Падобныя матэрыялы
- Ян Блаў. Карта ВКЛ 1635 год. MAGNI DVCATVS LITHVANIAE
- Ян Янсон 1649 год. MAGNI DVCATVS LITHVANIAE
- Герард Фальк, Пітэр Шэнк 1690-я гады. MAGNI DVCATVS LITHVANIAE
- Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549–1616) [Custos]
- Карта ВКЛ. Вільям Янсон Блаў 1631 год. MAGNI DVCATVS LITHVANIAE
- Карта ВКЛ. Вільям Янсон Блаў 1631 год. [4 аркушы]
- Насценная карта ВКЛ 1613 год [Упсала]. Вільям Янсан Блаў
- Атлас Кленке (Klencke Atlas). Апошняе выданне карты ВКЛ 1613 года Вільяма Блаў
- Атлас Кленке (Klencke Atlas). Последнее издание карты ВКЛ 1613 года Вильяма Блау
- Насценная карта ВКЛ 1613 года з Веймарскай бібліятэкі
- Карта Великого Княжества Литовского образца 1613 года в библиотеках Польши, Украины и Литвы
- Историография первой настенной карты ВКЛ 1613 г. в печатных источниках
- Гістарыяграфія першай насценнай карты ВКЛ 1613 г. у друкаваных крыніцах
- Аб удакладненні датавання карты ВКЛ ўзору 1613 года
- Об уточнении датировки карты Великого Княжества Литовского образца 1613 года
Насценная карта ВКЛ 1613 год [Веймар]. Вільям Янсан Блаў
MAGNI DVCATVS LITHVANIAE,
CAETERARVMQVE REGIONVM ILLI ADIACENTIVM EXACTA DESCRIPTIO
Jll[u]s[tri]s[i]mi ac Excells[i]s[i]mi Pri[n]cipis et D[ommi]ni. D. Nicolai Christophori Radziwil. D.G. Olijcae ac in Nieswies Ducis, S.Rom. Imperii Principis in Szylowiec ac Mir Comitis et S.Sepulchri Hierosolimitani Milites etc. Opera cura et impensis facta ac in lucem edita
ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ,
са шматлікімі краямі, што да яго належаць, дакладнае апісанне
Найсвятлейшаму і найвышэйшаму ўладару і пану Мікалаю Крыштофу Радзівілу Божай ласкаю князю на Алыцы і Нясвіжы, князю Святое Рымскае імперыі, графу на Шылаўцы і Міры, рыцару Св. Труны ў Ерусалеме ды інш., чыім стараннем і коштам гэтая праца выйшла ў свет
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Вільям Янсон Блаў
Гравёр: Г.Герыц
Год выдання: 1613 - да 1631 (датавана 1613), Амстэрдам
Памер: 110 х 87 см
Маштаб карты: 1 : 1 293 000
Маштаб цечы Дняпра: 1 : 530 000
Да нядаўняга часу была вядомая адна насценная Радзівілаўская карта ВКЛ 1613 года Вільяма Янсона Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638), якая знаходзіцца ў бібліятэцы Упсальскага ўніверсітэта ў Швецыі. Аднак існуе другі насценны асобнік гэтай карты, у многіх адносінах адметны, захоўваецца карта ў калекцыі Бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Германія). У літаратуры можна сустрэць недакладнасці адносна розніцы паміж насценнымі і атласнымі экзэмплярамі. Таму варта адзначыць асноўную прыкмету, што робіць "вэймарскі" і "упсальскі" экзэмпляры насценнымі: яны маюць падклееную (!) знізу тэкставую паласу; для атласных карт апісанне краю друкавалася на асобных аркушах.
"Веймарскі" экзэмпляр надрукаваны з чатырох плыт (карта ўключна з Дняпром), мае па перыметры дэкаратыўную стужку, якая адразу прысутнічала на друкарскіх плытах. Рэдкія атласныя карты першага выдання 1631 года, таксама надрукаваны з чатырох плыт і маюць гэтакую самую дэкаратыўную стужку (карта ВКЛ 1613 года на 4 аркушах). У ранейшыя часы карта была прыклеена на тканіне, але пасля рэстаўрацыі карта была перанесена на безкіслотную паперу. Вадзяныя знакі не былі выяўлены.
"Упсальская" насценная карта друкавалася ўжо з шасці плыт (у 1631 годзе дзве правыя плыты з Дняпром былі разрэзаны, таксама была адрэзана арыгінальная дэкаратыўная стужка). Але гэтая карта мае даклееную (!) дэкаратыўную стужку іншага выгляду (друкаваная з дрэва), падрабязней пра гэтую карту ў наступным артыкуле.
Усе атласныя выданні друкаваліся з тых жа самых плыт, "падпісаных" Геселем Герыцам і датаваных 1613 годам. Але паміж імі існуе некаторая розніца, якая выяўляецца у колькасці плыт з якіх яна надрукавана (4 ці 6, і, адпаведна, наяўнасці арыгінальнай дэкаратыўнай стужкі), карта цечы Дняпра можа быць падклеена альбо адасоблена, таксама карты Афіцыны Блаў можна раздзяліць на дзве групы па вадзяных знаках (з пач. 1640-х карысталіся паперай з уласным вадзяным знакам - галава шута).
