Багдан Хмяльніцкі (1595–1657) [Th.Eu.]
Bohdan Chmielnicki Exercitus Zaporouien:
Prafectus, Belli Seruilis autor Rebellium qs
Cosaccorum et Plebis Ukraijnen: dux.
Багдан Хмяльніцкі (1595–1657) – гетман Войска Запарожскага.
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Merian
Год выдання: 1685, Франкфурт-на-Майне
Памер выявы: 11 х 13.5 см
Багдан Хмяльніцкі не быў знатнага паходжання і не меў княскага тытула, яго памкненні быць кіраўніком новай казацка-гетманскай дзяржавы, абуралі польскую шляхту, мабыць, больш чым сам факт паўстання. Сябе ён называў "единовладцем и самодержцем руським" і здолеў змяніць баланс сіл ва Ўсходняй Еўропе, а такасама заклаў падмурак у справе пабудовы незалежнай украінскай дзяржавы. Украіна, якая на Радзівілаўскай карце 1613 года досыць сціпла адзначана на поўдзень ад Кіева, на картах сярэдзіны 17 стагоддзя прысутнічае, як "зямля казакаў", вядзе ўласную палітычную гульню і займае вялікія абшары.
Чарговае казацкае паўстанне перайшло ў нацыянальна-вызвольную вайну ўкраінскага народу, накіраваную ў першую чаргу супраць польскай адміністрацыі. Па задуме Хмяльніцкага Руская дзяржава (Велике князівство Руське) павінна была ўключаць і беларускія землі. Але беларускія сяляне фактычна не падтрымалі паўстанне, а беларуская шляхта рашуча і ўдала выступіла ў абарону сваіх земляў. Альбрэхт Станіслаў Радзівіл з алыцка-нясвіскай галіны выступаў за бязлітасную барацьбу супраць казакаў, але адной з прычын паўстання прызнаваў "сілу нашых злых учынкаў і ўціск бедных". У 1649 годзе, праз год пасля пачатку паўстання, Януш Радзівіл разбіў вялікі казацкі загон Міхала Крычэўскага пад Лоевам. Для Беларусі гэтыя падзеі змяніліся больш трагічнымі: ўварваннем і акупацыяй маскоўскімі войскамі. Няхуткае вызвалення краю адбывалася пры значнай падтрымцы шышоў (узброеных сялянскіх і мяшчанскіх атрадаў).
Жонкай у старэйшага сына Хмяльніцкага – Цімаша была малодшая дачка малдаўскага гаспадара Васіля Лупу – Разанда, яе родная сястра Марыя была другой жонкай Януша Радзівіла.
Першакрыніцай для гэтай выявы і шэрагу іншых была гравюра Вільгельма Гондзі (Wilhelm Hondius, 1598?–1658?).
< Папярэдні | Наступны > |
---|