Падпіска на навіны
Выйшаў трэці том "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі"
З'явіўся ў продажы трэці том "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі", прысвечаны перыяду, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі – ад 1772 г. да лютага 1917 г. У ім адлюстраваны толькі тыя падзеі, якія адбываліся на землях, ужо падкантрольных Расійскай імперыі.
Атлас складаецца з 6 раздзелаў і гісторыка-геаграфічнага паказальніка.
Раздзелы трэцяга тома даюць уяўленне аб розных баках пазначанага гістарычнага перыяду. Шэраг карт прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйна-тэрытарыяльным пераўтварэнням на беларускіх землях. Два іншыя раздзелы адлюстроўваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё і духоўна-культурнае жыццё грамадства. У асобным раздзеле прадстаўлены вехі грамадска-палітычнага жыцця і нацыянальнага руху.
Падборка рэпрадукцый старадаўніх карт і планаў, створаных у асноўным расійскімі картографамі, адлюстроўвае працэс картаграфічнага асваення беларускай тэрыторыі новымі ўладамі.
За генеральную карту прынята "Спецыяльная карта Еўрапейскай Расіі" 1915 г. выдання, вядомая яшчэ як "карта Стральбіцкага". Карта публікуецца ў трохі павялічаным маштабе 1 : 300000, у якім выкананы генеральныя карты для двух першых тамоў атласа.
У якасці дадатку да генеральнай карты прыведзены агульны спіс населеных пунктаў беларускіх губерняў пачатку XX ст., створаны па гістарычных крыніцах таго часу. Усяго ў паказальніку прысутнічаюць назвы каля 40 000 лакалізаваных населеных пунктаў. Нагадаем, першы том быў выпушчаны ў 2009 г., другі – ў 2012. Замест запланаваных першапачаткова трох тамоў плануецца выдаць чатыры.
Трэці том атласа ўключае 352 старонкі. Тыраж выдання 1000 экзэмпляраў, кошт у кнігарнях трохі больш за мільён рублёў. Выданне ажыццёўлена РУП "Белкартаграфія".