Падобныя матэрыялы
Бітва пад Хоцінам 1673 год
Plan exact des Fortifications du Chateau de CHOCZIM sur le Niester, avec les Forts et retranchemens de l'Armee des Turcs defaite en 1673 par Jean Sobieski, General en Chef des Polonois ensuite Roi de Pologne, sous le nom de Jean III
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Pieter van der Aa
Мастак: Francois Grata
Гравёр: Rom. de Hooge
Год выдання: 1729, Лейдэн
Памер выявы: 36 х 28 см
Кошт: >600€
Гравюра была ўключана ў 16 том фундаментальнага выдання "La Galerie agreable du monde...Cette partie comprend le Danemarc, Norvegue, Suede" галандскага выдаўца Пітэра Ван дэр Аа (1659–1733). Усяго было надрукавана 66 частак, сшытых у 21 том (лічба пераплеценых тамоў вагалася ад 20 да 30), агульная колькасць карт і гравюр склала каля 3000 тысяч, для друку актыўна выкарыстоўваліся плыты іншых выдаўцоў (Блаў, Вішэра, дэ Віта і іншых). Кніга друкавалася ў Галандыі, у Лейдэне, свет пабачыла ўсяго 100 асобнікаў кнігі, але вядомы варыянт медзярыту з пазнакай у верхнім правым вуглу (Vol. IV. pag. 512), што сведчыць аб іншых перавыданнях. Кошт прыведзены менавіта для такога варыянта, арыгінальныя аркушы з'яўляюцца рэдкасцю.
Мастаком гравюры пазначаны Франсуа Грата, для 16 тома гэтага выдання ён жа стварыў партрэт Яна Сабескага, алегарычную карціну "Трыумф Яна Сабескага", а таксама яшчэ адну гравюру "La Siege et deliverance du Chateau Trembloa, par Jean Sobieski...".
Бітва пад Хоцінам адбылася 11 лістапада 1673 года падчас вайны Рэчы Паспалітай з Турцыяй 1672–1676 гадоў. Войска Польшы і Літвы пад камандаваннем кароннага гетмана Яна Сабескага атрымала бліскучую перамогу над турэцкім войскам пад камандаваннем Хусэйна-пашы, якое стала ў колішнім польскім лагеры з часоў першай Хоцінскай бітвы 1621 года. Замак капітуляваў 13 лістапада.
Акрамя гэтых выяў, звязаных з гісторый Літвы, у томе ёсць яшчэ дзве карты Рэчы Паспалітай, а таксама выява Вільні, упрыгожаная побытавымі сцэнамі з людзьмі паспалітымі на бліжнім плане, і калі для выявы горада выкарыстана састарэлая крыніца (Браўн і Хогенберг 1575 года альбо пазнейшыя перепрацоўкі), дык характары людзей, элементы вопраткі, гаспадарчыя прылады выглядаюць адпаведнымі месцу і часу – пачатку 18 стагоддзя.
< Папярэдні | Наступны > |
---|