Карта Беларускай Народнай Рэспублікі 1919 года Мітрафана Доўнар-Запольскага


Карта Беларускай Народнай Рэспублікі 1919 года Мітрафана Доўнар-Запольскага

Аслабленне Расіі падчас Першай сусветнай вайны дало шанец для значных палітычных перамен ва Усходняй Еўропе. Ажывіліся нацыянальныя рухі на ўскраінах Расіі, якія ў цэлым прайшлі падобныя этапы аслаблення сваіх сувязяў з Расіяй: ад дэкларацыі лозунгаў аб культурнай аўтаноміі ў межах Расіі праз палітычную аўтаномію і федэрацыю з дэмакратычнай Расіяй да патрабавання дзяржаўнага суверэнітэту ў 1918 годзе. Хоць з вялікім спазненнем, такія этапы праходзіў таксама і беларускі нацыянальны рух. Усе тры канцэпцыі, датычныя будучыні беларусаў, неадкладна патрабавалі вызначэння межаў беларускай тэрыторыі, незалежна ад таго ці была б там культурная аўтаномія, палітычная аўтаномія або Беларусь як суверэнная дзяржава. Праблему неабходнасці этнаграфічнага вызначэння межаў Беларусі ўпершыню ўзнялі на З'ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску 25–27 сакавіка 19171.

Тэма размяшчэння народаў у тагачаснай Усходняй Еўропе прысутнічала ў картаграфіі XIX стагоддзя, але найбольшая актыўнасць ў публікацыях нацыянальных карт (этнаграфічных і дыялектычных, як іх тады называлі) прыйшлася на крызісны перыяд І Сусветнай вайны, калі заняпад Расіі (Расійскай імперыі. – перакл.) даў спадзеў на новыя палітычныя падзелы ў гэтай частцы Еўропы. Разам з ростам зацікаўленасці ўласным народам і яго будучыняй асаблівую папулярнасць набыла каляровая рускамоўная карта пад назвай “Этнографичеcкая карта белорусскаго племени”, апублікаваная ў 1903 годзе як дадатак да працы Яўхіма Карскага “Белоруcы: Введедение в изучение языка  и народной словесности”. Я. Карскі (1861–1931) быў мовазнаўцам, прафесарам і рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта, пазней прафесарам Пятраградскай Акадэміі навук; у снежні 1917 года быў абраны ганаровым кіраўніком І Агульнабеларускага з’езда. Я. Карскі вызначыў этнаграфічныя межы Беларусі, абапіраючыся толькі на моўны крытэр, без уліку іншых прыкмет, такіх як фальклор або абраднасць. За метад прыняў распаўсюджанасць розных беларускіх гаворак, якія падзяліў на шэсць груп у залежнасці ад характару акання і спосабу вымаўлення зычнай “р” – галоўных прыкмет беларускай мовы. У 1917 годзе з'явілася другое выданне гэтай карты, пад такой самай назвай, але з папраўкамі. Змянілася трохі яе мэта: акрамя нагляднай ролі яна павінна была таксама выконваць палітычную функцыю. Таму змест карты быў скарочаны (змены ў легендзе, абазначэнні межаў моўных абласцей зніклі, сама ж карта 1917 года выдання значна больш дэталёвая. – перакл.), прадстаўляла яна этнаграфічную беларускую тэрыторыю як цэласную: на ёй не вылучаны ніякія гаворкі, затое выразна адзначаны знешнія межы з невялікімі памежнымі карэкціроўкамі.


"Этнографическая карта Белорусскаго племени" Я. Карскі. Выданне 1918 года (першае выданне апублікавана ў 1917 годзе)

25 сакавіка 1918 года Трэцяя Устаўная грамата абвясціла паўстанне Беларускай Народнай Рэспублікі, якая павінна была ахапіць сваімі межамі прастору рассялення і колькаснай перавагі беларускага народа: Магілёўшчыну, таксама беларускія часткі Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадней і Беластокам), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і “сумежныя часьці суседніх губерняў, заселеныя беларусамі”2. Гэтае вельмі агульнае апісанне межаў цалкам адпавядала азначэнням Я. Карскага.

Аднак яшчэ вясной 1918 года беларускія дзеячы не займалі адзінай пазіцыі ў дачыненні да праходжання дзяржаўных межаў – ні як дзяржавы ў складзе федэрацыі, ні як суверэннага суб'екта міжнароднага права. Балючым, хоць у выніку канструктыўным вопытам былі размовы пра агульную беларуска-ўкраінскую мяжу, праведзеныя вясной 1918 года ў Кіеве з прадстаўнікамі Украінскай Народнай Рэспублікі3. Пад уплывам кансультанта беларускага боку Мітрафана Доўнар-Запольскага беларускія дэлегаты прынялі пазіцыю па праходжанню беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы: бегчы павінна была яна ўздоўж паўднёвых межаў гарадзенскай і менскай губерній4. Той канцэпцыі не паспелі ўжо прадставіць прадстаўнікам УНР: пераварот Паўло Скарападскага прывёў да спынення двухбаковых перамоваў.

У траўні 1918 года Народны Сакратарыят замежных спраў прызначыў спецыяльную камісію, задачай якой было апісанне праходжання межаў БНР і распрацоўка карты. Працы над апісаннем мяжы працякалі, аднак, павольна і гразнулі ў партыйных дыскусіях. У дакуменце пад назвай “Межы БНР”, складзеным, найхутчэй, познім летам 1918 года, апісваліся межы рэспублікі з Польшчай, Літвой, Расіяй, Курляндыяй (!), Інфлянтамі (!) і Украінай5. Дакумент выказвае ў асноўным пазіцыю Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, якая займала цэнтральнае месца ў Радзе Рэспублікі і лічылася пераемніцай ідэй і думак І Усебеларускага з’езда. У сваёй працы камісія абапіралася ў асноўным на карту Я.Карскага 1917 года і “апошнія нямецкія карты, якія з'явіліся ў канцы сакавіка ў Менску”6 (гаворка, мабыць, пра выдадзеную ў 1918 годзе карту Дз. Шэфера). Больш за ўсё спрэчак выклікала межаванне з Украінай.

