Падпіска на навіны
Беларусь у малюнках Германа Штрука
Рыхтуюцца да публікацыі на сайце выбраныя літаграфіі Германа Штрука з альбома "Skizzen aus Litauen Weissrusland und Kurland", выдадзенага ў 1916 годзе ў Берліне.
Герман Штрук (Hermann Struck, 1876–1944) — нямецка-габрэйскі мастак.
Герман Штрук скончыў берлінскую Акадэмію мастацтваў і на пачатку 20 стагоддзя стаўся вядомым у Германіі мастаком-графікам і мастацкім тэарэтыкам. Сярод яго вучняў быў і наш вядомы зямляк — Марк Шагал.
Падчас Першай сусветнай вайны Герман Штрук служыў на Усходнім фронце, як дарадца па габрэйскіх справах бываў у Беларусі, Літве, Польшчы і Латвіі. У гэтыя часы і быў сабраны матэрыял для згаданага выдання.
З вікіпедыі даведваемся, што Герман Штрук быў адным з удзельнікаў рэлігійна-сіянісцкага руху Мізрахі, арганізаванага ў 1902 годзе ў Вільні. У 1922 годзе эміграваў у брытанскую Палестыну. Зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё ізраільскай мастацкай школы і культурнага жыцця ўвогуле. Аўтар партрэтаў вядомых сучаснікаў: Альберта Эйнштэйна, Генрыка Ібсена, Фрыдрыха Ніцшэ, Зігмунда Фрэйда, Оскара Уайльда і іншых.
У альбоме ўсяго шэсцьдзесят літаграфій, гэта жывапісныя краявіды Коўна, Мемеля (Клайпеды), Вільні, Ліды, Гродна, Беластока, Мітавы (Елгавы), Лібавы (Ліепаі); партрэты каларытных гарадскіх і местачковых абывацеляў. Літаграфіі выканы ў эскізнай манеры, на некаторых зафіксаваны ўжо зніклыя за гадамі абрысы. Сааўтарам апавядальнай часткі альбому выступіў нямецкі пісьменнік Герберт Ойленберг (Herbert Eulenberg, 1876–1949).