З гісторыі стварэння Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага.
Упэўнена можна казаць, што пачаткова існаваў тыраж Радзівілаўскай карты 1603 года, які на жаль, не захаваўся.
Дакладна не вядомы час пачатку працы над картай Літвы, якая так трывала ўшанавала імя ініцыятара стварэння карты – князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі (1549–1616). У 1586 годзе Сіротка запрасіў на службу вядомага польскага картографа Мацея Струбіча. Менавіта Мацея Струбіча варта лічыць тэхнічным кіраўніком гэтага маштабнага праекта, але па нейкай прычыне на выданнях выдавецтва Блаў яго імя не згадваецца.
А вось роля Тамаша Макоўскага нясвіжскага гравёра і, адначасна, каморніка пры Радзівілаўскім двары, імя якога прысутнічае на тэкставай “паласе” насценных асобнікаў карты (T. M. Pol. Geograph.), некаторы час перабольшвалася, яго палічылі “географам” і, адпаведна, выканаўцам карты. Хутчэй за ўсё, Тамаш Макоўскі быў стваральнікам малюнка і гравёрам першага варыянта вялікай карты ВКЛ, надрукаванага ў 1603 годзе. Верагодна, ён таксама выконваў іншыя звязаныя з гэтай справай заданні, тым больш службовая пасада мела на ўвазе паездкі па пытаннях зямельнага межавання.
Матэрыялы для картаграфавання земляў Кіеўшчыны і Валыні апрацоўваліся і адпраўляліся князю Радзівілу Сіротку праз князя Канстанціна Астрожскага, сына славутага Канстанціна Іванавіча Астрожскага, альбо праз яго атачэнне. Для стварэння карты цечы Дняпра былі выкарыстаны нататкі аўстрыйскага дыпламата Эрыка Лясоты, які здзейсніў падарожжа ўздоўж ракі ў 1594 годзе.
Такую маштабную працу немагчыма было выканаць без грунтоўных матэматычных разлікаў. Верагодна, гэтую працу выканалі выкладчыкі са школ езуіцкага ордэну, якім Сіротка актыўна спрыяў. Напрыклад, адным з карэспандэнтаў Абрахама Артэліўса быў рэктар віленскай гімназіі кальвіністаў Ян Мараўчык. Нагадаем, што ў 1579 годзе паўстала Віленская акадэмія, а кафедра матэматыкі дзейнічала тут з 1574 года, яшчэ пры езуіцкім калегіўме.
З ліста Мацея Самуэля Струбіча (сына картографа Мацея Струбіча) да Мікалая Крыштофа Радзівіла вынікае, што малюнак карты ўжо быў падрыхтаваны да 1599 года. Як ужо сказана, першае выданне карты не захавалася, але існаванне яго пацверджана звесткамі, адшуканымі ў карэспандэнцыі з Радзівілаўскага архіва. Падчас выправы на навучанне ад пачатку 1604 па 1607 гады сыны князя Радзівіла Сіроткі – Ян Ежы, Альбрэхт Уладзіслаў і Крыштаф Мікалай – мелі з сабой карты Літвы, якія, найхутчэй, паходзілі з Нясвіжа. З ліставання таксама вядома, што ў 1604 годзе яны пакінулі тры асобнікі ў Пражскім, Рэгенсбургскім і Аўгсбургскім езуіцкіх калегіўмах.
У 1647 годзе стагоддзя Марцін Зелер засведчыць, што карта ВКЛ 1613 года, выдадзеная ў афіцыне Блаў, гэта зменшаная пераробка з карты выдадзенай за свой кошт князем Мікалаем Радзівілам Сіроткай. Гэтае сведчанне шырока разыйшлося ў літаратуры і заклала традыцыйную тэзу пра існаванне першага выдання і пра яе аўтара Тамаша Макоўскага. Верагодна Марцін Зелер меў звесткі пра абставіны стварэння амстэрдамскага выдання, альбо бачыў выданне 1603 года, і не давяраць яму няма падастаў.
Пра першае выданне карты кажа ксёндз Тамаш Трэтэр, які перакладаў на лаціну “Перэгрынацыю…”, у сваім лісце ад 1607 года, у якім князю паведамляецца аб перасылцы ў Нясвіж 80 непрададзеных карт “mappa Lithuania” з гданьскай кнігарні.
За 1603 год як найбольш верагодную дату друку першага выдання Радзівілаўскай карты сведчыць ліст Мацея Самуэля Струбіча з Аўсбурга, датаваны 1603 годам, у якім ён паведамляе пра аплату за рэзку і друк экслібрыса з княскім гербам у колькасці ста адбіткаў для наклейвання на карты. Такім чынам, наклад першага выдання быў большы за 100 асобнікаў. Месца выдання Радзівілаўскай карты 1603 года не згадваецца, верагодна, галоўным сведкам стварэння першай карты ВКЛ усё ж быў Нясвіж. Іншымі магчымымі месцамі друку Радзівілаўскай карты маглі быць Гданьск альбо Аўгсбург, але ў такім разе можна было б спадзявацца на большы тыраж і далейшае выкарыстанне друкарскіх форм.