У згаданым дакуменце ўказаны пасады сябраў Рады БНР. Яны схіляліся да канцэпцыі гістарычных межаў на поўдні (згодна з канцэпцыяй М. Доўнар-Запольскага), спасылаліся таксама на нацыянальную сітуацыю, выказваючы перакананне аб прабеларускіх сімпатыях палешукоў, “якія з'яўляюцца больш беларусамі, чым украінцамі”7. Шчыра, аднак, адзначалі, што іншы погляд на дзяржаўную прыналежнасць Палесся выказвае Я. Карскі, а таксама нямецкія і ўкраінскія даследчыкі. На чале камісіі па справах распрацоўкі стратэгічнай карты БНР стаяў Дзмітрый Бетхер, палкоўнік былога рускага Генеральнага штабу8. Да калектыву прынялі тых асоб, “якія цэлую вайну правялі на тэрыторыі Беларусі і выдатна пазнаёміліся не толькі з таямніцамі, вайсковым апісаннем рэгіёна, але таксама з жыццём яго жыхароў дзякуючы сваёй працы на былым расійскім Заходнім фронце”9. Можна выказаць здагадку, што гэта было кола, рэкрутаванае з былых вайскоўцаў, але, відаць, не выхадцаў з беларускіх зямель. Калектыў, жадаючы дакладна вызначыць межы Беларусі, ужо з самага пачатку сутыкнуўся з шэрагам цяжкасцяў, пра што палкоўнік Бетхер пісаў 1 жніўня 1918 года да Народнага Сакратарыяту з просьбай аб вызначэнні найбольш важных задач і мэтаў10.

У тым жа 1918 годзе ў Менску з'явілася невялікая, вельмі схематычная карта межаў Беларусі, якую распаўсюджвала тутэйшае Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына”11. Акрэслены на карце абрыс тэрыторыі адпавядаў канцэпцыі межаў Беларусі, прынятай Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў: праходжанне межаў на захадзе, поўначы і ўсходзе адпавядала карце Я. Карскага, на поўдні ж канцэпцыі М. Доўнар-Запольскага.

карта БНР

Выпрацоўка беларускай пазіцыі ў справе межаў будучай беларускай дзяржавы была патрэбна да чаканай мірнай канферэнцыі. Суседзі беларусаў - літоўцы, украінцы, палякі – ужо з даўніх часоў прапагандавалі свае тэрытарыяльныя імкненні пры пасярэдніцтве картаграфіі. Літоўскі нацыянальны дзеяч Ёзас Габрыс-Парашайціс (J.Gabris-Parašaitis) заснаваў у 1911 годзе ў Парыжы Літоўскае інфармацыйнае бюро, у 1915 годзе перанесенае ў Лазану. Там да 1919 года яго супрацоўнікі распрацавалі некалькі карт Літвы, у тым каляровую пад назвай “Carte de la Lituanie”, якая прадстаўляла тэрытарыяльнае развіццё ВКЛ і сучаснае размяшчэнне літоўцаў. Украінскі географ і картограф Сцяпан Рудніцкі ў 1918 году выдаў у Вене вялікую карту пад назвай “Оглядова карта українських земель”, якая стала асновай для распрацоўкі карты дзяржаўных межаў Украіны. Двума гадамі раней Эўгеніюш Ромер (Eugeniusz Romer), таксама ў Вене, апублікаваў шырокі наглядны “Geograficzno-statystyczny atlas Polski”. Змясціў у ім шмат тэматычных карт Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай да 1772 года (разам з Сілезіяй), а таксама нацыянальныя карты. Пры Польскай мірнай дэлегацыі паўстала Бюро кангрэсовых прац, якое на патрэбы польскай дэлегацыі прапрацоўвала разнастайныя пытанні картаграфічным шляхам. Частка з гэтых карт, якія прадстаўляюць між іншым нацыянальныя ўзаемаадносіны, потым была выдадзена Э. Ромерам як “Polski atlas kongresowy” (Львоў–Варшава, 1921)12.

На мяжы 1918 і 1919 года таксама і беларусы канчаткова вызначылі пазіцыю па тэрытарыяльным укладзе дзяржавы. У 1919 годзе выдавецтва Вільгельма Гартмана ў Берліне апублікавала каляровую карту пад назвай “Карта Беларускай Народнай Рэспублікі / Carte de la République Democratique Blanche-Ruthénienne" у маштабе 1: 2 000 000. Назва і легенда карты складзены на дзвюх мовах: беларускай і французскай. Па-французску былі пазначаны таксама назвы дзяржаў: Lettonie, Lithuanie, Allemagne, Pologne, Ukraine, Russie і Ruthenie Blanche. Назвы мясцовасці на беларускай тэрыторыі (Ruthenie Blanche) былі запісанымі лацінскім шрыфтам пры ўжыванні ў цэлым правілаў транскрыпцыі з рускай мовы, напр. Čečersk, Rogačew, Bjelsk, Suchavolja. Аднак варта звярнуць ўвагу на тое, што тых правілаў не прытрымліваліся паслядоўна, часта з'яўляюцца элементы, характэрныя для транскрыпцыі з нямецкай мовы: напрыклад, Sluzk, Rěčiza, Klezk, Ceremcha, Dsatlovo, а таксама назвы, якія нагадваюць запіс геаграфічных назваў з гэтай тэрыторыі, прыняты ў польскай мове, напрыклад, Smorgoń. Усё гэта стварае ўражанне, што геаграфічныя назвы пераносіліся з рускай мовы, але непасрэдны пераклад здзяйсняла асоба, для якой роднай мовай была нямецкая.

Галоўнай мэтай гэтай публікацыі было жаданне прадставіць беларускія памкненні да самастойнага дзяржаўнага існавання перад удзельнікамі мірнай канферэнцыі. Таму назва і легенда карты пададзены на французскай, тагачаснай дыпламатычнай мове. Выкарыстанне беларускай мовы павінна было падкрэсліваць незалежнасць беларусаў ад суседзяў, у тым ліку ўсходніх, бо з імі на ранейшых нацыянальных картах былі злучаны ў адзін народ.

