Падпіска на навіны
Факсімільнае выданне гравюр з "Хронікі" Марціна Бельскага
Imago facsimile – гэта праект факсімільнага друку ўнікальных графічных артэфактаў.
Першымі былі надрукаваны факсімільныя копіі рарытэтных гравюр з "Хронікі" Марціна Бельскага 1597 года выдання: "Грунвальдская бітва" і "Аршанская бітва". Другім разам плануецца надрукаваць рэдкую карту света Джавані Андрэа Вавасорэ пачатку 16 стагоддзя.
Стварэнне сапраўдных факсіміле заўжды было эксклюзіўнай ручной працай, амаль мастацкім творам, які ашчадна захоўвае не толькі форму, але і дух старадаўняга аркуша. Зрабіць сапраўднае факсіміле – гэта азначае поўнасцю паўтарыць тэхналогію, якая паўстала больш за пяць стагоддзяў таму. Мы аднавілі старыя тэхналогіі друку настолькі, наколькі гэта магчыма.
Копіі надрукаваныя на паперы, вырабленай уручную з бавоўны паводле рэцэптаў, выпрацаваных стагоддзі таму. Падрыхтоўка папяровай масы і ручная адліўка самой паперы даюць магчымасць паўтарыць старыя фактуры і аднавіць жывое ўспрыняцце аркуша.
Адмыслова створаная для кожнай выявы форма высокага друку найлепш адпавядае выразанай уручную плыце дрэварыта.
Як і паўтысячагоддзя таму, для атрымання адбітка мы выкарыстоўваем друкарскі прэс, пад ціскам якога малюнак набывае натуральны для яго рэльеф, а фарба з цалкам натуральных кампанентаў стварае неабходную шчыльнасць чорнага.
Калі набыць графічны артэфакт немагчыма, яго дакладная копія, выкананая з улікам усіх асаблівасцяў старадаўняй традыцыі, можа стаць дастойным экспанатам для музея ці прыватнай калекцыі.
imago facsimile — дзеля таго,
каб вывучаць і ведаць.
Каб ганарыцца і валодаць.
Натхняцца і ісці наперад.