Падпіска на навіны
17 палескіх малюнкаў М.Пашынскага 1920–1930-х гадоў
На продаж у шчэцінскім Antykwariat Wu-eL выстаўлены замалёўкі, якія ілюстравалі падарожны альбом М.Пашынскага (M.Paszyński). Малюнкі датуюцца 20-30-мі гадамі былога стагоддзя. У альбоме болей за дзвесці натурных аркушаў з усіх куткоў Другой Рэчы Паспалітай. 21 малюнак прысвечаны заходнім беларускім землям.
Вы пабачыце толькі 17 віртуальных аркушаў. На жаль, чатыры вельмі цікавыя накіды ўжо выкупленыя і ў выставу не ўвайшлі: гэта выявы Пінскай ваеннай флатыліі, касцёла ў Вялікай Рагозніцы, матыў са Свіслацкай пушчы і "відок" сядзібы Ажэшкаў у Заказлі.
Пра асобу аўтара нічога не вядома. Не можам нават сказаць, ці быў мастаком гэты чалавек, пераязджаў з месца на месца па службе альбо проста падарожнічаў – і рабіў эскізы з асабістых патрэб.
Малюнкі выкананы простым алоўкам і, падобна, вугалем альбо чорным алоўкам. Вобразы прывабныя сваёй лаканічнасцю, добрай кампазіцыяй. Архітэктурныя замалёўкі больш сухія, дакументальныя, адсутнасць людзей турбуе і надае метафізічнасці і адчужанасці. А вось краявіды вельмі настраёвыя і маляўнічыя, часам кранутыя вясковым сумам, а часам велічныя, з крыштальнай далечынёй і застылым небам. Рэдкія вясковыя тыпажы акрэслены наіўна і трохі нязграбна.
Няспешна гартаючы гэтыя вобразы мінулага, адчуваеш сябе быццам у плыні часу на чоўне, рух якога павольны і вызначаны.