1615: Стафан Баторый (1533–1586)
STEPHANVS BATHORVS, D. G. POLONIAE REX. MAGNVS-DVX LITHVANIAE etc.
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Nicolaes de Clerck
Год выдання: 1615, Арнэм (Arnhem)
Памер аркуша: каля 19 х 30 см
Памер выявы: 12 х 19 см
Пасля ад'езду Генрыха Валуа трон Рэчы Паспалітай застаўся вакантным. Свае кандыдатуры прапанавалі князь Трансільваніі Стафан Баторый і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян II Габсбург. 12 снежня 1575 года на элекцыйным сойме каралём Польшчы і вялікім князем Літоўскім быў абраны Стафан Баторый.
Ва ўнутранай палітыцы манарх адзначыўся прыхільным стаўленнем да ліцвінаў, спрыяў эканамічнаму і культурнаму развіццю княства, чаму і да сёння шануецца ў Беларусі. Першы час свайго кіравання Баторый умацоўваў сваю ўладу, у збройнай барацьбе прымусіў прыхільнікаў Максіміліяна ІІ прызнаць сваё законнае вяршэнства. Наступным крокам Баторыя было вызваленне акупаваных маскоўцамі земляў, у тым ліку Полацка. У 1582 годзе падпісаннем Ям-Запольскага міру скончылася спусташальная 24-гадовая Інфлянцкая вайна (1558–1582). І хоць дзяржавы засталіся пры сваіх межах, вынікі для Вялікага Княства Літоўскага былі не суцяшальныя: спусташэнне найважнейшага беларускага культурнага цэнтру — полацкай зямлі, нарастаючая палітычная залежнасць ад Кароны Польскай, тэрытарыяльныя страты, выкліканыя ўмовамі Люблінскай уніі, — ўсё гэта не спрыяла сацыяльнаму развіццю і дзяржаўнаму станаўленню.
Вядома, што пры Стафане Баторыі дзеля вайсковых мэтаў ствараліся карты паўночна-ўсходніх земляў Вялікага Княства, якія пазней, верагодна, былі скарыстаны для ўкладання Радзівілаўскай карты. Да нашых часоў захвалася рэдкая карта Полацкага Княства "DESCRIPTIO DVCATVS POLOCENSIS" Станіслава Пахалавецкага, выдадзеная ў Рыме ў 1580 годзе. У копіі захавалася рукапісная карта Станіслава Сулімоўскага, што прадстаўляе полацкую кампанію 1579 года і вялікалуцкую 1580.
< Папярэдні | Наступны > |
---|