Генеральная карта Магілёўскай губерніі 1770-я г.
Генеральная карта Могилевской губернии
1770-я годы
рукапісная, 130 х 87 см
з фондаў Бібліятэкі расійскай акадэміі навук
(бібл.шыфр: 601)
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год), на значнай частцы тэрыторыі, якія адышлі да Расійскай імперыі, была ўтворана Магілёўская губерня (1777 год). Акурат у той час паўстае шмат картаграфічных матэрыялаў па "новадалучаных" тэрыторыях, гарадах і мястэчках, як і гэта малавядомая мапа Магілёўскай губерніі 1770-80-х.
Падобныя выданні па сваім сэнсе былі блізкія да заканадаўчых дакументаў. Таму цікава прааналізаваць, што лічылася важным адзначыць на гэтай рукапіснай мапе. Іерархія значкоў у картушы адлюстроўвае перадусім стратэгічныя пытанні ўтрымання тэрыторыі: крэпасці, фарпосты ўздоўж новых межаў (і ўздоўж старых таксама), мытні і мытныя заставы, арганізацыя камунікацыі (новыя дарогі ў памежнай тэрыторыі), забеспячэння войска (хлебныя і саляныя склады) і, канешне, размяшчэнне войска.
Генеральная карта Магілёўскай губерніі 1770-я г. захоўваецца ў картаграфічным фондзе Бібліятэкі расійскай акадэміі навук пад шыфрам 601.
У расійскіх архівах і бібліятэках існуе дастаткова шмат картаграфічнага матэрыяла, які паўстаў ў XVII-XVIII стагоддзях. Яшчэ адзін цікавы прыклад, які таксама датычны ўсходняй Беларусі – "Атлас Магілёўскай губерніі 1777 года" (захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным вайскова-гістарычным архіве). Фотакопіі Атласа былі зробленыя Расціславам Баравым яшчэ ў далёкіх 90-х і зараз захоўваюцца ў архіве imago.by. На жаль гэты і іншы картаграфічны матэрыял хоць і вядомы даследчыкам з архіўных вопісаў, але фактычна не ўведзены ў шырокі даследчы ўжытак.
Акрамя атласаў тэрыторый, ствараліся атласы з планамі беларускіх мястэчак і гарадоў. Гэтая праца актыўна праводзілася пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай расійскай адміністрацыяй. Малавядомымі застаюцца багатыя матэрыялы датычныя дэмаркацыі межаў, на такіх мапах нярэдка картаграфавалася не толькі памежная лінія, але і значная частка сучаснай Беларусі, Літвы і Украіны.
Наступны > |
---|