Упершыню на карце былі паказаны межы беларускай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе ўсходняя мяжа з Расеяй фактычна не адрознівалася ад этнаграфічнай мяжы, устаноўленай Я. Карскім. Пачыналася на поўдні ад мясцовасці Грамяч над Дзясной Ноўгарад-Северскага павета Чарнігаўскай губерні; гэта было месца, у якім сутыкаліся межы трох дзяржаў: Украіны, Расіі і Беларусі. Потым ішла праз заходнюю частку Трубчэўскага і Бранскага паветаў Арлоўскай губерні, потым уздоўж Калужскай губерні, захопліваючы ў ёй толькі невялікія часткі Масальскага і Жыздрынскага паветаў. Да БНР належала таксама ўся Смаленская губерня, акрамя Вяземскага павета, паўднёвая частка Цвярской губерні з паўднёвай часткай Асташкаўскага і Ржэўскага паветаў, а таксама паўднёвыя часткі Апочацкага, Вялікалуцкага, Таропецкага паветаў Пскоўскай губерні. Потым лінія дэлімітацыі ішла паўночнай мяжой Невельскага і Себежскага паветаў Віцебскай губерні.

На паўночным усходзе з Беларуссю суседнічалі Латвія і Літва. Мяжа з Латвіяй пачыналася ў ваколіцах Корсаўкі Люцынскага павета Віцебскай губерні. Люцын заставаўся ў межах Латвіі, але паўднёва-заходняя частка былога павета, цэнтрам якога ён быў, ляжала ўжо на тэрыторыі БНР. Потым мяжа бегла ўздоўж заходняй і паўднёвай мяжы былога Рэжыцкага павета Віцебскай губерні, які аднак, заставаўся з латышскага боку. Затое да тэрыторыі Беларусі залічвалася паўднёвая частка Дзвінскага павета разам з Дзвінскам (Дынабургам).

Недалёка на поўдзень ад Дзвінска пачыналася мяжа з Літвой. У межы Беларусі былі ўключаны паўднёвая і цэнтральная часткі віленскага павета разам з Вільняй, паўднёва-ўсходняя і паўднёвая часткі Троцкага павета і Гарадзенскі павет. Беларуска-літоўская дзяржаўная мяжа, паказаная на гэтай карце, была перамешчана далей на поўнач адносна моўнай мяжы, праведзенай на карце Я. Карскага. Такім чынам, з беларускага боку засталася паўднёва-ўсходняя частка Новааляксандраўскага (Язяроскага) павета, якая ахоплівала Браслаўскае паазер’е, і вялікая частка Свянцянскага павета разам са Свянцянамі (літоўцам была пакінута толькі невялікая яго паўночая частка), а таксама гарады Новыя Трокі, Еўе і Араны. Межы БНР мелі намер таксама ахапіць і паўночную частку Лідскага павета, Гарадзенскі павет, таксама паўднёвую частку Сейненскага павета і паўднёвую частку Сувалкаўскай губерні, аднак ужо без Сувалкаў і Сейнаў, якія хоць і ляжалі на самай беларуска-літоўскай мяжы, пакідаліся на баку Літвы. Такім чынам у межы Беларусі траплялі абшары, заселеныя не толькі беларускамоўным насельніцтвам, але таксама і такім, якое карысталася ў большасці літоўскай мовай.

Відаць, такія ўдакладненні былі вынікам працы “камісіі прафесараў” (Я. Карскага, М. Доўнар-Запольскага, М. Любоўскага, А. Шахматава), скліканай на з’ездз у Менску ў сакавіку 1917 года для вызначэння этнаграфічных межаў Беларусі13. Аднак больш верагодна, што такое вызначэнне межаў было прадыктавана жаданнем ўключыць у склад Беларусі ўчастак чыгуначнай лініі Варшава – Пецярбург. Злучала яна важныя чыгуначныя вузлы і гандлёвыя цэнтры: Дзвінск, Вільню, Горадню, Беласток. Пры такім вызначэнні мяжы ўчастак гэтай важнай чыгуначнай лініі на шляху Горадня – Дзвінск цалкам заставаўся на тэрыторыі Беларусі, прабягаючы ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы. Гэта таксама ліквідавала глыбокі клін у беларускую тэрыторыю (вылучаны Я. Карскім).

На паўночным захадзе суседам БНР была Нямеччына. Мяжа на кароткім адрэзку праходзіла праз усходнюю частку Ломжынскай губерні, дакранаючыся да заходняй мяжы Беластоцкага павета Гарадзенскай губерні. На тэрыторыі Беларусі апынуліся гарады Граева і Шчучын, якія знаходзяцца на абшары з відавочнай перавагай польскага насельніцтва, Штабін і крэпасць Асавец, а таксама чыгуначная лінія, якая злучала Беласток праз Граева з Элкам, што знаходзіўся ўжо на тэрыторыі Усходняй Прусіі.

На захадзе на не вельмі доўгім адрэзку Беларусь суседнічала з Польшчай. Мяжа праходзіла ўздоўж мяжы Граеўскага павета Ломжынскай губерні і заходняй мяжы Беластоцкага павета да чыгуначнай станцыі Лапы, размешчанай па польскім баку. Адтуль ішла простай лініяй на поўдзень праз цэнтр Бельскага павета да Мельніка над Бугам, дзе сыходзіліся межы трох дзяржаў: Польшчы, Беларусі і Украіны. Незразумела, чаму з польскага боку пакінулі паўднёва-заходнюю частку Бельскага павета Гарадзенскай губерні з Цеханоўцам14 і нават з Драгічынам-на-Бугу, не ўлічваючы рускай гістарычнай мінуўшчыны гэтага цэнтра і нацыянальнага складу ваколіц. Ход мяжы на карце застаецца выразна супярэчлівым з выказанымі раней і пазней поглядамі на прыналежнасць да тэрыторыі БНР усёй Гарадзенскай губерні (з Беластоцкім, Бельскім і Сакольскім паветамі)15.

