Падобныя матэрыялы
1615: Жыгімонт ІІІ Ваза (1566–1632)
SIGISMVNDVS III. D. G. POLONIAE REX. MAGNVS-DVX LITHVANIAE. RVSS. PRVS. etc. DVX.
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Nicolaes de Clerck
Год выдання: 1615, Арнэм (Arnhem)
Памер аркуша: каля 19 х 30 см
Памер выявы: 12.4 х 18.6 см
Жыгімонт III Ваза (1566–1632) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1587–1632), кароль шведскі (1592–1599). Сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны польскім каралём на элекцыйным сойме 1587 года, пасля смерці Стафана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага.
У 1592 годзе атрымаў у спадчыну шведскі трон. Але яго прага аднавіць пазіцыі каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, і ў 1599 годзе пратэстанцкая групоўка пазбавіла яго шведскай кароны. Да канца свайго жыцця Жыгімонт Ваза імкнуўся вярнуць сабе шведскую карону, уцягнуў Рэч Паспалітую ў доўгі канфлікт са Швецыяй, у якім баявыя дзеянні чаргаваліся з часовымі замірэннямі.
Аказваў падтрымку Ілжэдзмітрыю І і Ілжэдзмітрыю ІІ. Пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609–1618 гадоў. У выніку перамогі каля Клушына ў 1610 годзе Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Жыгімонта ІІІ Вазы — Уладзіслава. Гэта часова нейтралізавала москоўскую пагрозу.
За праўленнем Жыгімонта ІІІ Вазы ў 1596 была ўкладзена Берасцейская ўнія, якая яшчэ больш абвастрыла ўнутраныя супярэчнасці ў Княстве.
< Папярэдні | Наступны > |
---|