Станіслаў Александровіч - штурман картаграфіі ВКЛ
BY | RU
Станіслаў Александровіч нарадзіўся 5 красавіка 1931 года ў Вільні. Яго бацька Багдан Александровіч быў чыноўнікам польскай адміністрацыі ў Луцку, паходзіў з даўняга шляхецкага роду з Браслаўшчыны. Яшчэ зараз у маленечкім Струста захаваліся магілы яго продкаў, у тым ліку судовага прыстава Вінцэнта Александровіча (памёр у 1830 г.).
Александровічы пераважна жылі ў Луцку, па месцы службы бацькі (але частка дзяцінства будучага навукоўца прайшла і ў Вільні). З пачаткам Другой сусветнай сям’я была эвакуявана ў Крамянец (ля Дубна), аднак у гэтае мястэчка неўзабаве прыйшла Чырвоная Армія. Бацьку С. Александровіча арыштавалі. У снежні таго ж 1939-га ён быў расстраляны, але сям'я даведалася пра гэта толькі праз дзясяткі год.
Неўзабаве самога Станіслава разам з маці і дзвюма сёстрамі выслалі ў Казахстан. Дзяўчаткі ў высылцы загінулі ад хвароб, Станіслаў і яго маці ў 1946-м вярнуліся ў Польшчу, пасяліліся ў Торуні.
Навуковая кар’ера С. Александровіча пачалася з вывучэння гарадскіх цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і Падляшша ў канцы 1950-х і ў пачатку 1960-х гадоў. Гэта былі піянерскія даследаванні, і іх вынікі па сёння застаюцца актуальнымі. Аўтар звярнуў увагу на ролю, якую малыя гарады і мястэчкі адыгрывалі ў эканоміцы Вялікага Княства Літоўскага, паказаў іх структуру і функцыянаванне ў іх гандлю і рамёстваў.
Ужо ў спелым узросце шмат высілкаў навуковец прысвяціў праблеме рэпрэсій савецкага часу.
Але ці не большай за іншыя была яго цікаўнасць да старадаўніх карт - балазе тэма гэтая ў Польшчы мела багатую традыцыю. Гісторыі картаграфавання пан прафесар прысвяціў каля сотні навуковых публікацый. Менавіта ён увёў у навуковы зварот выгравіраваны ў Нясвіжы Тамашам Макоўскім на замову Мікалая Крыштапа Радзівіла Сіроткі план Масквы Шымана Смятанскага, апублікаваў і апісаў планы аблогі Полацка (1579) і замку Улы (1568). Асобна даследаваў вайсковую картаграфію і тут важную ролю адводзіў адной з першых карт вайсковага прызначэння – карце Полацкага княства Станіслава Пахаловіча.
У 1972 годзе выйшла асобнай кнігай доктарская дысертацыя С. Александровіча “Развіццё картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя”. Гэтая сінтэтычная праца падагульняла тэарэтычныя веды пра гісторыю картаграфавання краю ад першых карт да так званай “станіславаўскай” эпохі і расстаўляла акцэнты менавіта для земляў Вялікага Княства Літоўскага. Навуковец асобна адзначаў, што картаграфія вялікалітоўскіх земляў не толькі не саступала кароннай, але часам і перавышала яе паводле навуковага ўзроўню.
Другое выданне (1989 год) было значна перапрацавана і дапоўнена ў параўнанні з першым. Але для нас асабліва важная трэцяя (і апошняя) рэдакцыя кнігі 2012 года (пад назвай “Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя”). Менавіта ў гэтай манаграфіі пан Станіслаў Александровіч давёў, што выданне Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага 1603 года існавала і было падрыхтавана ў Нясвіжы (на жаль, яно не захавалася і вядома толькі па амстэрдамскім перавыданні 1613 года). Навукоўцу прыйшлося знайсці неабвержныя доказы, каб пераадолець аўтарытэт іншага слыннага даследчыка картаграфіі Караля Бучака, які з відавочным скепсісам ставіўся да картаграфічнай спадчыны ВКЛ і да існавання друкаванай нясвіжскай карты ВКЛ у прыватнасці.
Праца Станіслава Александровіча сёння ёсць класічнай у гісторыі беларускай картаграфіі, без яе складана ўявіць разуменне прадмета ўвогуле. Як штурман у авіяцыі (а С.Александровіч, дарэчы, захапляўся лётніцтвам, быў пілотам першага класа і меў залатую Адзнаку планерыста), пан прафесар пралажыў курс вывучэння гісторыі картаграфіі нашых земляў.
Дзіўна, але кніга не перакладзена на беларускую мову. Сам Станіслаў Александровіч, паводле словаў яго жонкі, пані Ганны Музалеўскай-Александровіч, вельмі шанаваў працу беларускіх гісторыкаў, чытаў і збіраў іх у сваёй бібліятэцы.
Пры іншых абставінах нараджэнец Вільні Станіслав Александровіч, мабыць, лічыў бы сябе літвінам, да Беларусі ён заўжды меў пэўны сантымент. Выданне па-беларуску яго асноўнай навуковай працы было б спаўненнем мары пана прафесара, які адышоў у лепшы свет у 2015 годзе.
Мы запускаем краўдфандынгавы збор сродкаў на перавыданне кнігі Станіслава Александровіча “Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя” па-беларуску. Падрымаць выданне можна тут: ulej.by >>
< Папярэдні | Наступны > |
---|