Падпіска на навіны
"Картографические материалы" з Нацыянальнага гістарычнага архіва
Выйшаў з друку даведнік "Картографические материалы в Национальном историческом архиве Беларуси. Минская губерния".
Выданне базуецца на 1477 фондзе "Тапаграфічныя карты і планы вёсак, сёл і маёнткаў Мінскай губерні", які пераважна складаецца з рукапісных картаграфічных дакументаў. У меншай колькасці ў фондзе прадстаўлены схемы і планы крэпасцей, чарцяжы будынкаў і мастоў, гідратэхнічных пабудоў і г.д.
Агулам у даведніку ў храналагічным парадку апісаны 3873 дакументы. Самы ранні датаваны дакумент – план маёнтка Галабурды Мінскага павета Вялікага Княства Літоўскага памешчыцы Каміліі Плеваковай, складзены землямерам Осіпам Клюкоўскім у 1789 годзе. Верхнюю храналагічную мяжу ўтвараюць карты 1933 года.
Апісаныя дакументы дазваляюць даведацца аб земляўласніках, межах іх ўладанняў, размежаваннях земляў, сенакосных участках, урочышчах, планах рэк і дарог, землях цэркваў і касцёлаў і інш. Кніга забяспечана іменным і геаграфічным паказальнікамі, а таксама ўключае 64 каляровыя рэпрадукцыі.
Нагадаем, што падчас расійскай адміністрацыі склад Мінскай губерні неаднаразова мяняўся, яна ўключала Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Пінскі, Слуцкі паветы, а часам Вілейскі, Дзісненскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Пастаўскі і Рэчыцкі паветы.
Тыраж выдання 400 экзэмпляраў, кошт у кнігарнях каля 500 тысяч рублёў.
Выданне ажыццёўлена ў выдавецтве "Беларусь".