Ад Мельніка пачыналася суседства з Украінай. Лінія размежавання праходзіла ўздоўж Буга праз Берасце да Уладавы, абапіраючыся на паўднёвую мяжу Гарадзенскай і Менскай губерняў. На паўднёвым усходзе тэрыторыі БНР апынуліся: паўночная ўскраіна Гародненскага павета, Суражскі, Мглінскі, Старадубскі, Навазыбкаўскі паветы, а таксама паўночная частка Ноўгарад-Сіверскага павета Чарнігаўскай губерні. Магілёўская губерня цалкам ляжала на тэрыторыі Беларусі. Прадстаўлены на карце ход паўднёвай мяжы цалкам адпавядаў канцэпцыі М. Доўнар-Запольскага: Берасцейскі, Кобрынскі, Пінскі, Мазырскі, Гомельскі і Рэчыцкі паветы трапілі ў склад БНР.

”Карта Беларускай Народнай Рэспублікі” ў 1919 годзе была далучана да трох выданняў, арыентаваных на мірную канферэнцыю. Апублікавана была таксама асобна як насценная карта. Аднак часцей была звязана з брашурай пад назвай ”Асновы дзяржаўнасці Беларусі” аўтарства Мітрафана Доўнар-Запольскага, якая была выдадзена ў Горадне на некалькіх мовах накладам Міністэрства беларускіх спраў пры Урадзе Літвы. Яе аўтар абгрунтоўваў патрэбу стварэння самастойнай беларускай дзяржавы як дэмакратычнай рэспублікі. Аргументацыю прыводзіў як даследчык гістарычных працэсаў. Маючы за фон гісторыю беларускіх зямель, засяродзіўся на традыцыі дзяржаўнасці беларусаў, спасылаючыся на рускія княствы, Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую, але не на Расію. Сувязь з ёй для беларускай культуры і развіцця нацыі ацэньваў негатыўна.

Асновы дзяржаўнасці Беларусі, М.Доўнар-Запольскі

Карта БНР была таксама далучана да петыцыі, падрыхтаванай для ўдзельнікаў мірнай канферэнцыі дэлегацыяй Урада Беларускай Народнай Рэспублікі на некалькіх мовах. У англамоўнай версіі яна называлася: “Petition presented by the Delegation of the Gouvernment of the White Ruthenian Democratic Republic”. Свой подпіс пад ёй 22 студзеня 1919 года ў Горадні паставіў старшыня Рады БНР і міністр замежных спраў Антон Луцкевіч. У гэтым афіцыйным дакуменце, накіраваным да ўрадаў вялікіх дзяржаў, А. Луцкевіч апавяшчаў пра абставіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, яе межы, а таксама пра дзяржаўніцкія памкненні беларусаў. Ён заклікаў да прызнання незалежнасці рэспублікі і дапушчэння дэлегацыі Ураду БНР да пасяджэнняў Кангрэса, каб яна магла прадставіць сваю пазіцыю і аргументы ў інтарэсах стварэння беларускай дзяржавы.

Таксама ў 1919 годзе з'явілася кніга Вальтэра Егера “Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte”, апублікаваная ў Берліне ў выдавецтве “Verlag Karl Curtius”. Карта, якая ўзгадваецца ў назве, гэта тая самая карта БНР. В. Егер быў вядомай асобай у беларускім асяроддзі. Літаратар, у 1915–1918 гадах як афіцэр 10-й нямецкай арміі знаходзіўся ў Вільні. Працаваў у рэдакцыі газеты “Der Zeitung der 10 Armee”, стараючыся пазнаёміць нямецкіх жаўнераў з мінулым і культурай не вельмі добра вядомай краіны. У Вільні сустракаўся з беларускімі дзеячамі, згуртаванымі вакол Івана Луцкевіча. Нявеста Луцкевіча Юльяна Мэнке, пазнейшая жонка Лявона Вітан-Дубейкаўскага, праз шмат гадоў успамінала аб дапамозе, якую яна аказвала В. Егеру ў перакладах тэкстаў на нямецкую мову16. У яе апублікаваных успамінах знайшоўся здымак Вальтэра з віленскага побыту: станісты бландын за рэдакцыйным сталом.

Walter Eher

Хаця В. Егер фігуруе на вокладцы як аўтар кнігі, выканаў ён, відаць, ролю навуковага рэдактара, кніга, як вынікае з прадмовы, з'яўляецца працай калектыўнай. З-пад яго пяра, магчыма, выйшлі раздзелы, якія апісваюць тэрыторыю і насельніцтва Беларусі. Тыя тэксты не падпісаныя, такім чынам, можна меркаваць, што апрацаваў іх В. Егер. Хоць прозвішча аўтара часткі, датычнай гісторыі Беларусі, таксама не фігуруе ў загалоўку раздзела, з прадмовы даведваемся, што быў ім доктар Дзітман, адвакат з Горадні. У 1919 годзе Валянцін фон Дзітман быў дарадцам Дыпламатычнай місіі БНР ў Берліне. Іншыя раздзелы былі падпісаныя. Такім чынам, матэрыялы, якія тычацца геаграфіі і эканомікі Беларусі напісаў Пётра Крачэўскі (у прадмове адзначана, што яны былі выдадзены ўжо раней Беларускай дыпламатычнай місіяй у Берліне), доктар Альберт Іпель пра беларускую культуру, прафесар доктар Рудольф Абіхт (1850–1921) нямецкі славіст, які раней пісаў для газеты 10-й арміі, апісаў літаратуру беларускага адраджэння і змясціў фрагменты літаратурных твораў Тараса Гушчы (або Якуба Коласа), анталогію песень і паданняў, а таксама апісанні беларускіх абрадаў, запазычаныя ў фалькларыстаў.

Карта БНР не была падпісаная імем і прозвішчам, не ўказана таксама на ёй даты ўзнікнення. Аналізуючы змест карты і кніг, паспрабуем, аднак, знайсці адказ на гэтыя асноўныя пытанні.

