План горада Менска другой паловы XVIII ст. (рэканструкцыя 1934 года)


План горада Менска другой паловы XVIII ст. (рэканструкцыя 1934 года)

BY | RU

План Менска з’яўляецца ўнікальнай рэканструкцыяй забудовы горада ў другой палове XVIII стагоддзя, калі яго аблічча займела выразны рэнесансава-барочны абрыс. Дзякуючы гэтаму відарысу мы можам скласці ўяўленне аб архітэктурных формах і месцазнаходжанні некаторых малавядомых будынкаў горада. Але план мае некаторыя адрозненні ад аўтэнтычных дакументаў.

У картушы пазначаны аўтар рэканструкцыі – інжынер Тадэвуш Корзан (Корзун). План складзены цалкам на польскай мове “паводле архіўных звестак у 1920–1930-х гг.”, у правым куце пазначана дата выканання малюнка: 15.5.1934. Арыентаваны на паўночны ўсход.

план Менска

План горада Менска другой паловы XVIII ст. (рэканструкцыя 1934 года)
Plan miasta Mińska: z drugiej połowy XVIII wieku
Складальнік: Тадэвуш Корзан (Tadeusz Korzón)
Аўтар малюнка: B. Pieślak
Памер: 92 см х 69 см
Маштаб: 1 : 3 200
Нацыянальная бібліятэка Польшчы, ZZK 9429
спампаваць [17 MB]

Рэканструкцыя цікавая тым, што пералічвае камяніцы і шляхецкія сядзібы: бурмістра Матыяса Бальцаровіча, менскага старасты Ігната Іваноўскага, каралеўскага сакратара Тэадора Шышкі, браслаўскага падстолія Яна Быкоўскага, а таксама Ратынскіх, Кастравіцкіх, Сліжоў, Салагубаў, Свентарэцкіх, Жыжэмскіх, Карніцкіх, Макарэвічаў, Валадковічаў, Масальскіх, Галаўнёў, Завішаў, Тызенгаўзаў, Курковічаў, Маслянкаў, Дзерналовічаў, Віцейкаў і іншых. На Высокім рынку паказаны палац Радзівілаў.

Звяртаюць на сябе ўвагу і іншыя важныя звесткі:
– за Траецкай гарой пазначаны рэшткі гарадскога вала, які толькі часткова паказаны на сітуацыйным плане 1793 г., але ёсць на праектным плане Ф. Крамера 1797 г. Гарадскі вал правабярэжнай часткі горада мае Юр'еўскую, дзве Койданаўскія і Ігуменскую брамы;
– Узнясенская царква ў пачатку дарогі на Магілёў. У канцы XVIII ст. тут былі рэшткі старой уніяцкай царквы Узнясенскага кляштара. На праектным плане Ф. Крамера 1797 г. яна пазначана як “базыльянская пакінутая царква”; – у раёне сённяшняй плошчы Перамогі паказаны “Крыж, пастаўлены на ўспамін аб зыходзе з Менска маскоўскіх войскаў у 1788 г.”;
– адразу за мостам праз Свіслач каля Старога рынку асобна паказаны рынак Траецкай Фары;
– царква Святой Троіцы пры жаночым базыльянскім кляштары на Траецкай Гары ў параўнанні з іншымі планамі размешчана не ў тым месцы;
– на балоце паміж замкам і Татарскай слабадой пазначана Свята-Мікольскае царкавішча;
– у пачатку Казьмадзям’янаўскай вуліцы побач з кляштарам бернардзінак знаходзяцца аптэка і пошта.

У 1918 г. у занятым немцамі Мінску адбылася выстава старажытнасцяў і мастацкіх вырабаў. У каталогу выставы ў раздзеле “Старыя планы і віды” ёсць звесткі аб “Плане горада Мінска. Па старых планах і звестках апрацаваны інжынерам Т. Корзанам. Дае ўяўленні пра Мінск да 1790 года”. Далейшы лёс гэтага плана-рэканструкцыі невядомы. Верагодна, пададзены тут план 1934 г. ёсць адной з яго версій.

Сёння ўжо даволі добра вядома імя польскага гісторыка Тадэвуша Сільвестра Корзана (1839–1918), шляхціца герба “Кот”, які нарадзіўся ў Мінску. Пасля навучання ў Мінскай гімназіі стаў студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, па заканчэнні якога ў 1859–1861 гг. працаваў выкладчыкам гісторыі ў Ковенскай гімназіі. За ўдзел у палітычным жыцці напярэдадні паўстання ў 1862 г. ён быў сасланы ў цэнтральную Расію. У 1869 г. вярнуўся з высылкі і жыў у Варшаве.

Акрамя сваіх вядомых прац, прысвечаных гісторыі апошняга перыяду Рэчы Паспалітай, ён пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны “Мінск у сярэдзіне ХІХ стагоддзя”. Вядома, што 6 лютага 1872 г. у яго нарадзіўся сын Тадэвуш Тэафіл Корзан, які пражыў да 1943 г. і быў пахаваны ў Варшаве.

Вядома таксама, што на пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску жыў інжынер Тадэвуш Корзан, які працаваў дырэктарам Мінскай электрастанцыі. У 1912 г. у гарадскую думу ім быў пададзены праект пабудовы мінскага электрычнага трамвая. 27 лістапада 1913 г. мінская гарадская дума ўзгадніла праект, кіраванне было ўскладзена на інжынера Корзана. На жаль, будаўніцтва было перапынена праз Першую сусветную вайну.

Падчас заняцця Мінска польскімі войскамі ў 1919–1920 гг. інжынер Тадэвуш Корзан, не пакідаючы пасаду дырэктара электрастанцыі, становіцца лаўнікам мінскага магістрата. На першым жа пасяджэнні магістрата Корзан быў запрошаны на пасаду першага намесніка бурмістра, бо ён узначальваў, бадай, галоўнае на той час камунальнае прадпрыемства горада (мінская электрастанцыя адказвала не толькі за электрычнасць, але і за гарадскі вадаправод). У ліпені 1920 г. з заняццем Мінска савецкімі войскамі Корзан назаўсёды пакідае горад.

Вельмі падобна, што мінскі інжынер Тадэвуш Корзан мог быць сынам (або сваяком) гісторыка Тадэвуша Корзана, але пакуль немагчыма казаць аб гэтым упэўнена.

© Фрагмент тэксту з альбома "Мінск на старадаўніх карта і планах" (выданне запланавана на жнівень-верасень 2021 года).