Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.


Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.

Аляксей Іванавіч Кайгародаў (1881-1951)

Аляксей Іванавіч Ка́йгарадаў (1881-1951) — вядомы вучоны, кліматолаг, геафізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (з 1947 года).

Будучы вучоны атрымаў адукацыю ў мужчынскай гімназіі ў Горадні, пасля заканчэння якой паступіў на фізічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, які паспяхова скончыў у 1908 годзе.

У Першую сусветную вайну прымаў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы кліматычных характарыстык на тэрыторыях Заходняга і Паўднёва-Заходняга франтоў. Даследаванні вяліся пры Галоўным ваенна-метэаралагічным упраўленні для вайсковых мэт.

У 1919 годзе быў запрошаны загадчыкам кафедры метэаралогіі і кліматалогіі ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут (з 1925 года перайменаваны ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію). Неўзабаве ён зойме пасаду рэктара інстытута. З 1930 года — дырэктар Беларускай геафізічнай абсерваторыі. У гэты перыяд Аляксей Кайгарадаў сістэматызуе і рыхтуе да выдання назапашаныя матэрыялы па кліматалогіі. Гэта былі ўнікальныя і запатрабаваныя для практычнага выкарыстання даследаванні, якія спрыялі эканамічна-гаспадарчаму развіццю Беларусі.

З 1938 года Аляксей Кайгарадаў працаваў у Галоўным упраўленні гідраметэаслужбы СССР. У вайну займаў пасаду загадчыка кафедры Маскоўскага гідраметэаралагічнага інстытута. З 1945 года загадчык кафедры Маскоўскага абласнога педагагічнага інстытута.

Кліматычны атляс Беларусі

Атлас займае адметнае месца і ў навуковай спадчыне Аляксея Кайгарадава, і ў беларускай бібліяграфіі. Атлас быў надрукаваны тыражом у 500 асобнікаў і сёння з'яўляецца дарагой і рэдкай кнігай. Тры асобнікі захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, некалькі ў прыватных зборах. Выданне было падрыхтавана ў Менску "Беларускім навукова-даследчым інстытутам сельскае і лясное гаспадаркі пры Савеце Народных Камісараў БССР" на трох мовах: беларускай, расійскай і англійскай.

З прадмовы даведваемся, што атлас быў складзены па матэрыялах метэаралагічнай сеткі, апублікаваных у "Летописях Главной Физической Обсерватории" з 1871 па 1914 гады. У апрацоўку ўвайшлі назіранні станцый былых Гарадзенскай, Віленскай, Менскай, Магілёўскай, Смаленскай, Віцебскай губерняў і некаторых сумежных з імі пунктаў.

Аб чым гэтыя карты і што яны паказваюць?

У атласе 78 карт, на іх прысутнічае пазнака аб месцы іх выдання (Дзярж. Карт. Інст. НТУ – НТУ – ВСНГ – СССР. Картографія, Ленінград. Пражка. 5.). На картах выяўлены: гадавыя сумы сонечнай цеплыні, ціск паветра, кірунак і скорасць ветру (у год і па месяцах), тэмпература паветра (у год і па месяцах), гадавыя амплітуды тэмпературы, колькасці дзён без адлігі, лік дзён з снегавым насцілам, сярэднюю вышыню насцілу, тэрміны прыходу і сканчэння прымаразкаў, колькасць ападкаў (у год і па месяцах), абсалютную і адносную вільготнасць (у год і па месяцах), хмарнасць, лік ясных і хмарных дзён, працягласць пораў года, працягласць вегетацыйнага кругабегу ды іншае. Апошняя карта паказвае разбіўку на сельскагаспадарчыя кліматычныя раёны.

Усе гэтыя фактары мелі вялікае значэнне для практычных патрэб у сельскай гаспадарцы. Важнай асаблівасцю шматлікіх картаграфічных выданняў 1920-х гадоў (пачынаючы ад карты Беларусі Аркадзя Смоліча) з'яўляецца тое, што яны ахоплівалі і Заходнюю Беларусь.

...Зварочваючыся да атлясу, трэба ўвесь час мець на ўвазе, што агулам кажучы кліматычныя карты заўсёды зьяўляюцца толькі схэмамі і для колькасных вывадаў прыгодны толькі ў арыентавальных мэтах, з большым або меншым набліжэньнем, якога аднак амаль заўсёды хапае для практычных патрэб. Хацець большага, значыць не падлічваць шэрагу неспагадных абставін, якія заўсёды робяць уплыў на вынікі статыстычнае апрацоўкі сырога матэрыяла назіраньняў; галоўнейшымі з іх зьяўляюцца наступныя: хібы альбо пэўныя памылкі, што ляжаць у натуры самых сярэдніх лічбін, тэхнічныя дэфекты ў назіраньнях паасобных станцый, мясцовыя асаблівасьці палажэньня апошніх, нераўнамерная працягласьць самых кругабегаў у назіраньнях, нарэшце, пэўная адвольнасьць у правядзеньні самых ізоліній, асабліва на граніцах карт.

Усё сказанае, паўторым яшчэ раз, ніколі не адымае ад кліматычных карт таго вялікага значэньня, якое яны маюць, як фізыка-геаграфічныя схэмы, якія характарызуюць адзін з галоўнейшых фактараў у агульным складзе натуральных вытворчых сіл краіны.

Некаторыя карты ў атласе даюць падыходы да розных элемэнтаў клімату па мэтодах, якія ўпяршыню ўведзены у кліматаграфію асабіста намі; такім чынам адказнасьць за адступленьні ад звычайных шаблёнаў у гэтых адносінах цалкам ляжыць на нас. Спадзяёмся, што гэтыя новыя мэтоды будуць карыснымі для ўсіх, хто будзе карыстацца атлясам з практычнымі або навуковымі мэтамі, працуючы на ніве адраджэньня і падняцьця беларускага народу, якому і прысьвячаецца наша праца.

А.Кайгарадаў

Горкі, Акадэмія С.Г.
Верасень 1927 г.

Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.

Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.

Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.

Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.

Аляксей Кайгарадаў. Клiматычны атлас Беларусi. 1927 год.