120 год з дня нараджэння Эмерыка Гутэн-Чапскага
BY | RU
Эмерык Гутэн-Чапскі (поўнае імя Эмерык Аўгуст Войцех Гутэн-Чапскі) нарадзіўся 21 жніўня 1897 года ў Станькава пад Менскам. Паходзіў з роду графаў Гутэн-Чапскіх гербу Ляліва.
Яго бацька граф Кароль Гутэн-Чапскі таксама нарадзіўся ў Станькава і вядомы ў першую чаргу тым, што займаў выбарчую пасаду менскага галавы з 1890 па 1901. Пры ім быў дабудаваны Мінскі гарадскі тэатр, адчыненыя трамвай-конка, першая гарадская электрастанцыя, тэлефонная станцыя агульнага карыстання і іншыя грамадскія ўстановы, якія вельмі станоўча паўплывалі на развіццё горада.
Акрамя іншых заняткаў Гутэн-Чапскія былі апантанымі калекцыянерамі, мабыць, дзед Эмерыка Гутэн-Чапскага, якога звалі таксама Эмерыкам, вызначыў гэтае сямейнае захапленне. Эмерык Гутэн-Чапскі старэйшы, служачы высокага рангу ў Расійскай імперыі і буйны нумізмат, заснаваў музей ў Кракаве на зборах (у асноўным нумізматычных), якія ад пачатку захоўваліся ў маёнтку Станькава. У 1894 годзе калекцыя са Станькава была вывезена ў Кракаў, які на той час знаходзіўся ў складзе больш ліберальнай Аўстра-Венгрыі і фактычна з'яўляўся навукова-культурнай сталіцай для польскага народа.
Эмерык Гутэн-Чапскі малодшы, атрымаў выдатную адукацыю, скончыў элітарную вучэльню права ў Пецярбургу. Пасля рэвалюцыі 1917 года быў заняты ў польскіх арганізацыях у Беларусі. Па заканчэнні польска-савецкай вайны быў акруговым губернатарам у Стоўбцах. Займаўся фарміраваннем акруговай польскай адміністрацыі, заснаваў сельскагаспадарчае таварыства і філіял Чырвонага Крыжа.
З-за пагаршэння здароўя ў канцы студзеня 1923 года ён падаў у адстаўку і пасяліўся ў Сынкавіцкім лясніцтве пад Слонімам, але працягваў працаваць на розных акруговых пасадах. У 1930 і 1935 гадах абіраўся паслом на сейм ад Навагрудскага ваяводства, працаваў у розных камітэтах.
Увосені 1939 года выехаў у Францыю, працаваў у эміграцыйных польскіх установах. Пасля вайны застаўся ў Рыме, дзе працягваў працаваць на вайсковай і дыпламатычнай службе. Шмат рабіў Эмерык Гутэн-Чапскі і на грамадскай ніве, акрамя іншага дарыў каштоўныя экспанаты ў музеі Польшчы, Беларусі, Літвы і нават Італіі. У 1975 Эмерык Гутэн-Чапскі годзе перадаў у Мінскі гістарычны музей дзве літаграфіі Мінска Барталамея Люверня, а ў наступным годзе мапу Вялікага Княства Літоўскага Матэўса Зойтэра 1745 года. Памёр 31 студзеня 1979 года ў Рыме, пахаваны на польскіх могілках Прыма Порта ў Рыме. У канцы 1979 года найважнейшая частка збораў Эмерыка Гутэн-Чапскага – калекцыя мап і планаў гарадоў – была выкуплена польскімі ўладамі для Нацыянальнага музея ў Кракаве.
Эмерык Гутэн-Чапскі малодшы вядомы як збіральнік мап і гравюр. У сціслай прадмове, напісанай да першага тома "Каталога старых мап Рэчы Паспалітай з калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага і іншых збораў" ("Каталог EHC", 1978, Уроцлаў), ён апісвае сваё захапленне старымі мапамі і тое, як збіранне калекцыі было цесна звязана з яго ўласным лёсам.
