Падпіска на навіны
Альбом "Брэст на старадаўніх картах і планах" да 1000-годдзя Берасця
BY | RU
Альбом "Брэст на старадаўніх картах і планах" быў падрыхтаваны сумесна з выдавецтвам РУП "Белкартаграфія". Складальнікі і аўтары тэксту Ілля Андрэеў і Валянціна Андрэева. Альбом выйшаў накладам 1000 асобнікаў (поўнакаляровы друк, цвёрдая вокладка, павялічаны фармат, 96 старонак).
Адлік узросту Берасця вядзецца з 1017 года, калі горад быў узгаданы ў Наўгародскім летапісе. Але святкаванне 1000-годдзя Берасця праводзіцца сёлета, у 2019-м, бо да апошняга часу лічылася, што назва горада ўпершыню сустракаецца ў "Аповесці мінулых гадоў".
На карце Берасце, верагодна, упершыню адзначана ў 1154 годзе: маецца на ўвазе карта арабскага географа аль-Ідрысі. У кнізе прыводзяцца ўсе значныя карты рэгіёна да канца 18 стагоддзя, на якіх адзначаны горад. Цікава сачыць за тым, як мяняюцца ўяўленні пра наш край, удакладняюцца геаграфічныя каардынаты мястэчка.
Таксама ў альбоме змешчаны планы горада. На ранніх з іх можна ўбачыць размяшчэнне галоўных бажніц і замку, а таксама вайсковыя збудаванні: самыя старыя матэрыялы захаваліся як спадчына часоў аблогі Берасця шведамі ў 1657 годзе.
Пазнейшыя планы дэтальна паказваюць старое мястэчка на Бугу, прыведзены нават назвы даўнейшых вуліц. Выявы даюць уяўленне пра горад да часу яго разбурэння і пераносу на новае месца. Пабудова Брэсцкай крэпасці засталася па-за ўвагай аўтараў як тэма для асобнага даследавання.