Падпіска на навіны
Знойдзены яшчэ адзін паасобнік гравюры Горадні 1568 года
Знойдзены яшчэ адзін паасобнік гравюры "VERA DESIGNATIO VRBIS IN LITTAVIA GRODNAE" Адэльгаўзера-Цюнта. Цяпер іх вядома 13, а дакладней, 12 з паловай: правая палова знойдзенай гравюры адсутная. Медзярыт паходзіць з радзівілаўскай калекцыі мап і гравюр з палаца ў Нябораве (Польшча) і прадстаўлены толькі левым з двух аркушаў. Асобнік адносіцца да другога, пазнейшага накладу і не мае тлумачальных подпісаў у картушах — мажліва, на той час плыткі з тэкстамі ўжо былі згублены. Але гравюра мела попыт з-за высокай мастацкай якасці.
Гэта ўжо трэці вядомы такі медзярыт (яшчэ два захоўваюцца ў Вене і Познані). Такім чынам, 6 паасобнікаў гравюры захоўваюцца ў Польшчы (Варшава (3), Кракаў, Познань і Няборава пад Лоддзю) і астатнія 7 — у Берліне, Вене, Вільні, Лондане, Львове, Маскве і Стакгольме. У Беларусі, па-ранейшаму, арыгінала няма.