Адпаведнасць ходу паўднёвай мяжы, праведзенай на карце, канцэпцыі М. Доўнар-Запольскага, паказвае на тое, што карта паўстала ўжо пасля перамоў у Кіеве ў красавіку 1918 года і прыняцця беларускім бокам яго канцэпцыі паўднёвай мяжы. Калі б карта існавала ўжо падчас тых перамоў, то, без сумневу, была б прадэманстравана ўкраінскаму боку. Тое, у сваю чаргу, знайшло б адлюстраванне ў пратаколах камісіі, якія захаваліся ў архіўных зборах у Вільні і Кіеве і досыць дэталёва апісваюць карты, якімі карысталіся тады абодва бакі. Таксама нічога невядома, каб наступная дэлегацыя з Антонам Луцкевічам на чале, якая прыбыла ў верасні 1918 года ў Кіеў з мэтай вядзення перамоў з новым украінскім урадам, мела з сабой карту з акрэсленымі межамі БНР. В. Егер падаючы лік насельніцтва Беларусі, звяртаецца да дадзеных 1 студзеня 1919 года17. Пры апісанні тэрыторыі Беларусі ён неаднаразова гаворыць пра карту, відаць, у працэсе напісання кнігі яна была ўжо яму вядомая, невядома, аднак, у форме публікацыі або чарнавіка. 22 студзеня 1919 года А. Луцкевіч склаў свой подпіс пад петыцыяй, скіраванай да ўдзельнікаў мірнай канферэнцыі. Ці існавала карта ўжо тады? Калі так, то можна дапусціць, што ўзнікла яна паміж восенню і пачаткам студзеня 1919 году, паколькі мы прымем, што апублікавана яна была да пачатку Версальскай канферэнцыі 18 студзеня 1919 года. Васіль Захарка, тагачасны намеснік кіраўніка Рады Народных Міністраў БНР, у лісце да А.Луцкевіча, напісаным 2 верасня 1919 года ў Берліне, паведамляў, што перасылае яму 60 асобнікаў карты БНР, а “ўсе астальныя экзэм[пляры] разасланы па ўсяму свету18”. У той жа час інфармаваў аб тым, што кніга В.Егера “аддадзеная нам, ужо друкуецца і на днях будзе гатова19”. Паслядоўнасць выпуску прац, да якіх была далучана карта, ўяўляецца наступнай: першай у студзені 1919 года з'явілася петыцыя А. Луцкевіча, не пазней канца жніўня было апублікавана даследаванне М. Доўнар-Запольскага, на пачатку верасня кніга В. Егера, да якой напэўна была далучана карта БНР.

Выданне карты БНР было прафінансавана Беларускай дыпламатычнай місіяй ў Берліне. Аб выданні карты Беларусі з ,,паляпшэннямі і дапаўненнямі” паведамляецца ў справаздачы, складзенай Л. Зайцам, прадстаўніком БНР у Берліне, на адным са сходаў, які адбыўся 10–12 лістапада 1919 г. з удзелам дэлегатаў БНР на Парыжскую Мірную Канферэнцыю20. На сходзе прысутнічалі: Яўген Ладноў, у якасці міністра абароны і выканаўцы абавязкаў кіраўніка дэлегацыі, Я. Бялевіч – удзельнік парыжскай дэлегацыі і сябра Рады Рэспублікі, Лявон Дубейкаўскі – дыпламатычны прадстаўнік БНР у Польшчы, Пётра Крачэўскі – дыпламатычны прадстаўнік БНР у Літве і В. Захарка – выканаўца абавязкаў міністра фінансаў. Абмяркоўваючы захады, распачатыя Місіяй у інтарэсах распаўсюджвання ідэі незалежнасці, адзначалася таксама публікацыя новай кнігі пра Беларусь на нямецкай мове, друк першых замежных пашпартоў БНР, а таксама паштовак з гербамі беларускіх ваяводстваў. Выдання чакалі кнігі А. Цвікевіча “Беларусь” і К. Езавітава “Беларусы і палякі”, перакладзеныя на нямецкую мову.

“Кніга аб Беларусі па-нямецку”, пра якую гаварылася ў справаздачы – гэта,  хутчэй за ўсё, праца В. Егера, а “карта з паляпшэннямі і дапаўненнямі” –можна казаць дакладна, ”Карта Беларускай Народнай Рэспублікі”. Можна дапусціць, што інфармацыя аб зробленых на ёй паляпшэннях і дадатках адносіцца да адрозненняў вызначэння мяжы паміж гэтай картай і картай Я.Карскага (мяжа на поўдні, на поўначы і на захадзе). У прадмове да сваёй кнігі В. Егер склаў падзяку Беларускай дыпламатычнай місіі ў Берліне за магчымасць публікацыі, словы ўдзячнасці адрасаваў таксама прафесару Р.Абіхту. Да яго накіравалі падзякі лістом ад 28 лістапада 1919 года Л. Заяц, прадстаўнік БНР ў Берліне, і сакратар Місіі доктар Паўлоўскі. У студзені 1921 года Вацлаў Ластоўскі, звяртаючы ўвагу на невялікую колькасць публікацый на тэму Беларусі ў нямецкіх перыядычных выданнях, загадаў работнікам місіі ў Берліне разаслаць да рэдакцый замежных газет кнігі В.Егера “Weissruthenien”. У адказе ад 21 лютага 1921 атрымаў пацверджанне выканання даручэння21.