Не можам не прывесці гэтую кранальную прадмову да навуковага каталога, якая ад першай асобы перадае варункі ўзнікнення адной з самых каштоўных паваенных картаграфічных калекцый па ўсходнееўрапейскіх землях (друкуецца ў нязначным скароце):
"...З маладосці цікавіла мяне і гісторыя, і геаграфія. Бібліятэка ў родным Станькава сярод тысяч тамоў утрымлівала шмат прац, узбуджаючых цікавасць. Мапы з'яўляюцца дакументамі геаграфічнымі, гістарычнымі і шматкроць маюць каштоўнасці мастацкія. Сучасныя мапы сталі ўжывацца кожнадзённа, мапы з даўніх часоў прымушаюць думаць, нагадваюць, вучаць. Якія ж цікавыя доказы развіцця ведаў чалавечых і ведання свету выяўлены на мапах! Мастацкае выкананне, майстэрская гравіроўка, дэкаратыўныя задумы робяць з даўніх мап пекныя выявы...
Папяровыя дакументы ўсіх відаў, у тым ліку мапы, было лёгка знішчыць, асабліва за войнамі і шматлікімі наездамі ў Польшчы. Пераважна драўляная забудова, снягі і дажджы не спрыялі захаванню папяровых помнікаў. Збіранне старых мап на землях Рэчы Паспалітай было цяжкой справай. Напэўна, з-за таго нам добра вядомы толькі адзін вялікі збор мап біскупа Ё.А.Залускага, які быў пазычоны Брухлу (Jan Maurycy hr. Bruhl, канюшы каралеўскага двара ў Дрэздане, планаваў выдаць Атлас Сарматыі. – заўвага перакл.) і вывезены ў Саксонію, у Польшчу не вярнуўся. "Mappografia..." Э.Раставіцкага 1846 года ўзгадвае 424 мапы, вядомыя толькі з вопісу. Так што і я распачынаў збіранне старадаўніх мап у краі, абмежаваным невялікай іх колькасцю. Калі ў трагічным верасні 1939 года пакідаў улюбёную сваю сядзібу, домік лясніка ў Сынкавічах пад Слонімам, я дастаў дзве мапы з рам. Адна з іх – мапа Г. дэ Ёдэ з партрэтам караля Стафана Баторыя – знаходзіцца ў маім зборы. Леснічоўка была разбурана, сцяны, на якой вісела мапа, ужо не існуе. Другога экзэмпляру той мапы я нідзе ня бачыў. Яна суправаджала мяне ў падарожжах, дзе ў Еўропе і Афрыцы працаваў для Польшчы і для палякаў. Мыслі мае беглі да родных мясцін: Станькава на Міншчыне, дзе паўсталі зборы майго дзеда, якія змяшчалі найвялікшы збор манет і медаляў польскіх, зборы аддадзены праз майго бацьку і дзядзьку ў Кракаў і там захоўваюцца; да Негарэлага і Прусінава над Нёманам; да Вільні, дзе на Росах пад высокім гранітным крыжам спачылі целы маіх продкаў і дзе праз шмат год браў чынны ўдзел у Радзе Ізбы сельскагаспадарчай; да Мінска, выбраным галавой якога быў мой бацька на працягу дзесяці год; да павета Стаўбцоўскага, быў першым старастам якога; да ваяводства Навагародскага, з якога быў пасланы да Сейму праз восем год; да Сынкавіч, упрыгожаных гатычным абарончым касцёлам, да бароў Рафалаўкі пад Беластокам, да Смагульца, смагулецкай весі, Голаньчы ў Вялікапольшчы, да Кракава, з якім звязаны і па бацькавай і па мацінай радзіне, і, канечне, заўжды да Варшавы, дзе было сэрца Рэчы Паспалітай. Тыя мясцовасці шукаў у першую чаргу, беручы ў рукі мапы Рэчы Паспалітай.
У Паўночнай Афрыцы: Алжыры, Марока, Тунісе, дзе быў дэлегатам Ураду Польшчы, не было гаворкі пра пошукі старадаўніх мап, цяжка было з сучаснымі. У апошнім перыядзе вайны і па заканчэнні з'явілася прыватная магчымасць набыцця мап, якія нас цікавілі, таму што выраслы попыт на мапы Амерыкі выклікаў вырыванне тых мап з атласаў з мэтай выгаднага іх продажу, а затым траплялі на рынак ужо па ніжэйшых коштах мапы, што засталіся ў разукамплектаваных атласах...
