Гістарыяграфія першай насценнай карты ВКЛ 1613 г. у друкаваных крыніцах


Гістарыяграфія першай насценнай карты ВКЛ 1613 г. у друкаваных крыніцах

BY | RU

У 1913 г. адна неатрыбутаваная карта са збору ўніверсітэцкай бібліятэкі ў г. Упсала (Швецыя) была прадстаўлена і апісана польскім навукоўцам Л. Біркенмаерам як адзіны захаваны асобнік карты Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. У 1984 г. прафесар Гюнтэр Шыльдэр (Нідэрланды) паведаміў аб вядомым толькі яму арыгінале Радзівілаўскай карты ў бібліятэцы г. Веймар (Германія) і паставіў пад сумнеў датаванне знойдзенай раней. Публікацыя падае выкладзеную ў храналагічным парадку гісторыю згадак першай насценнай карты Літвы ў друкаваных крыніцах за чатырыста гадоў яе існавання.

У 1595 г. сын і спадчыннік знакамітага фламандца Герарда Меркатара (1512–1594) Румольд Меркатар (1541–1599) выдаў першую самастойную карту Літвы пад назвай LITHVANIA [1]. Да гэтага тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была прадстаўлена на картах толькі з землямі сумежных дзяржаў. З'яўленне LITHVANIA стала першым крокам да стварэння індывідуальнай картаграфіі ВКЛ. Карта ўвайшла ў склад аднаго з трох тамоў атласа Г. Меркатара.1 Як уся картаграфічная прадукцыя XVI стагоддзя, яна была выканана ў малым маштабе (1 : 3 000 000) і давала агульную, некалькі скажоную карціну мясцовасці [2]. На адваротным баку карты выдавец змясціў тэкст на латыні з састарэлымі звесткамі аб жыццёвым укладзе літвінаў. Гэтыя недахопы карты Меркатара не задавальнялі патрыятычныя амбіцыі літоўскай арыстакратыі. Нясвіжскі князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549–1616) стаў першым магнатам, які загадаў зрабіць дакладныя замеры літоўскай часткі Рэчы Паспалітай для стварэння новай, больш падрабязнай і сучаснай карты дзяржавы з абноўленай гістарычнай даведкай ў дадатку [3].

Князь Радзівіл хацеў прадставіць Еўропе цывілізаваную, урбанізаваную дзяржаву, абвяргаючы апавяданні замежнікаў аб непраходных пушчах, населеных паўдзікімі плямёнамі. Эскіз карты падрыхтаваў Тамаш Макоўскі (1575–1630), ён жа паставіў свае ініцыялы ў канцы апісальнага тэксту, змешчанага пад картаграфічнай выявай: T. M. Pol. Geograph.

Падрыхтаваны матэрыял быў адпраўлены галандскаму гравёру Геселю Герыцу (1581-1632), які перанёс яго на медныя пласціны. У 1613 г. карта была надрукаваная ў Амстэрдаме ў майстэрні Вілема Янсониуса (1571-1638) пад назвай MAGNI DVCATVS LITHVANIAE, CAETERARVMQVE REGIO = NVM ILLI ADIACENTIVM EXACTA DESCRIPTIO... (маштаб каля 1 : 1 300 000).

Пасля назвы карты тэкст загалоўнага картуша знаёміў з яе заказчыкам: Illss. ac Excellss. Pricipis et Dni. D. Nicolai Christophori Radziwil. D. G. Olijcae ac in Nies: wies Ducis, S. Rom. Imperii Principis in Szylo = wiec ac Mir Comitis et S. Sepulchri Hieroso = limitani Militis & c. opera cura et impensis facta ac in lucem edita. У ніжнім левым куце карты змешчаны картуш з дзяржаўным гербам Літвы і тэкстам, які заканчваецца дадзенымі пра выдаўца: Amsterodami, Excudebat Guilhelmus Janssonius sub signo | Solarij deaurati. Anno 1613. Справа ад карты Літвы выдавец змясціў малюнак ніжняй плыні ракі Дняпро (маштаб каля 1: 530 000), пры гэтым аздобіў абедзве карты агульнай дэкаратыўнай рамкай. Карта Дняпра не ўтрымлівае назвы, у яе ніжняй частцы знаходзіцца картуш з інфармацыяй аб выяве: Lectori S. Hunc Borysthenis tractum adjiciamus duo nos praecipue impulerunt ... На карце Літвы і карце Дняпра ёсць некалькі іншых дэкаратыўна-інфармацыйных віньетак [4].