У справаздачы Місіі няма гаворкі пра брашуру М. Доўнар-Запольскага, таму што выдала яе Міністэрства беларускіх спраў пры Урадзе Літвы, а друкавалася яна ў Горадні. Аднак аўтарам карты БНР, хоць яна і засталося не падпісаная, часта лічыцца Мітрафан Доўнар-Запольскі22. Яго брашура досыць хутка трапіла ў рукі чытачоў і дзякуючы перакладу на некалькі моў стала вядомай у іншых краінах. Да сёння, зрэшты,  без вялікай цяжкасці яе рознамоўныя версіі можна знайсці ў бібліятэках Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Літвы, Англіі. Ужо 1 верасня 1919 г. у трэцім томе ўкраінскага часопіса “Воля”, выдадзенага ў Вене, рэдакцыя змясціла рэцэнзію на брашуру M.Доўнар-Запольскага “Die Grundlagen des Staatswesens Weissrutheniens”, якая выйшла ў Горадні ў 1919 годзе. Аўтар рэцэнзіі, напісанай па-ўкраінску, схаваўся пад ініцыяламі А.Х.23

Можна меркаваць, што М. Доўнар-Запольскі цікавіўся пытаннем межаў Беларусі, удзельнічаў у працы картаграфічнай камісіі для вызначэння этнаграфічнай мяжы паміж Літвой і Беларуссю, валодаў пэўнымі ведамі пра картаграфію, датычную гэтага абшару. У яго асабістых дакументах, якія захоўваюцца ў Кіеве, знаходзіцца рукапісная копія нацыянальнай карты Р.Эркерта пад назвай “Этнографический Обзоръ” з атласа “Географический Атласъ Западно-русскихъ губерний  и сосъднихъ областей” (Санкт-Пецярбург 1863). Але ці сапраўды М. Доўнар-Запольскі быў творцам карты Беларускай Народнай Рэспублікі 1919 года?

Мы ведаем яго пазіцыю на праходжанні паўднёвай мяжы дзяржавы. Вельмі агульнае апісанне тэрыторый, якія павінны былі ўвайсці ў склад беларускай дзяржавы, знаходзіцца ў яго брашуры: “Беларусь — гэта вялізарны край, каторы складаецца з губэрняў: Менскае, Магілёўскае і Смаленскае (цалком), блізу ўсяе Вітэбскае губ. (апрача Рэжыцкага і Люцынскага паветаў), блізка усяе Віленскае (апрача часьцей Троцкага, Віленскага і Сьвянцянскага пав.), Гародзенскае губэрні, трох паўночных паветаў Чарнігаўскае губ, ды з сумежных валасьцей губэрняў: на заходзе — Сувалскае, на ўсходзе — Пскоўскае, Цверскае, Калускае і Арлоўскае. Усяго абшару Беларусь мае каля 258000 квадр. кілёмэтраў, на якім жыве 12 міліёнаў беларусаў і балей за 3 міліёны іншых нацыянальнасьцяў — маскоўцаў, жыдоў, палякоў, татараў. Беларускі народ займае гэты абшар, седзячы на ім густой чарадой, у якую ўмешаны другія нацыі, каторыя прыйшлі сюды з чужых краёў і пераважна гуртуюцца па мястох і мястэчках.24

Гэтае апісанне досыць павярхоўнае, аднак на пэўныя дэталі варта звярнуць увагу. Наколькі паўднёвая мяжа на карце адпавядае канцэпцыі М. Доўнар-Запольскага, настолькі на захадзе і паўночным усходзе такой адпаведнасці ўжо нельга адшукаць. Так, Гарадзенская губерня, якая, згодна з М. Доўнар-Запольскім, павінна была цалкам увайсці ў межы БНР, на карце пазначаная, але без заходняй часткі Бельскага павета. Неадпаведна апісанню абазначаны на карце ў межах БНР часткі Граеўскага павета Ломжынскай губерні на паўночным захадзе. Абагульненасць апісання не дазваляе прааналізаваць ход мяжы з Літвой на поўначы.

Прымушае задумацца тое, што М. Доўнар-Запольскі ў “Асновах дзяржаўнасці Беларусі” аніводным словам не спасылаецца на карту, якой нібыта з'яўляецца аўтарам. Не ўспамінае пра яе таксама А. Луцкевіч, хоць апісанне межаў Беларусі, прадстаўленае ў яго мемарандуме, здаецца, адпавядае паўночнай, усходняй і паўднёвай мяжы БНР на карце: “Ад Дзьвінску на поўнач ламанай лініяй да станцыі пры чыгунцы Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва на Волзе блізка зусім простай лініяй, ад Ржэва граніца йдзе ў паўднёва-заходнім кірунку на Бранск і далей па Дзясьне, адтуль на Заход крывой лініяй на Грамяч, Ноўгарад-Северск, Гарадню, усьце Прыпяці (на паўдня ад іх), Буга і Нарэва да Беластоку. Акружаючы з захаду Беласток і Хорашч, якія знаходзяцца на Беларускай зямлі, граніца паднімаецца на поўнач, захоплівае места Аўгустоў і далей ламанай лініяй ідзе цераз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Мусьнікі, Сьвянцяны – да Дзьвінску. Места Вільня стаіць на Беларускай зямлі, і літоўская граніца акружае яго паўкругам радзіусу 20-60 вёрст. На ўсім паказаным абшары беларусы становяць каля 75% насяленьня, жыды становяць тут каля 12%, а рэшта – палякі, велікарусы, украінцы, літвіны, татары і інш.25”.

Абодва аўтары, аднак, наогул не ўспамінаюць пра існаванне карты БНР. Толькі ў працы В. Егера шматразова можна сустрэць спасылкі на карту, змешчаную ў канцы кнігі. Інфармацыя, што яна з'яўляецца дадаткам да гэтай кнігі, з'яўляецца ўжо ў загалоўку: “Weissruthenien. Land, Bewohner, Geschichte, Volkswirtschaft, Kultur, Dichtung Mit 93 Abbildungen und einer Karte”. Аб далучэнні карты В. Егер успамінае ва ўступе: “die dem Buche begigebene Karte verzeichnet die ethnograpischen Grenzen des Landes”26. Апісанне беларускіх зямель, змешчанае ў кнізе, у асноўным адпавядае зместу карты, аднак зноў з выключэннямі. Пры пераліку суседзяў Беларусі не згадана аб непасрэдным суседстве з Германіяй. Але ў раздзеле, прысвечаным тэрыторыі БНР, аўтар (верагодна, В.Егер) даказваў неабходнасць уключэння да тэрыторыі Беларусі ўчастка чыгункі Беласток – Вільня – Дынабург і звязвання такім чынам гандлёвых цэнтраў Беларусі з гэтай дзяржавай27. Піша ён таксама аб прэтэнзіях Польшчы да Гарадзеншчыны. Геаграфічныя назвы ў кнізе адпавядаюць запісам, пададзеным на карце, хоць ёсць і адрозненні, напрыклад, Рагачоў на карце пададзены як “Rogačew”, а ў кнізе – “Rogatschew”.