Праца мая у МЗС у Лондане, а пазней удзел у Польскай місіі вайсковай пры Галоўным камандаванні саюзных сіл (SHAEF) у Парыжы далі мне магчымасць пошукаў у тых найбуйнейшых еўрапейскіх цэнтрах антыкварнага гандлю. Знаходзяцца там найвялікшыя зборы старадаўніх мап свету, ёсць шмат экспертаў. Затым прадстаўляў Каманду Другога корпуса пры вайсковай камісіі альянса ў Рыме, і пазнейшая там занятасць дазволіла мне пашырыць маю калекцыю ў Італіі, Швейцарыі, Германіі і Аўстрыі. Некалькі мап паходзіць з Гішпаніі і Амерыкі. Збор гэты ствараўся на працягу многіх год, паволі. Шмат трэба было пасвячаць часу, падарожнічаць, але і абмежаваных сродкаў шмат трэба было ахвяраваць для гэтага збору. Меў я шчасце, так важнае для збіральніка. Паўстала багатая калекцыя, але далёкая ад поўнага завершанага збору старадаўніх мап Рэчы Паспалітай. Збор поўнасцю камплектны не існуе і мабыць не з'явіцца. Для таго, каб каталог гэты даваў як магчыма вычарпальны вобраз гістарычнай картаграфіі, нас датычнай, патрэбна было яго дапоўніць спісам найважнейшых мап Рэчы Паспалітай, якія ў зборы адсутнічаюць, часам вядомых у адным толькі экзэмпляры. Дапоўнены такім чынам каталог, перакладзены на замежныя мовы, можа стаць доказам нашага вялікага мінулага...
Рым, 1974 год"
Картаграфічная калекцыя Эмерыка Гутэн-Чапскага малодшага складалася з 772 мап ад канца 15 да паловы 19 стагоддзя. Каталог планавалася выдаць у трох частках, але выйшла толькі дзве.
Першы том выдадзены яшчэ пры ўдзеле ўласніка калекцыі ў 1978 годзе і складаецца з 82 мап, датаваных па канец 16 стагоддзя. Самыя раннія мапы калекцыі датуюцца 1482 годам, гэта пталемеўскія мапы Франчэска Берліньеры. У калекцыі прысутнічаюць некалькі асабліва рэдкіх адзінак, гэта мапа Антоніа Саламанка 1548 года (A.Salamanka, EHC21), мапа Георга Лілы і Міхаэля Трамезіні 1553 года (G.Lily, M.Tramezini, EHC28), а таксама двухаркушовая мапа Джакома Гашталдзі 1562 года (G.Gastaldi, EHC35a, EHC35b). Да рэдкіх мап адносіцца мапа Рэчы Паспалітай Герарда дэ Ёдэ з партрэтам Стафана Баторыя 1562 года (G. de Jode). Увогуле, шматлікія раннія друкаваныя мапы з'яўляюцца надзвычай рэдкімі, і таму да каталога далучаны дадатак з важнейшых мап земляў Рэчы Паспалітай з іншых збораў. Для таго часу такі дадатак быў дастаткова шырокі, уключаў вопісы 216 мап, але сёння ён можа быць дапоўнены.
Пры выданні другога тома, які рыхтаваўся пры ўдзеле Станіслава Александровіча, ураджэнца Вільні і вядомага даследчыка гісторыі картаграфіі, выкарыстоўваліся мапы толькі са збору Эмерыка Гутэн-Чапскага. Выйшаў другі том з друку ў 1992 годзе і ахоплівае 17 стагоддзе, гэта 198 мап і 48 планаў і відаў гарадоў. Вартыя ўвагі мапа Польшчы Джона Спіда 1627 года (EHC100), мапы з атласаў Блаў, сярод якіх дзве Радзівілаўскія мапы Вялікага Княства Літоўскага 1613 года (EHC119, EHC120), а таксама Генеральная мапа Украіны 1660 года Гіёма Ле Васера дэ Баплана (EHC168).
Пры апісанні мап, як вядома, прынята падаваць спасылку на рэфератыўную крыніцу альбо каталог, пазнака EHC№ з'яўляецца вядомай і аўтарытэтнай ва ўсім свеце.
< Папярэдні | Наступны > |
---|