У 1613 г. Г. Герыц гравіраваў адначасова некалькі карт, якія пасля сталі знакамітымі. У 1614 г. ён выправіў дапушчаныя раней недакладнасці на так званай карце Расіі царэвіча Барыса Гадунова (TABULA RVSSIAE) і змясціў на ёй вышэй герба Маскоўскай дзяржавы, паміж заходняй рамкай карты і мерыдыянам 40 град. згадку аб карце Макоўскага Thomas Makovius, in sua Lithuaniae Tabula, Kiow sub latitud. 50 gr. 10 min. Czirkassi ad 49 gr. posuit: et Oczakow 67 miliaribus versus Meridiem a Czyrcassi distantem [5] (іл. 1). Да цяперашняга часу фрагмент лацінскага тэксту Герыца прыводзіцца як аргумент таго, што змены былі ўнесены дзякуючы з'яўленню ў гравёра эскіза радзівілаўскай карты (С. Александровіч са спасылкай на В. Кордта і інш.).

Аднак поўны пераклад тэксту, апублікаваны А. Данілоўскім яшчэ ў 1901 г. ставіць пад сумнеў гэтае сцвярджэнне: «Фома Маковъ на сваёй картѣ Литвы поставилъ: Киевъ подъ широтою 50°10' Черкасы подъ 49° и Очаковъ къ Югу на разстояніи 67 миль отъ Черкасъ. Карта же, послужившая при составленіи этой карты помѣстила новый городъ Борисоградъ, Азовъ и навѣрное Астрахань на широтѣ 48°, но такъ какъ и на той и на другой помѣщены сѣверныя мѣестности слишкомъ къ сѣверу, то я также не осмѣлился съ довѣрчивостью относиться къ мѣстностямъ, простирающимся къ Югу, побужденный главнымъ образомъ ихъ неправильнымъ размѣщеніемъ относительно Константинополя. Однако Южныя мѣестности я думалъ, что могу съ маленькимъ отклоненніемъ нарисовать ниже, потому что англичане пишутъ, что они нашли Астрахань на широтѣ 46°10'»

Карта ВКЛ 1613

Каля 1621 г. Вільям Янсон быў вымушаны змяніць прозвішча на псеўданім дзеда – «blauwe Willem», для таго каб адрознівацца ад цёзкі і канкурэнта Яна Янсона [6]. Вільям і сыны, якія працягнулі сямейны бізнэс, сталі падпісваць сваю прадукцыю Блаў.

У 1631 годзе Блаў упершыню змясціў у сваім атласе Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis карту Літвы і Дняпра, аддрукаваную з матрыц 1613 г. Чатыры не склееныя аркушы ён размясціў адзін за адным, захаваўшы дэкаратыўную рамку.2 Адзіным адрозненнем гэтай версіі ад насценнай карты Радзівіла стаў аддрукаваны на адваротным баку аркушаў адрэдагаваны тэкст апісання без указання его складальніка. У тым жа годзе выдавец змяніў размяшчэнне аркушаў і абрэзаў дэкаратыўную рамку. У новай версіі атласа 1631 г. i пазнейшых атласах Блаў насценная карта была падзелена на дзве самастойныя адзінкі: склееную з чатырох фрагментаў карту Літвы і склееную з двух фрагментаў карту Дняпра [7].

У 17 стагоддзі толькі два еўрапейскія вучоныя – Марцін Цайлер (1589–1661) і Андрэас Цэларыўс (1596–1665) – пакінулі кароткую згадку ў літаратуры пра карту Літвы 1613 г. і пра князя М. К. Радзівіла як аб ініцыятары яе стварэння. М. Цайлер піша ў ульмскім выданні 1647 г. сваёй кнігі Neue Beschreibung des Königreichs Polen und Grossherzogtums Lithauen: «Gedachter Herzog Christoff mag vielleicht der Nicolaus Christophorus Radivilus, Herzog zu Oliika und Nieswiesz, des H. Römischen Reichs Fürst u. Ritter von Jerusalem, gewest seyn, der seine Reiss ins gelobte Land in etlichen Episteln beschrieben, und auff dessen Anordnung und Unkosten die grosse Lithauische Landtaffel gemacht, hernach Anno 1613 wieder, aber nicht zum besten, gedruckt, und folgends, in kleinere Form gebracht worden ist.» [8] (іл. 2).

