Карта Вялікага Княства Літоўскага ўзору 1613 года ў бібліятэках Польшчы, Украіны і Літвы


Карта Вялікага Княства Літоўскага ўзору 1613 года ў бібліятэках Польшчы, Украіны і Літвы

 BY | RU

Карта ВКЛ 1613

Першая насценная карта Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якая захавалася, была надрукавана ў Амстэрдаме ў майстэрні Вільяма Янсона (Janszoon, Janssonius). Інфармацыя пра выдаўца змешчана на стылізаванай стужцы пад картушам, упрыгожаным Пагоняй – дзяржаўным гербам ВКЛ: Amsterodami | Excudebat Guilhelmus Janssonius sub signo | Solarij deaurati. Anno 1613. На адным з тэкставых картушаў гравёр Гесель Герыц пазначыў назву карты і імя яе заказчыка – уладальніка Нясвіжа, князя Мікалая Крыштофа Радзівіла (1549–1616): Magni Ducatus Lithuaniae, caeterarumque regionum illi adiacentium exacta descriptio... Domoni Nicolai Christophori Radziwil. Па ўсёй даўжыні ніжняга краю карты выдавец дадаў надрукаваную на асобных палосках паперы гістарычную і геаграфічную інфармацыю пра краіну. Лацінскі тэкст завяршаецца манаграмай Тамаша Макоўскага, аднаго з аўтараў эскіза карты: T.M. Pol. Geograph ... 1613 [1, с. 215–216]. Таму гэты твор графікі называюць картай Радзівіла–Макоўскага, або радзівілаўскай узору 1613 г. Пасля 1621 г. Вільям Янсон дадаў да свайго прозвішча псеўданім дзеда blauwe Willem для таго, каб адрознівацца ад цёзкі і канкурэнта Яна Янсона. Ён стаў падпісваць дакументы Guiljelmus Janssonius Blaeuw's. Caesius або Willem Blaeu. Такім чынам, зборнікі карт выдавецкага дома В. Янсона вядомыя як атласы Блау. Прозвішча выдаўца ў іх указана Blaeu, Blaew, Blaevv, Blaeuw [2, р. 8].

Доўгі час арыгінал выдання 1613 г. лічыўся згубленым. У 1913 г. польскі навуковец Людвік Антоні Біркенмаер апублікаваў паведамленне пра тое, што ва Універсітэцкай бібліятэцы г. Упсала (Швецыя) знаходзіцца ўнікальны асобнік першай насценнай карты ВКЛ. На яго думку, карта памерам 87 х 109 см была дастаўлена ў Швецыю з Польшчы ў 17-м ст. як ваенны трафей. Дубляваны на палатно асобнік быў недастаткова вывучаны, гісторыкі спасылаліся на апісанне, зробленае Л. А. Біркенмаерам [3, s. 24-25]. У пачатку 21-га ст. прафесар з Нідэрландаў Гюнтэр Шыльдэр выказаў сумневы адносна даціроўкі, зробленай польскім навукоўцам: «да цяперашняга часу некаторыя лічаць, што насценная карта Літвы і Дняпра з Універсітэцкай бібліятэкі ў Упсале з'яўляецца арыгіналам 1613 г. Праведзеныя мной даследаванні паказалі, што гэтая карта была склеена з шасці фрагментаў. Таму яна была створана пасля таго, як арыгінальная версія на чатырох аркушах была разрэзана на больш дробныя фрагменты для больш зручнага размяшчэння ў другім выданні атласа Блаў 1631 г. у выглядзе двух самастойных карт Літвы і Дняпра. Дзіўна, што змешчаны пад картаграфічнай выявай тэкст надрукаваны з матрыц першага выдання і захоўваўся ў Блаў 18 гадоў»1.

