Падпіска на навіны
Насценная карта ВКЛ 1613 года з Веймарскай бібліятэкі
Бібліятэка герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Herzogin Anna Amalia Bibliothek) была заснавана ў 1691 годзе і ўтрымлівае вялікую колькасць унікальных выданняў і старажытых дакументаў. Адносна нядаўна ў картаграфічных зборах бібліятэкі, якія налічваюць каля 10 тысяч адзінак, быў адшуканы выключны асобнік карты ВКЛ 1613 года. Карта мае прынцыповыя адрозненні ад Упсальскага асобніка.
Карта прайшла рэстаўрацыю, была знята з тканевай асновы, і знаходзіцца ў добрым стане, захавала раннюю расфарбоўку. У бібліятэцы акрамя гэтага ўніката захоўваюцца два вельмі адметныя раннія атласныя экзэмпляры гэтай жа карты 1631 года выдання (атласны – значыць, без падклеенай тэкставай паласы знізу). Адметныя яны тым, што аркушы не склеены, гэта значыць, на чатырох асобных аркушах.
Больш шырока вядомы асобнік сценнай "радзівілаўкі" з Упсальскага ўніверсітэта, Швецыя, быў адкрыты прафесарам Л.Біркенмаерам у 1913 годзе. Працяглы час ён датаваўся 1613 годам і лічыўся адзіным захаваным варыянтам склеенай карты з апісальным тэкстам унізе, Дняпром справа і дэкаратыўнай рамкай па перыметры. Але ўжо цяпер можна выказаць гіпотэзу, што гэты асобнік быў надрукаваны не раней за 1631 год, і ўпэўнена сцвярджаць, што веймарская карта больш ранняя за упсальскую.
Выява мае абмежаванні па выкарыстанні, таму, на жаль, у вольным доступе якасны файл прадстаўлены не будзе. Выява карты ўжо некалькі разоў публікавалася ў папяровых выданнях.
Нялішнім будзе нагадаць тэкст галоўнага картуша карты, падрыхтаванай у Нясвіжы і выдадзенай ў Амстэрдаме: "Вялікае Княства Літоўскае з шматлікімі краямі, што да яго належыць, дакладнае апісанне. Найсвятлейшаму і найвышэйшаму ўладару і пану Мікалаю Крыштофу Радзівілу Божай ласкаю князю на Алыцы і Нясвіжы, князю Святое Рымскай Імперыі, графу на Шылаўцы і Міры, рыцару Св. Труны ў Ерусалеме ды інш., чыім стараннем і коштам гэтая праца выйшла ў свет".