Карта ВКЛ 1613

Андрэас Целарыўс у Regni Poloniae Magni Ducatus Lituania даслоўна пераклаў тэкст М. Цайлера пра заслугі М. К. Радзівіла з нямецкай на латынь, не дадаўшы нічога новага (іл. 3). Інфармацыя пра карту займае толькі некалькі радкоў: «Князь Крыштоф – гэта, бадай, Мікалай Крыштоф Радзівіл, князь на Алыцы і Нясвіжы, князь Святой Рымскай Імперыі і г.д., рыцар ерусалімскі, які сваё паломніцтва ў Святую Зямлю апісаў у некалькіх лістах і таксама паклапаціўся аб стварэнні ў 1613 годзе за свой кошт той вялікай геаграфічнай карты Літвы, пасля неаднаразова, але не вельмі дакладна аддрукаваную і зведзеную ў меншую форму.»3 [9].

Ян Якубоўскі (1874–1938) прывёў гэты фрагмент тэкcта з кнігі Цэларыўса ў сваёй публікацыі і там жа згадаў пра другую крыніцу – больш позняе выданне Цайлера 1663 г. [10]. Прафесар Станіслаў Александровіч (1931–2015), параўнаўшы прыведзеныя Якубоўскім апісанні карты, зрабіў выснову, што першакрыніцай можна лічыць толькі тэкст Цайлера, апублікаваны ў 1647 г. [11].

Карта ВКЛ 1613

Ужо ў XVIII стагоддзі карта Радзівіла – Макоўскага была вельмі рэдкай. Каля 1730 г. кіеўскі біскуп і бібліяфіл Юзаф Анджэй Залускі (1702–1774) наведаў Швецыю. Вядома, што ў Упсале ён не знайшоў карты Літвы, выяўленай там у 1913 г. Л. Біркенмаерам, хоць апошні лічыў, што карта трапіла ў Упсалу яшчэ падчас «шведскага патопу» [12]. Сакратар і бібліятэкар Залускага Ян Данііл Яноцкі (1720–1786) назваў карту Літвы Т. Макоўскага самай рэдкай з літоўскіх: MAGNI LITUANIAE DUCATUS TABULA GEOGRAPHICA: Lituanicarum omnium rarissima est. Я. Д. Яноцкі адзначыў, што біскуп Залускі ніколі яе не бачыў: Nec Episcopo Kiovensi, Josepho Andreae Comiti Zaluscio, patriorum monumentorum indagatori tanto, unquam visa: nec audita quidem fuit [13]. У другім томе Bibliotheca Zalusciana інфармацыя аб карце Літвы 1613 г. абмяжоўваецца паўторам лацінскага перакладу тэксту Цайлера [14].

У XIX стагоддзі польскія гісторыкі і літаратары пісалі аб карце Літвы Т. Макоўскага як аб прадмеце, пра які ўсе чулі, але ніхто не бачыў. Міхаіл Вішнеўскі (1794–1865) збянтэжыў сучасных даследчыкаў указаннем на тое, што Макоўскі не толькі стварыў эскіз карты, але і самастойна выгравіраваў матрыцу ў Нясвіжы: «Мікалай Радзівіл, пілігрым у Святую Зямлю, даручыў Макоўскаму Тамашу выгравіраваць ў Нясвіжы карту Літвы і плыні Дняпра, якая была надрукаваная ў 1613 г. у Амстэрдаме, але не так добра, а пазней паўтаралася ў паменшаным фармаце»4 [15]. Гэтыя словы не картографа, а літаратуразнаўца хутчэй за ўсё з'яўляюцца аўтарскім перакладам лацінскага тэксту Целарыўса без ўказання крыніцы. Эдвард Раставецкі (1804–1879) піша: "...карта была выдадзена ў пачатку XVII стагоддзя палякам рыцарскага саслоўя Тамашам Макоўскім. Яноцкі кажа аб ёй як аб самай рэдкай літоўскай карце і пра тое, што біскуп Залускі ня валодаў інфармацыяй аб гэтай карце, яна згадваецца ў Г.Герыца ў тэксце, змешчаным на карце Русі 1614 г.» [16]. Польскі мастак Францішак Ксаверы Прэк (1801–1863) напісаў, што князь «для выпраўлення памылковага меркавання замежнікаў аб краіне паклапаціўся аб падрабязным апісанні жыцця ў Літве, якое стала дадаткам да карты ў Atlante novo» [17]. Аўтар не толькі некарэктна паказаў назву аднаго з пазнейшых атласаў, ён наогул не ведаў пра існаванне насценнай версіі карты 1613 г.

