра 1686 года была створана не на аснове гравюры Макоўскага, а паводле эскізных малюнкаў аўтарства Макоўскага. 

Мы дзякуем аўтару матэрыяла за дазвол апублікаваць яго на нашым сайце. Нагодай для публікацыі стала з'яўленне загадкавай гравюры ў продажы. Літоўскі калекцыянер прапанаваў медзярыт для продажу са стартавым коштам каля 2000 еўра. Нам такі кошт не падаецца радасным: выява мае невялікі памер і не ў вельмі добрым стане. Мы адсочваем важныя старадаўнія гравюры па нашай гісторыі на антыкварным рынку і выяву з выданняў Капмаера амаль за 10 год назірання бачылі ўсяго адзін раз: гэта была гравюра Вільні, і яе кошт у 2016 годзе дасягнуў 800 еўра. Так што аркуш сапраўды рэдкі і рэпрэзентуе цікавы аспект нашай гісторыі.