Вядома, што карта БНР распаўсюджвалася як самастойная публікацыя яшчэ перад выхадам кнігі В.Егера. Пазнейшае яе далучэнне да згаданай кнігі, занатаванне гэтага ў загалоўку і ў тэксце сведчыць аб сувязі паміж асобамі, якія рыхтавалі абедзве публікацыі, выдадзеныя у адным горадзе, па ініцыятыве тых жа людзей. Не падаецца верагодным, каб В. Егер, педантычна пазначыўшы аўтарства ўсіх раздзелаў, забыўся на аўтара карты, калі б яна была пазычаная. Магчыма, ранейшае асобнае  выданне карты зрабіла магчымым далучэння яе да тэкстаў М.Доўнар-Запольскага і А.Луцкевіча, апублікаваных не ў Берліне. Усе тры працы павінны былі выконваць аднолькавую палітычную задачу – папулярызаваць на міжнароднай арэне беларускую праблему і неабходнасць ўзнікнення самастойнай беларускай дзяржавы. Такім чынам, неабходныя ўдакладненні: калі з'явілася самастойная  карта БНР, ці з'явіліся брашуры М.Доўнар-Запольскага і А.Луцкевіча з картай альбо без, а таксама ці прысутнічала ў іх перавыданнях карта як дадатак.

Перш чым пераходзіць да пытання аўтарства карты, варта вырашыць, што пад гэтым разумеецца. Ці гэта тэарэтычнае апісанне канцэпцыі межаў, ці, можа, уласнаручнае стварэнне чарнавіка карты па гэтым апісанні для далейшага друку?

Тэарэтычнае апісанне межаў БНР праходзіла этапамі. Відавочна, за дзяржаўную мяжу прынята этнаграфічная ўсходняя мяжа, вызначаная Я.Карскім. Аўтарам канцэпцыі праходу паўднёвай мяжы БНР, без сумніваў, быў М.Доўнар-Запольскі. Стаяў ён таксама на пазіцыі працягу дзяржаўнай мяжы на захад адпаведна этнаграфічнай мяжы, прадстаўленай Я. Карскім. Задума тая была рэалізавана, аднак, часткова: на карце беларуска-польская мяжа не ў поўнай меры адпавядае поглядам абодвух даследчыкаў. Нельга абысці ролю Я.Карскага і М.Доўнар-Запольскага ў вызначэнні этнаграфічнай мяжы з Літвой. Аднак і на гэтым адрэзку дзяржаўная мяжа перамешчана была на поўнач у стратэгічных і эканамічных мэтах.

З пункту гледжання аўтарства карты найбольш цікавая мяжа на паўночным усходзе. У межы БНР уключаны абшары Граеўскага павета Ломжынскай губерні, які не можа лічыцца этнічна беларускім. Аднак толькі такім чынам БНР атрылівала суседства з Германіяй ва Усходняй Прусіі. Такі ход мяжы не адпавядае карце Я. Карскага, няма аб ім гаворкі ні ў брашуры М.Доўнар-Запольскага, ні ў апісанні межаў, складзеным Камісіяй па вызначэнні межаў пры Міністэрстве замежных спраў БНР. Можна лічыць, што канцэпцыя гэтай мяжы з'явілася ўжо адносна позна з улікам стварэння будучых альянсаў. Дзеячы БНР бачылі ў суседстве з Германіяй гарантыю бяспекі дзяржаўных межаў магчымай дзяржавы, акружанай суседзямі, прэтэндуючымі на яе тэрыторыю. Вывад мяжы аж да Усходняй Прусіі было выклікана тым, што ў межах БНР знаходзілася б важная чыгуначная лінія, якая злучала Беласток праз Граева з Элкам на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Гэта зрабіла б магчымым развіццё патэнцыйных гандлёвых кантактаў паміж Беларуссю і Германіяй, якая магла стаць асноўным эканамічным партнёрам. Той самай мэце павінна было служыць пашырэнне мяжы з Літвой і захоп цэлага адрэзка чыгуначнай лініі Беласток – Дынабург.

У канцэпцыі працы над межамі БНР выразна відаць інтэлектуальны ўклад яшчэ трэцяй асобы. Тую асобу варта было б шукаць сярод работнікаў дыпламатычнай місіі ў Літве або ў Германіі ці сярод немцаў, звязаных з імі. Быць можа, той асобай быў П.Крачэўскі, які супрацоўнічаў з В.Егерам пры напісанні яго кнігі. Пётра Крачэўскі, адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1918 годзе ва ўрадзе БНР быў народным сакратаром Міністэрства фінансаў БНР і Міністэрства прамысловасці і гандлю. З даўніх часоў арыентаваўся на супрацоўніцтва з Германіяй (у тым ліку падпісаў тэлеграму да Вільгельма II) і мог разумець патрэбу безпасярэдняга суседства Беларусі з Усходняй Прусіяй. Таксама быў добра зарыентаваны ў літоўска-беларускіх складанасцях у пытанні дэлімітацыі магчымай мяжы паміж гэтымі дзяржавамі. Па гэтай справе неаднаразова сустракаўся з літоўцамі ў чэрвені 1919 года. Цесна з Дыпламатычнай місіяй у Берліне супрацоўнічалі немцы: Р.Абіхт, В.Дзітман і В.Егер28. Магчыма, канчатковая версія карты паўстала пры ўдзеле аднаго з іх, гэтым можна было б тлумачыць частковыя нямецкамоўныя транскрыпцыі геаграфічных назваў на карце БНР. Неабходна таксама азнаямленне з уплывамі работы Камісіі па справах распрацоўкі карты Беларусі, кіраванай палкоўнікам Дзмітрыем Бетхерам.