У пачатку XX стагоддзя група польскіх даследчыкаў адправілася ў Швецыю з мэтай адшукаць і апісаць старажытнасці польска-літоўскага паходжання, якія захоўваюцца ў гэтай краіне. Адзін з навукоўцаў, Людвіг Антоні Біркенмаер (1855–1929), быў упэўнены, што знайшоў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы г. Упсала асобнік карты 1613 г., які некалькі стагоддзяў лічыўся згубленым. У 1913 г. Біркенмаер зрабіў кароткае апісанне «найрадзейшай літоўскай карты» ў навуковым зборніку. Яго публікацыя заняла крыху больш за старонку выдання. Аналізуючы кароткія і «баламутныя» (тэрмін Л. Біркенмаера) згадкі папярэднікаў аб карце, навуковец зрабіў выснову, што ніхто з іх не бачыў арыгінала, і даў першую аб'ектыўную характарыстыку асобніка, які захоўваецца ў Упсале: «Карта дубляваная на палатно, па баках злёгку пашкоджана, агульная захаванасць добрая, улічваючы трыста гадоў яе тулянняў. Не варта сумнявацца, што гэты асобнік трапіў у Упсалу ў якасці ваеннага трафея, захопленага падчас войнаў са Швецыяй. Карта замацаваная на двух афарбаваных у чорны колер драўляных валіках, якія дазваляюць захоўваць яе ў згорнутым выглядзе. Даўжыня карты – 107 см, шырыня – 82 см. Да гэтага памера трэба дадаць 5 см шырыні дэкаратыўнай рамкі, якая атачае карту з усіх бакоў. Манаграма Т. М. і змест гістарычнай даведкі ў дадатку служаць доказам таго, што апісваны прадмет ўяўляе з сябе менавіта тую карту, намаляваную і гравіраваную, па словах Вішнеўскага, Тамашам Макоўскім, польскім географам, як ён сам сябе назваў у тэксце на карце» [ 18].

У публікацыі Біркенмаера не было самага галоўнага: малюнка карты і дадзеных аб колькасці фрагментаў, з якіх яна склеена (іл. 4). Па словах навукоўца, апублікаваць фатаграфію выявіў жаданне яго калега, прафесар Ф. Фухс [19]. Верагодна, зрабіць гэта яму перашкодзіла першая сусветная вайна. У 1919 годзе Ян Якубоўскі згадаў пра тое, што атрымаў фатаграфію карты са Швецыі ад былой там праездам панны Ванды Стракоўскай, але рэпрадукцыю карты не апублікаваў [20].

Карта ВКЛ 1613

У 1923 г. Якубоўскі паведаміў аб знаходцы прафесара Генрыха Мерчынга (1860–1916) у нясвіжскім архіве ліста Сіроткі невядомаму адрасату, датаванага 1597 г. З ліста вынікала, што ў гэтым годзе работа над картай была блізкая да завяршэння. Князь згадваў пра свайго прадстаўніка (amanuensis), якога ён адправіў ва ўсе рэгіёны для правядзення зямельных замераў. Якубоўскі і Мерчынг вырашылі, што гэтым чалавекам быў Тамаш Макоўскі. Змешчаная ў кнізе рэпрадукцыя «выяўленай прафесарам Біркенмаерам карты», прадстаўленая ў спісе ілюстрацый як «выкананая Т. Макоўскім ў Нясвіжы і гравіраваная Г. Герыцам у Амстэрдаме ў 1613 г.», павінна была даць чытачу магчымасць упершыню ўбачыць выяву арыгінала [21].