Карта ВКЛ 1613. Томаш Макоўскі

Эксперт па нідэрландскай картаграфіі Г. Шыльдэр лічыць адзіным сапраўдным адбіткам знойдзеную ім у 1984 г. на паддашку Веймарскага замка карту, якая ў цяперашні час захоўваецца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары [1, р. 201]. На карце ў маштабе 1:1 300 000 прадстаўленыя землі сучасных Беларусі, Літвы і Украіны з памежнымі тэрыторыямі. Картаграфічны малюнак зманціраваны з чатырох фрагментаў, кожны памерам 39,6 х 54,6 см, з дэкаратыўнай рамкай шырынёй 2 см з вонкавага боку. Частку двух правых аркушаў займае дадатак у выглядзе графічнага малюнка ніжняга цячэння Дняпра ў маштабе 1: 530 000 [2, р. 6]. У 1631 г. В. Блаў упершыню змясціў у сваім атласе Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis G. Mercatoris... nunc primum editas – карту ВКЛ і Дняпра, аддрукаваную з медных пласцін, якія былі выкананы для стварэння насценнай радзівілаўскай карты. Чатыры нясклееныя аркушы ён размясціў адзін за адным, захаваўшы дэкаратыўную рамку [4, р. 34]. Тэкст, раней змешчаны пад картаграфічным малюнкам на палосках паперы, выдавец надрукаваў на адваротным баку карты без пазначэння аўтарства. Магчыма, В. Блаў уключыў у гэты атлас фрагменты насценных карт, якія захаваліся і якія не знайшлі свайго пакупніка. Атласы Блаў 1631 г., у якіх радзівілаўская карта прадстаўлена з дэкаратыўнай рамкай, самыя рэдкія. У навуковы абарот ўведзена толькі некалькі асобнікаў. Пасля смерці доктара Томаша Неваднічанскага (1933–2010) частка яго збору паводле тастаменту была перададзена ў фонды Каралеўскага Замка ў Варшаве. Сярод іншых рэдкасцяў туды паступіў размаляваны ад рукі асобнік радзівілаўскай карты з дэкаратыўнай рамкай (sign. TN 1141). Поўны атлас першага выдання 1631 г. захоўваецца ва ўдавы калекцыянера ў г. Бітбургу. У ім карты не размаляваныя.

Карта ВКЛ 1613. Томаш Макоўскі

У сучаснай літаратуры па гістарычнай картаграфіі згадваецца другое выданне атласа 1631 г., якое адрозніваецца ад першага толькі колькасцю аркушаў з выявай карты. У новай версіі атласа карта Дняпра была прадстаўлена як самастойная адзінка, склееная з двух фрагментаў, карта ВКЛ складзена з чатырох аркушаў. У абедзвюх картах адсутнічаюць дэкаратыўныя рамкі. В. Блаў эксперыментаваў толькі з радзівілаўскай картай, захаваўшы тытульны ліст першага выдання, інфармацыю пра дату друку ў прадмове і ўвесь астатні картаграфічны матэрыял [4, р. 38–39]. Можна меркаваць, што ў В. Блаў скончыліся фрагменты насценнай карты з рамкай і другое выданне з'яўляецца працягам накладу першага выдання з новымі адбіткамі радзівілаўскай карты. У 1910 г. В. Кордт змясціў у сваёй кнізе факсімільную рэпрадукцыю радзівілаўскай карты з каментаром: «Дакладных копій з карты Літвы 1613 г., акрамя адбіткаў у атласах Блаў 1631 г., здаецца, да гэтага часу не існавала». [5, с. 5]. Асобнік атласа, якім карыстаўся расійскі навуковец, у цяперашні час захоўваецца ва Універсітэцкай бібліятэцы ім. Адама Міцкевіча ў Познані (sign. 254 237 V) (6, s. 84]. Тут знаходзіцца і так званае другое выданне атласа 1631 г., набытае бібліятэкай у сярэдзіне 20-га ст. (sign. 254.858 V). Карты ў гэтых экзэмплярах не размаляваныя. Атласы другога выдання Appendix... 1631 г. захоўваюцца ў Навуковай бібліятэцы Польскай Акадэміі Ведаў і Польскай Акадэміі навук у Кракаве (sign. 1442 B IV) і ў бібліятэцы Польскай Акадэміі навук у Гданьску (sign. 1442 B IV). Іаахім Лялевель пакінуў цікавую рукапісную даведку пра В. Блаў на форзацы аднаго з атласаў, які належаў яму і які ў цяперашні час захоўваецца ва Універсітэцкай бібліятэцы г. Вільні (sign. М 1528). І. Лялевель пазначыў, што ў 1633 г. выдавец «адрокся ад свайго атласа 1631 г. і прасіў больш не набываць гэтую старызну»2 [7, р. 70]. Канкурэнты назвалі атлас В. Блаў 1631 г. "кампіляцыяй старых карт, якія той адрэдагаваў ці скапіяваў у іх» [8, р. 10]. У пачатку 20-га ст. картографы не ведалі пра тое, што В. Блаў аддзяліў карту Дняпра ад асноўнага выявы ў 1631 г. i пазначалі іншую дату. Веніямін Кордт пісаў: "Выдаўцы атласа Блаў таксама пераканаліся, што вялікі фармат карты кн. Радзівіла ўяўляе шмат нязручнасцяў, і паступілі наступным чынам: яны адрэзалі ад абедзвюх правых медных дошак карту р. Дняпра і змясцілі карту Літвы на адным вялікім склееным аркушы ў другім томе свайго атласа (з лацінскім тэкстам), выдадзенага ў Амстэрдаме ў 1635 г. пад назвай Theatrum orbis terrarum...» [5, с. 5].