Пакуль што без адказу застаецца пытанне, хто з'яўляецца аўтарам чарнавіка карты БНР? Ці было гэта зроблена з нуля, ці за аснову служыла рускамоўная карта Я. Карскага, па якой здзяйсняліся праўкі? Трэба падкрэсліць, што канцэпцыя межаў Беларускай Народнай Рэспублікі паўставала этапамі, была інтэлектуальным высілкам некалькіх асоб, хоць і не працуючых у адным калектыве. Аднак быў нехта, хто сабраў гэтыя ўсе канцэпцыі і зрабіў іх канчатковым картаграфічным абагульненнем. Асобу, якая гэта зрабіла, даводзіцца прызнаць аўтарам “Карты Беларускай Народнай Рэспублікі”. Быў гэта нехта, хто ўдзельнічаў у выданні кнігі В.Егера. Блізкасць абодвух гэтых выданняў да Дыпламатычнай місіі ў Берліне і далучэнне карты да кнігі як бы ўтвараюць адзінае цэлае і  не здаюцца выпадковымі.

Можна быць амаль упэўненымі, што аўтарам чарнавіка карты БНР ня быў М.Доўнар-Запольскі. Па-за прыведзенымі доказамі варта нагадаць, што пасля перамоваў у Кіеве ўвесну 1918 года яго палітычная актыўнасць выразна слабее, займалі яго справы арганізацыі Гандлёвага бюро ў Кіеве, да таго таксама дадаліся вельмі сур'ёзныя сямейныя клопаты.

Кандыдатам на аўтара карты БНР часам узгадваецца Аркадзь Смоліч, па сутнасці, добра падыходзячы для такой працы. Захоўваў кантакты з берлінскай Місіяй, у 1918 годзе ездзіў у Берлін як дэлегат Урада БНР. Таксама ён ў 1919 годзе выдаў кнігу – выдатна напісаны падручнік па геаграфіі і краязнаўстве Беларусі пад назвай “Географія Беларусі” (Вільня, 1919). Ні да першага выдання, ні да наступных выданняў не далучыў ніводнай карты ў дадатак, але ў тэксце змясціў адзінаццаць чорна-белых карт, аднак, дастаткова спрошчана намаляваных ад рукі. Гэтыя карты ілюструюць гісторыю і геаграфію Беларусі (нарыс межаў Беларусі, палітычны падзел, геалогія, расліннасць, шчыльнасць населенасці, беларускія гаворкі, распаўсюджанасць веравызнанняў, гістарычныя граніцы Беларусі). Адзначаныя на гэтых картах абрысы Беларусі, а таксама разгляд у кнізе яе размяшчэння амаль у поўнай меры адпавядаюць тэрыторыі, прадстаўленай на карце БНР, з двума, аднак, выключэннямі. Не ўключана тая частка Ломжынскай губерні, якая вядзе да суседства з Усходняй Прусіяй, з-за чаго Германія не суседнічае з беларусамі. На захадзе мяжа з Польшчай дасягае заходняй часткі Бельскай зямлі з Цеханоўцам паабапал ракі Нурэц. Ахоплівае такім чынам не толькі цэлую Гарадзенскую губерню (як вядома, той абшар на карце БНР не ўключаны ў межы беларускай дзяржавы), але таксама фрагмент Ломжынскай губерні. Цікава таксама тое, што ў бібліяграфічных указальніках (нават у 2-м выданні 1922 года) не ўзгадваецца нічога аб карце БНР, чытачам рэкамендуюцца толькі карта Я. Карскага і яго праца “Белорусы". Беручы гэта ўсё да ведама, цяжка прызнаць Aркадзя Смоліча аўтарам карты БНР.

Нягледзячы на шматлікія захады прадстаўнікоў БНР, на Версальскай канферэнцыі не ўдалося давесці ідэю аб прызнанні незалежнасці Беларусі. Карта БНР, распаўсюджаная ў многіх экзэмплярах, адыгравала ролю ў фарміраванні гістарычнай і палітычнай свядомасці беларусаў. У 1925 годзе стала падставай для распачынання палітычнага судовага працэсу супраць групы настаўнікаў, працуючых у беларускіх школах у Латвіі, якія атрымалі некалькі асобнікаў карты і кніг для навучання геаграфіі. Латышскія ўлады закінулі ім жаданне адарвання Дзісненскага павета ад Латвіі да БССР. Нягледзячы на тлумачэнні педагогаў, што яны выкарыстоўвалі карту выключна для навучання этнаграфіі Беларусі, частка настаўнікаў, у тым ліку Канстанцін Езавітаў і Паўліна Мядзёлка, былі выдалены з Латвіі29

Пішучы аб ролі М. Доўнар-Запольскага і Я. Карскага ў справе вызначэння межаў Беларусі, варта ўспомніць пра эпілог, звязаны з пашырэннем дзяржаўных межаў. Пасля падпісання Рыжскага трактата 18 сакавіка 1921 года ў межах Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на поўдні апынуўся былы Мазырскі павет, які ахоплівае – так, як хацеў гэтага М. Доўнар-Запольскі, – басейн ракі сярэдняй Прыпяці і тэрыторыі па абодва яе бакі. 3 сакавіка 1924 года Прэзідыум Усесаюзнага выканаўчага камітэта СССР прыняў рашэнне аб узбуйненні Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі на пятнаццаць паветаў з былых Віцебскай, Смаленскай і Чарнігаўскай губерняў разам з Рэчыцкім паветам30. 6 снежня 1926 года да БССР былі далучаны таксама Гомельскі павет і рэшта Рэчыцкага, якія да гэтага часу знаходзіліся ў межах Украінскай ССР. Паветы Пінскі, Кобрынскі, Брэсцкі ўвайшлі ў склад БССР у сакавіку 1945 года на падставе ялцінскіх дамоўленасцяў.

Друкуецца з дазволу аўтара.
Пераклад з польскай Язэп Халецкі.
Матэрыял быў прадстаўлены на Пятых Міжнародных Доўнараўскіх чытаннях у Рэчыцы (верасень 2005 г.). Больш шырока тэма асвечана ў кнізе Дароты Міхалюк “Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918-1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”, Інбелкульт, 2015 год.

Крыніцы >>