Якубоўскі пісаў: «Ідэнтычнасць згаданай Геселем Герыцам (у арыгінале ў аўтара – Hessel Gerard) карты Літвы Т. Макоўскага стала відавочная з таго моманту, калі выяўленая праф. Біркенмаерам карта з Упсалы маімі стараннямі была сфатаграфаваная для параўнання яе з картай Радзівіла» [22]. У тым жа 1923 г. з'яўляецца захопленая рэцэнзія Казіміра Хадыніцкага на кнігу Якубоўскага [23].

І толькі ў 1989 г. Станіслаў Александровіч (1931–2015) звярнуў увагу на тое, што апублікаваны ў кнізе фрагмент унікальнай карты ўяўляе з сябе «на самай справе фрагмент карты з атласа Блаў 1631 г.» [24]. Хоць у адной са сваіх ранніх прац, прысвечаных карце 1613 г., С.Александровіч нават папракаў Л. Біркенмаера, які знайшоў Упсальскі асобнік, у няўважлівасці пры яе апісанні. Паводле вымярэнняў Біркенмаера, шырыня дэкаратыўнай рамкі складала 5 см, на рэпрадукцыі ў кнізе Якубоўскага - 2 см [25]. Гэту рэпрадукцыю, якая больш за паўстагоддзя ўводзіла людзей у зман, Якубоўскі пазычыў з кнігі Веньяміна Кордта (1860-1934), які апублікаваў факсіміле радзівілаўскай карты з каментаром: «Дакладных копій з карты Літвы 1613 г., акрамя адбіткаў у атласе Блаў 1631 г., здаецца, да гэтага часу не існавала» [26]. Асобнік, якім карыстаўся навуковец, да цяперашняга часу захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы г. Познань. У 1910 г., калі была надрукаваная кніга В. Кордта, ён быў адзіным, уведзеным у навуковы абарот.

Мерчынг зрабіў спасылку на В. Кордта, няправільна паказаўшы дату выдання атласа Блаў: «Як ужо гаварылася вышэй, не ўдалося адшукаць ніводнага адбітка першага выдання 1613 г. Усё нашы веды пра яго заснаваныя на яе паўторным адбітку ў амстэрдамскім атласе Блаў 1633 г., з якога сучасны выдавец праф. Кордт зрабіў новыя адбіткі ў 1910 г, на жаль, чорна-белыя, а не каляровыя, як Блаў у 1633 г. » [27]. Мерчынг паказаў замест года выдання атласа Блаў дату выпуску атласа Хондыюса, пра які Кордт казаў як пра плагіят [28]. Дзіўна, што Мерчынг не ведаў, што ўсе карты першай паловы ХVII стагоддзя размалёўвалі ад рукі, а не друкаваліся ў колеры.

Ніхто з польскіх даследчыкаў першай паловы XX стагоддзя не апублікаваў фатаграфію знойдзенага іх суайчыннікам асобніка з Упсалы. Першым гэта зрабіў літоўскі навуковец Павел Рэклайціс (1922–1999) у 1964 г. у навуковым зборніку, выдадзеным у Чыкага [29]. На думку Рэклайціса, серыя гравюр Т. Макоўскага, якія прадстаўляюць панарамныя выявы Клецка, Алыкі, Нясвіжа і іншых гарадоў ВКЛ, першапачаткова была задумана мастаком для ўпрыгожвання намаляванай ім карты Літвы і Дняпра [30]. Прафесар Гюнтэр Шыльдэр (нар. 1942 г.) удакладніў, што толькі адна ілюстрацыя з гэтай серыі знайшла прымяненне ў картаграфіі XVII стагоддзя. Панарамная выява Вільні, выкананая Т. Макоўскім каля 1604 г., былы выкарыстана Г. Герыцам як адзін з элементаў дэкаратыўнай рамкі насценнай карты Еўропы, надрукаванай у Амстэрдаме ў 1608 г. [31].

