Падпіска на навіны
Выйшла кніга Станіслава Александровіча "Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага"
У апошнім выданні сваёй манаграфіі гісторык Станіслаў Александровіч падсумаваў шматгадовыя даследаванні развіцця картаграфічнай справы ва Усходняй Еўропе. Ён сістэматызаваў наяўны комплекс картаграфічных крыніц і ўзняў праблему іх ужывання ў даследчай практыцы. Мапа як гістарычны дакумент заўжды падкупляе сваёй візуальнай лаканічнасцю, але нярэдка застаецца ўсяго толькі тэматычнай ілюстрацыяй праз недастатковае разуменне яе прызначэння і акалічнасцяў стварэння. Таму заслугоўвае ўвагі прапанаваная аўтарам класіфікацыя картаграфічных крыніц; разгляду гаспадарчай (уладальніцкія і межавыя карты) і вайсковай картаграфіі прысвечаны асобныя раздзелы.
Не можа не выклікаць захаплення сабраны факталагічны матэрыял, звязаны са славутай Радзівілаўскай мапай. Заслуга аўтара ў тым, што ён здолеў даказаць існаванне першага выдання Радзівілаўскай карты, падрыхтаванага ў беларускім Нясвіжы, насуперак скептычнаму меркаванню сваіх аўтарытэтных папярэднікаў (Я. Якубоўскі, К. Бучэк і інш.). Выяўленыя апошнім часам дадатковыя згадкі аб нясвіжскім выданні захоўваюць надзею, што першаўзор Радзівілаўскай карты з часам будзе адшуканы.
Выданне павялічанага фармату ў цвёрдай вокладцы, 304 старонкі. У канцы кнігі 56 каляровых рэпрадукцый рэдкіх карт і планаў з архіваў Польшчы, Літвы, Швецыі. Сярод іх важна адзначыць планы аблогі Полацка і карту Полацкага княства Станіслава Пахаловіча 1580 года, карту багнаў Палесся Даніэля Цвікера 1650 года, ананімны праект адбудовы замка Улы 1568 (?) года, план аблогі Ляхавічаў 1660 года, план бітвы пад Клушынам і план Масквы Тамаша Макоўскага.
МЕРКАВАННЕ НА ДОБРЫМ: ПРА ВЫДАННЕ КНІГІ С.АЛЕКСАНДРОВІЧА >>
ЗМЕСТ КНІГІ:
• Землі Літвы і Беларусі на старажытных і сярэднявечных картах
• Землі Вялікага Княства Літоўскага на картах Бярнарда Вапоўскага і яго паслядоўнікаў
• Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага
• Землі Вялікага Княства Літоўскага на картах 1650–1763 гадоў
• Найстарэйшыя памежныя і маёмасныя карты XVI і XVII стагоддзяў
• Пачаткі вайсковай картаграфіі