Крыштоф Арцішэўскі. General Leutenant in Brasilien
Калі перад вашым прозвішчам не ставяць к.г.н, то верагоднасць, што вам нешта вядома пра бразільскага генерала Крыштофа Арцішэўскага, невысокая. І хоць ён паходзіў з Польшчы, але лёс яго быў цесна звязаны з Радзівіламі, і за тысячы літоўскіх міль ад Айчыны ён заўжды заставаўся яе прадстаўніком. Свае веды і здольнасці ён абярнуў на яе карысць, мужнасцю і адвагай уражваў нават дасведчаных галандскіх ваякаў.
На жаль, не склалася агульная традыцыя напісання імя генерала. Увогуле, пакуль мы бачым няўстойлівую традыцыю напісання гістарычных ўласных імёнаў. У сваіх сціплых кампіляцыях мы абапіраемся на трохтомную Энцыклапедыю ВКЛ, калі гэта пытанні агульнагістарычныя; па пытаннях транслітэрацыі ўласных імёнаў і некаторых назваў, датычных картаграфіі, звяртаемся да больш паслядоўных крыніц украінскіх даследчыкаў.
Такім чынам, Арцішэўскі Крыштоф нарадзіўся ў Польшчы ў 1592 годзе ў пратэстанцкай сям'і. Выхаванне атрымліваў пры двары Крыштофа Радзівіла Пяруна. Здольны да навукі, моцны целам і духам юны шляхціч, відаць, меў асаблівую пратэкцыю ад Крыштофа Радзівіла (малодшага). Як знаўца старабеларускай мовы Крыштоф Арцішэўскі атрымаў пасаду пісара ў радзівілаўскай канцылярыі. У 1622 годзе кіраваў абаронай Біржанскага замка ад шведаў. За забойства шляхціча Бжазніцкага, які прысвоіў яго родавы маёнтак, быў асуджаны на баніцыю. Баніцыя – гэта такі цяжкі від пакарання, згодна з якім абвінавачаны губляў грамдзянскія правы і павінен быў пакінуць краіну, больш за тое, за яго забойства нават не прадугледжвалася ніякага пакарання. Найлепшым замежным месцам для пратэстанта была Галандыя, куды Арцішэўскі выехаў у 1623 годзе пры падтрымцы Радзівілаў.
У Лейдэнскім універсітэце Крыштоф Арцішэўскі вывучаў вайсковую інжэнерыю і навігацыю. З яго перапіскі з Крыштофам Радзівілам можна даведацца аб розных асаблівасцях студэнцкага побыту ліцвінаў. Праз галандскія ўніверсітэты прайшло шмат магнатаў і шляхцічаў з Вялікага Княства Літоўскага, дарэчы, сын Крыштофа Радзівіла Януш таксама атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Лейдэне.
Нідэрланды першай паловы XVII стагоддзя – гэта магутная краіна з высокім эканамічным, навуковым і культурным узроўнем, якая паспяхова адстойвала сваю незалежнасць ад Іспанскай імперыі. Агульнапрызнана, што галандскія карты і глобусы, створаныя за гэтым часам, былі лепшымі ў свеце. Пераважаючы пратэстантызм, талерантная дзяржаўная палітыка прыцягнулі шмат вольнадумных вучоных, а прыбыткі з заваяваных калоній дазвалялі фінансаваць праекты цывілізацыйнага значэння.
Спачатку Крыштоф Арцішэўскі назапашваў вайсковы досвед, прымаў удзел у Трыццацігадовай вайне. У 1629 годзе паступіў на службу галандскай Заходне-Індскай кампаніі. Гэтая гандлёвая кампанія была заснавана ў 1621 годзе і мела манапольнае права на гандаль і каланізацыю ў Амерыцы і Заходняй Афрыцы. Галандцы здолелі заняць былыя партугальскія калоніі ў паўночнай Бразіліі, на якія прэтэндавала варожая каталіцкая Іспанія.
У 1630 годзе пад камандаваннем Арцішэўскага былі захоплены гарады Алінда і Рэсіфі багатай бразільскай правінцыі Пернамбуку і выспа Ітамарака. Праяўляючы адвагу і мужнасць у шматлікіх бітвах і штурмах, Крыштоф Арцішэўскі хутка зрабіў кар'еру. На некаторы час ён стаў камандуючым галандскіх сухапутных сіл у Бразіліі. Але праз канфлікты з губернатарам Галандскай Індыі Арцішэўскі пакінуў службу і вярнуўся ў Амстэрдам.
Тое, што ў 1639 годзе ў трэцім томе "Theatrum Europaeum" Матэўс Мерыян размясціў партрэт Крыштофа Арцішэўскага побач з партрэтамі магутных прадстаўнікоў правячых дынастый і найбольш уплывовых палітыкаў, сведчыць пра яго высокую годнасць. Цвёрды і пільны погляд, ускудлачаныя валасы вечнага падарожніка. Пастава і рысы твару кажуць аб фізічнай трываласці і моцы. Гэта адзін з нешматлікіх партрэтаў з "Theatrum Europaeum", які мае неаспрэчныя мастацкія якасці.
На працягу ўсяго часу знаходжання ў Амерыцы Арцішэўскі занатоўваў свае назіранні за індзейскімі плямёнамі. Гэтыя этнаграфічныя запісы былі скарыстаны галандскім вучоным Герардам Восам (Gerard Voss) пры напісанні кнігі аб паганскіх культах індзейцаў "De theologia gentili et physiologia christiana sive de origine et progressu idolatriae", выдадзенай у 1642(?) годзе.
У 1642 годзе Ян Блаў выдаў удакладненую карту Бразіліі. Новыя звесткі былі атрыманы ад удзельнікаў Заходне-Індскай кампаніі і, магчыма, асабіста ад Арцішэўскага. Аб гэтым сведчыць тое, што карта прысвечана "адукаванаму і высакароднаму ваяру" Крыштофу Арцішэўскаму, а картуш упрыгожвае яго родавы герб "Праўдзіц". Карта арыентавана на захад, і сталася найбольш дакладнай тагачаснай картай атлантычнага ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. Кантынент на той час быў вывучаны слаба, карта мала што расказвае аб землях углыб ад берагавой лініі, на ёй прысутнічаюць некаторыя "традыцыйныя" памылкі, напрыклад, легендарнае возера Парыма, альбо Залатое возера (Parime lago), якое знікла з геаграфічных карт толькі ў XIX стагоддзі.
У 1643 годзе Крыштоф Арцішэўскі падрыхтаваў трактат пра лекі ад падагры "Epistola de podagra...", які выйшаў у выдавецтве Блаў.
Подзвігі Крыштофа Арцішэўскага ў Новым Свеце былі вядомымі і на радзіме. У 1648 годзе на запрашэнне Уладзіслава IV ён вярнуўся, былы судовы пераслед быў спынены, і Арцішэўскага прызначылі генералам артылерыі. У гэтым чыне ён скарыстаў свой вопыт для правядзення рэформаў у галіне артылерыі і вайсковай інжынерыі. Пры панаванні Яна II Казіміра Вазы прымаў удзел у вайне з казакамі, камандаваў абаронай Львова, перажыў бітву пад Піляўцамі 1648 года і Збароўскую бітву 1649 года. У абедзвюх кароннае войска было разбіта казакамі Багдана Хмяльніцкага.
Памёр у 1656 годзе і быў пахаваны ў кальвінісцкай царкве ў Лешне ў Польшчы.
< Папярэдні | Наступны > |
---|