Прафесар Александравіч заўсёды быў адным з самых чытаных і цытуемых гісторыкаў картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага. Яго працы паслужылі асновай для публікацый Льва Раманавіча Казлова (нар. 1938 г.) [32] і шэрагу іншых аўтараў. Беларускі даследчык Міхаіл Спірыдонаў (1937–2017) даў сваю ацэнку падыходу С. Александровіча да аналізу інфармацыйнага зместу карты 1613 г .: Александровіч «абмежаваўся супастаўленнем колькасці населеных пунктаў на карце з адпаведнымі звесткамі з іншых крыніц. Таму яго цверджанне, што карта дае адносна дакладную карціну сеткі гарадскіх паселішчаў ВКЛ, з'яўляецца аднабокім і непераканаўчым. Не вытрымлівае навуковай крытыкі і прынятая ім традыцыйная для польскай гістарычнай картаграфіі схема адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення ВКЛ пасля рэформы ў 1565 г. Як сведчаць шматлікія крыніцы XVI ст., у многіх месцах яна не адпавядае рэчаіснасці» [33].

У імкненні абгрунтаваць верагоднасць існавання больш ранняга выдання карты, чым указана ў друкаваных крыніцах, Александровіч дапусціў шэраг памылак. Напрыклад, гравіраваны малюнак герба М. К. Радзівіла, выкананы Т. Макоўскім у 1609 г., ён прыпісаў Лукасу Кіліяну [34]. На думку прафесара, гэта быў экслібрыс князя аўтарства Кіліяна, які гравёр стварыў у 1604 г. для ўпрыгожвання першага выдання карты з недастаткова абгрунтаванай Александровічам даціроўкай 1603 г. (іл. 5). Спачатку год быў паказаны прыблізна, у архіўных дакументах, якія захаваліся не пазначаны час і месца друку радзівілаўскай карты. На некаторых дакументах адсутнічае даціроўка, яна была зроблена на падставе апісання архіўнай тэчкі.

Карта ВКЛ 1613

Здагадку прафесара некаторыя яго паслядоўнікі сталі падаваць як агульнавядомы факт. Напрыклад, да нядаўняга часу папулярная рэпрадукцыя фрагмента карты з атласа Блаў 1631 г. з адвольна змененай кампазіцыяй была падпісана: «Першая дакладная карта Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваная да выдання Т. Макоўскім пад кіраўніцтвам і на сродкі князя М. К. Радзівіла ў 1603 г. Рэпрадукцыя выканана з апошняга выдання 1613 г., з памяншэннем у 1,2 раза»5. У новай рэдакцыі 2017 г. гэтае некарэктнае апісанне было выпраўлена [35].

У апошнім, трэцім, выданні «Картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага» С. Александровіч прыводзіць састарэлую інфармацыю: «На падставе аналізу зместу і картаграфічнага апісання радзівілаўскай карты можна прызнаць існаванне толькі яе версіі 1613 г., гэта было другое выданне. Наколькі вядома, захаваўся толькі адзін такі экзэмпляр, які быў апісаны Людвікам Біркенмаерам і захоўваецца ва ўніверсітэцкай бібліятэцы ў Упсале »[36]. Александровіч не ведаў пра тое, што ў 1984 г. прафесар з Нідэрландаў Гюнтэр Шыльдэр выявіў на гарышчы замка ў Веймары некалькі насценных карт, пра якія не было вядома адміністрацыі, якая знаходзілася ў замку бібліятэкі6 [37]. Адну з іх ён атрыбутаваў як адзіны захаваны асобнік радзівілаўскай карты (іл. 6), выказаўшы свае сумневы адносна датавання карты з Упсалы: «да цяперашняга часу некаторыя лічаць, што насценная карта Літвы і Дняпра з універсітэцкай бібліятэкі ў Упсале з'яўляецца арыгіналам 1613 г. Праведзеныя мной даследаванні паказалі, што гэтая карта была склеена з 6 фрагментаў. Таму яна была створана пасля таго, як арыгінальная версія на чатырох аркушах была разрэзана на больш дробныя фрагменты для зручнага размяшчэння ў другім выданні атласа Блаў 1631 г. у выглядзе дзвюх самастойных карт: Літвы і Дняпра. Дзіўна, што змешчаны пад картаграфічнай выявай апісальны тэкст надрукаваны з арыгінальных матрыц першага выдання і захоўваўся ў Блаў 18 гадоў»7 [38].