У 1634–1635 гг. В. Блаў выпускае Theatrum orbis terrarum sive Atlas Novus на лацінскай, французскай, нямецкай і нідэрландскай мовах. Ён дапаўняе тэкст Макоўскага і друкуе яго на асобных старонках. Выдавец выкарыстоўвае тытульныя аркушы свайго аднатомнага атласа 1631 г., закрыўшы налепкай з назвай новай кнігі карт стары тытул і дапісаўшы чарніламі патрэбны лік рымскіх адзінак да года выпуску. У новым двухтомным атласе радзівілаўская карта Літвы і карта Дняпра размешчаны ў першым томе нямецкага і нідэрландскага выданняў і ў другім томе лацінскага і французскага [4, р. 43–58]. Atlas Novus 1635 г. з лацінскім тэкстам захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Вроцлава (sign. 56-IV. B), з нямецкім тэкстам – у бібліятэцы Універсітэта ім. Адама Міцкевіча ў Познані (sign. 254 237 V), у бібліятэцы Варшаўскага Універсітэта (sign. М. 420 A) і бібліятэцы Польскай Акадэміі навук у Гданьску (sign. B IV 17). У экзэмпляры з Познані карта ВКЛ сабрана інакш, чым ва ўсіх іншых вядомых атласах Блаў. Два верхнія аркушы склеены паміж сабой гарызантальнай раскладкай, аналагічным чынам склеены два ніжнія фрагменты карты. Два тамы атласа заключаны ў адзін пераплёт карычневага колеру, верагодна, больш позні.

Карта ВКЛ 1613

Пасля смерці Вільяма Блаў у 1638 г. фірма перайшла яго сынам Яну і Карнэлію. У 1644 г. памірае Карнэлій, і Ян самастойна працягвае справу бацькі, кіруючы найбуйнейшым выдавецкім домам у Еўропе. У 1640 г. аб'ём Atlas Novus павялічваецца да трох тамоў, у 1645 г. – да чатырох, у 1655 г. – да шасці [8, р. 12]. У бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта захоўваецца шэсць асобнікаў атласаў В. Блаў, у склад якіх уваходзяць размаляваныя ад рукі карты ВКЛ і Дняпра. Самымі старымі з'яўляюцца два лацінскія атласы 1640 г. Адзін з іх мае ўладальніцкі запіс Гіяцынта Крусінскага, датаваны 1791 г. (sign. М 1527). Другі асобнік раней знаходзіўся ў бібліятэцы Гродзенскага дамініканскага канвента, затым у Віленскай публічнай бібліятэцы, адкуль трапіў у Віленскую публічную бібліятэку ім. Стэфана Баторыя (sign. M 1526). Чатыры атласы паходзяць з калекцыі Іаахіма Лялевеля: французскі атлас 1645 т. (sign. M 1528) з вертыкальнай раскладкай карты Дняпра, якая ўжывалася вельмі рэдка, нідэрландскі атлас 1647 г. (sign. М 1531), французскі 1649 г. (sign. М 1529) і лацінскі 1649 г. (sign. М 1530).