У 1613 годзе ў картаграфічнай афіцыне Вільяма Янсона Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638) у Амстэрдаме была падрыхтаваная насценная Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага. Гравёрам карты значыцца Гесель Герыц – гравёр афіцыны Блаў.
Абставіны стварэння карты малавядомыя, мы можам толькі выказаць некалькі здагадак. Правобразам хутчэй быў адбітак карты ВКЛ 1603 года альбо ейны малюнак. Патрапіла карта да Вільма Блаў праз Тамаша Макоўскага. Пры гэтым у выданні 1613 года маглі быць унесены папраўкі і ўдакладненні. Уявіць, наколькі адрознівалася першае выданне ад прыведзенага тут выдання 1613 года, складана. Верагодна, яна была большага памеру, на ёй магло быць імя гравёра – Тамаша Макоўскага, дэкаратыўныя дэталі былі іншымі і больш сціплымі.
Таксама адзначым некаторае перабольшанне значэння работы Гіёма Ле Васера дэ Баплана адносна картаграфаванне земляў ВКЛ, закладзенае яшчэ, мабыць, “маркетолагамі” 17 стагоддзя, якія ўнеслі на картах істотныя ўдакладненні на ўкраінскіх абшарах і адразу пачалі назваць іх “новымі картамі” усёй Рэчы Паспалітай. Але выбітны французскі картограф не прыўнес тут ніякіх змен, больш за тое, пры стварэнні Спецыяльнай карты Украіны сам кіраваўся картай ВКЛ 1613 года. Тое ж можна сказаць і пра новую карту ВКЛ Яна Няпрэцкага 1749 года, ў аснове была тая ж Радзівілаўская карта ВКЛ 1613 года.
Лёс шматлікіх насценных карт незайздросны, складзены даўгія спісы такіх карт, пра якія мы ведаем толькі па пазнейшых ўзгадках. Некаторыя з із дайшлі да нас цудам, толькі дзякуючы таму, што былі пераплецены ў кнігі, самы вядомы прыклад – гэта карты Свету Марціна Вальдзеемюлера. Такі самы лёс мог бы нападкаць і Радзівілаўскую карту 1613 года, але мы маем вялікую ўдачу, што Вільям Янсон Блаў вырашыў укладаць зфальцаваную насценную карту ВКЛ у свае атласы, хоць яна была нязручнай з-за неадпаведнасці стандартнаму фармату карт у атласах.
У 1631 годзе карта адным аркушам з картай цечы Дняпра была ўключана ў атлас "APPENDIX THEATRI A.ORTELII et ATLANTIS G.MERCATORIS, continens TABVLAS GEOGRAPHICAS diversarum Orbis regionum, NVNC PRIMVM EITAS cum descriptionibus". У тым жа 1631 годзе мела месца другое выданне атласу, у ім карта размяшчалася асобна ад аркуша з Дняпром. У такім выглядзе карта выдавалася надалей, у 1635–1645 гады.
У 1648 годзе Ян Блаў (Joan Blaeu, 1596-1673), сын Вільяма Янсона Блаў, замяніў Радзівілаўскую карту на меншую, арыентаваную на захад.
Але было яшчэ адно выданне “радзівілаўкі”. Атлас Кленке 1660 года, падарунак англійскаму каралю Карла ІІ Сцюарту, паміж іншых картаграфічных шэдэўраў галандскай школы ўключае асобнік Радзівілаўскай карты 1613 года, які, верагодна, быў надрукаваны адмыслова для атласа. Захоўваецца атлас у Брытанскай бібліятэцы ў Лондане.
Шматлікія перапрацоўкі еўрапейскіх картографаў Радзівілаўскай карты ВКЛ на працягу наступных амаль 170 год былі больш спрошчанымі, ўдакладненні датычыліся ў асноўным унутрытэрытарыяльнага межавання. Свой варыянт “радзівілаўкі” паспяшаліся зрабіць Генрых Гондзіўс і Ян Янсон, карта бралася за аснову Вінчэнца Каранеллі, Юстусам Данкертсам, Матэўсам Зойтэрам, Тобіасам Лотарам і іншымі, вызначала выяву земляў ВКЛ на картах Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету.
18 стагоддзе патрабавала значна больш працаёмкіх геадэзічных вымярэнняў. Працы па стварэнні больш дакладнай карты адпавядаючай выклікам новага часу распачаліся толькі за Станіславам Аўгустам Панятоўскім, ў выніку ў 1772 годзе з’явіўся 24-аркушовы атлас Рэчы Паспалітай Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні. Маштабныя трыангуляцыйныя вымярэнні, якія былі асноўным спосабам пабудовы дакладных карт у 18-19 стагоддзях, ў Рэчы Паспалітай не праводзіліся.
< Папярэдні | Наступны > |
---|