Да паведамлення Г. Шыльдэра аб знаходцы насценнай карты ў Веймаре картографы з Нідэрландаў не былі ўпэўненыя ў дакладнасці даціроўкі асобніка з Упсалы [39] або пісалі, што месцазнаходжанне арыгінала ім не вядома [40]. Доктар Казімір Казіца (1965–2019) у каталогу міжнароднай выставы карт і дакументаў са збору Томаша Нeваднічанскага (1933–2010) назваў карту, знойдзеную Г. Шыльдэрам у Веймары, «адзіным вядомым арыгіналам 1613 г.» [41]. Каляровыя рэпрадукцыі асобнікаў з Упсалы і Веймара былі апублікаваныя Нацыянальным музеем Літвы [42].

Карта ВКЛ 1613

На мяжы XX і XXI стагоддзяў у краінах былога Савецкага Саюза адрадзілася традыцыя калекцыянавання старадаўніх карт і гравюр. Інфармацыя пра знакамітую радзівілаўскую карту абрастала чуткамі і легендамі. Самым неверагодным для аўтара публікацыі было паведамленне пра тое, што «ва Ўніверсітэцкай бібліятэцы (г. Упсала) захоўваецца ўнікальны беларускамоўны дадатак да карты Т. Макоўскага |XVII ст.|» [43]. У новай рэдакцыі гэтага тэксту вызначэнне «беларускамоўнае» было заменена на «беларускае» [44]. Пісьменнік пераблытаў радзівілаўскую карту з унікальным варыянтам карты Масковіі Антонія Віда і Івана Ляцкага, на якой змешчаны картуш, названы «Антоні Від да чытача карты»8. Мову, на якой напісаны тэкст картуша, спецыялісты вызначалі па-рознаму: стараруская, польская рускімі літарамі, старабеларуская [45].

Велізарную працу па пошуку і навуковаму апісанню геаграфічных карт, надрукаваных у Амстэрдаме, правялі навукоўцы з Нідэрландаў. У апошнім, дзявятым томе Monumenta Cartographica Neerlandica прафесар Г. Шыльдэр апублікаваў рэпрадукцыі дакументаў і лістоў, звязаных з гісторыяй з'яўлення радзівілаўскай карты і змясціў выявы вядомых яму трох яе насценных версій. На падставе ўласных даследаванняў і аналізу першакрыніц прафесар прыйшоў да высновы, што першае выданне карты варта датаваць 1613 г.: «Даказаць існаванне больш ранняй насценнай версіі карты Літвы можна толькі пасля таго, як яна будзе знойдзена. Калі б яна сапраўды існавала, то якасць малюнка было настолькі дрэннай, што карту прыйшлося перарабляць больш дасведчанаму гравёру ў Амстэрдаме. У любым выпадку, Гесель Герыц выгравіраваў насценную карту Літвы і ракі Дняпро на чатырох аркушах, якую выдаў Вільям Янсон у 1613 г.» [46]. «У літаратуры выказвалася меркаванне пра існаванне больш ранняга, каля 1600 г., выдання гэтай карты, аўтарам якой быў Тамаш Макоўскі. Аднак больш верагодным уяўляецца, што насценная карта была падрыхтавана групай спецыялістаў пад кіраўніцтвам М. Струбіча ў пачатку XVII стагоддзя і была надрукавана толькі ў Амстэрдаме» [47].

Заўвагі
1 Atlas sive Cosmographicae meditationes de fabrica mundi…T. I. Duisburg, 15952.
2 Кожны фрагмент 39,5х54,5 см.
3 Пераклад з латыні Таццяны Бажко.
4 Пераклад польскіх тэкстаў зроблены аўтарам.
5 Мінск: РУП Белкартаграфія, 2005–2016 гг.
6 Сучасная назва Бібліятэка Герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары.
7 Пераклад англійскіх тэкстаў Дмітрыя Крохіна.
8 Карта выдана ў Вільні каля 1555 г.

Літаратура >>