У навуковай бібліятэцы Львоўскага нацыянальнага універсітэта ім. Івана Франка захоўваецца французская версія 1643 г. Atlas Novus з размаляванымі ад рукі картамі ВКЛ і Дняпра (шыфр 161311 V). На форзацы атласа – экслібрыс князя Вітольда Казіміра Чартарыйскага. Пасля смерці князя яго кніжны збор з замка Анфлёр (Францыя) быў перададзены на пастаяннае захоўванне ў Львоў у бібліятэку Універсітэта ім. Яна Казіміра. У Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы Украіны ім. В. Стэфаніка захоўваецца дэфектны асобнік без тытульнага ліста нямецкамоўнага выдання Atlas Novus 1647–1649 гг. з экслібрысам князя Генрыха Любамірскага (шыфр КК 887). У атласе захавалася карта Дняпра, карта ВКЛ страчаная.

Блаў прадавалі свае атласы з нерасфарбаванымі картамі [8, s. 15]. Вадзяны знак на паперы з атласаў 1631 г. – дзве лацінскія літары С пад каронай, сумешчаныя ў выглядзе разгорнутых у розныя бакі паўмесяцаў [9, р. 128]. З 1644 г. – фігура Атланта (Атласа), які трымае на сваіх плячах нябесны купал [9, р. 95]. У атласах 1635–1647 гг. выяўлены філіграні: сонца [9, р. 150], галава блазна ў кароне, гронка вінаграду, лацінскія літары GA [9, р. 127]. Хоць пры друкарні сям'і Блаў не было пераплётнай майстэрні, большасць атласаў захавалася ў аднатыпных цэльнаскураных вокладках крэмавага колеру з шаўковымі завязкамі замест зашпілек [8, s. 11–15]. Залатое цісненне ў выглядзе двух прамавугольных рамак, у цэнтры ўтворанага поля дэкараваны ромб, усярэдзіне якога – авальны медальён.

22 лютага 1672 г. пажар знішчыў мануфактуру Блаў. У агні загінула друкарскае абсталяванне і частка дакументацыі [9, р. 9]. Па гэтай прычыне адсутнічае аб'ектыўная інфармацыя пра наклады атласаў. Рамкі дадзенай публікацыі не дазваляюць апісаць усе прагледжаныя асобнікі. Праведзеныя намі даследаванні ў дзясятках буйных еўрапейскіх бібліятэк дазваляюць казаць пра тое, што захавалася не менш за сто атласаў, у склад якіх уваходзіць радзівілаўская карта.

Заўвагі
1 Пераклады з англійскай мовы Дзмітрыя Крохіна.
2 Пераклады с польскай мовы аўтара.

Бібліяграфічны спіс
1. Schilder G. Monumenta cartografica Neerlandica. Vol. IX / G. Schilder. Leiden : Brill-Hes & De Graaf, 2013. 578 p.
2. Schilder G. Monumenta cartografica Neerlandica. Vol. IV / G. Schilder. Alpen aan den Rijn : Canaletto, 1993. 364 p.
3. Birkenmajer L. A. Wiadomośc о mapie geograficznej Litwy Tomasza Makowskiego (z r. 1613) uważanej za zaginioną / L. Birkenmajer // Sprawozdania Akademii Umijętności. Krakόw, 1913. T. 18. № 4. S. 23-26.
4. Krogt P. Koeman’s Atlantes Neerlandici. Vol. II / compiled by Peter van der Krogt. Leiden : Brill-Hes & De Graaf, 2000. 636 p.
5. Кордт В. А. Материалы по истории русской картографии: Карты всей России и Западных её областей до конца XVII в. Киев : Кульженко, 1910. Вып. 2. 31 с., 45 табл.
6. Alexandrowicz S. Rozwoj kartografii Welkiego Księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku / S. Alexandrowicz. Warszawa, 2012. 344 s.
7. Dzikowski M. Katalog atlasow biblioteki Uniwersyteckiej w Wilnie ze szczcgolnym uwzglednieniem zbiorow J. Lelewela. Wilno : biblioteka Uniwersytetu, 1940. 677 s.
8. Goos J. Atlas Major – historia powstania / J. Goos // Blaeu Joan. Wielki Atlas XVII – wiecznego Swiata. Warszawa – Wroclaw, 1992. S. 9-12.
9. Heawood E. Watermarks: mainly of the 17th and 18th centures / Edward Heawood. Hilversum : The Paper Publications Society, 1950. 583 p.

Апублікавана з дазволу аўтара.
Матэрыял друкаваўся ў зборніку "Румянцевские чтения — 2019: материалы Международной научно-практической конференции: в 3 ч." Т.1. с. 288-293. 2019.