Агляд выдання Тэцяны Люты "IMAGO URBIS: Киів на стародвиніх мапах"


Агляд выдання Тэцяны Люты "IMAGO URBIS: Киів на стародвиніх мапах"

Знесуть, потрощать [Київ] наш,
І я йому в журбе гіркій
Співатиму заупокій...
І милий наш притулок тут
У Лету також кане.
Без краплі зайвих сліз знесуть,
Його лиш черга стане.*

 Т.Люта. IMAGO URBIS: Киів на стародвиніх мапах   

IMAGO URBIS: Київ на стародавніх мапах / Тетяна Люта. — Харків-Київ : Видавець Олександр Савчук, 2017. — 192 с. : [149 іл.].

Выданне прысвечана гісторыі вымярэння ды выяўленню кіеўскай прасторы з даўніх часоў: ад антычнае традыцыі да заходнееўрапейскай. Таксама разглядаюцца першыя прыклады ўласнай картаграфіі, якія перадаюць вобразы сакральнай тапаграфіі горада. Аўтар адносіць іх да шэдэўраў украінскага дрэварыту. У выданні апублікавана адметная карта Кіева і ваколіц кіеўскага падкаморыя Юрыя Нямірыча 1650-х гадоў, па меркаванні аўтара, гэта сведчыць аб выкарыстанні карт на побытавым узроўні ў Кіеве ўжо ў XVII ст.

Наклад: 300 асобнікаў

Кніга мае ўводны гістарыяграфічны раздзел, іменны і геаграфічны паказчыкі, а таксама пералік ілюстрацый. Гістарыяграфію кіеўскай spotial history аўтарка адлічвае ад 1826 года, калі былі апублікаваны планы Кіева 1638 года Афанасія Кальнафойскага. Відавочная храналагічная падача матэрыялу, таму месцамі прысутнічаюць досыць рэзкія пераходы ад тэматыкі прасторавых уяўленняў (уласна картаграфіі або ітынерараў) да лакальных прыкладаў (віды, планы).

Раздзел "Київ на стародавніх картах світу" мае не зусім класічную структуру для гістарычнай картаграфіі: антычнасць, арабская картаграфія (сюды ж аднесены турэцкія крыніцы другой паловы XV ст.), заходнееўрапейская картаграфія (сярэднявечная традыцыя Т-О карт не адасоблена), польская (Вапоўскі, Градзецкі, Сарніцкі) і «вітчизняна».

Асобны раздзел прысвечаны кнізе «ТЕРАТУРГІМА lubo Cudo ktore byly tak w samym swietogudotwornym monastyru Pieczarskim Kiowskim» Афанасія Кальнафойскага 1638 года, якая праілюстравана трыма надзвычай важнымі планамі-відарысамі частак Кіева: план Бліжніх пячор лаўры, план Далёкіх пячор лаўры і таксама Кіева-Пячорскі манастыр і Верхні Кіеў.

Акрамя іншага, закранаюцца пытанні традыцыі зямельнага межавання, спосабаў картаграфічных вымярэнняў, з'яўленне інструментальнай здымкі. Таксама прыводзяцца прыклады ўжытку картаграфічных матэрыялаў у гаспадарскіх (судовых) справах, з якіх вынікае, што ўжыванне лакальных планаў было досыць звычайнай справай у Кіеве ў сярэдзіне XVII ст. З 1667 года Кіеў перайшоў у валоданне Маскоўскай дзяржавы, і гэты перыяд у кнізе акрэслены не іначай як «каланіяльны». Фармуліроўка трапная, але як для беларускай гістарыяграфіі пакуль нязвыкла рэзкая.

Асобна Тэцяна Люта спыняецца на гісторыі горадабудаўніцтва і тапаграфіі Кіева. Апошні раздзел у кнізе «Таємні місця Київських карт» багаты на цікавосткі і радуе творчым падыходам у прачытанні картаграфічных крыніц, тут будзе дастаткова прывесці назву аднаго з падраздзелаў: «Загублены Гоголів персонаж». У заключэнні некалькі слоў пра Кіеўскую інжынерную каманду, якая дзейнічала не пазней за 1740-я гады і пра вялікі слабадаследаваны масіў карт і планаў XVIII-XIX стст. гучаць хутчэй як кірунак для далейшай працы па даследаванні гісторыі тапаграфіі Кіева.

Калі казаць пра заўвагі, то першы раздзел, прысвечаны старадаўняй картаграфіі, месцамі падаецца не дастаткова прапрацаваным, асобныя думкі або недастаткова раскрыты, або не маюць дачынення да прадмета даследаваня. Напрыклад, увага нададзена распаўсюду друкаванай «Геаграфіі» Пталамея, але не яго рукапісам (з тых што захаваліся, сёння вядомыя на грэчаскай мове раней за XIII ст.; пачаткам XV ст. датуюцца лацінскія пераклады); спрэчным падаецца наданне статуса адкрывальніка «Геаграфіі» Пталамея Мікалаю Германусу; па-за кантэкстам згадваюцца славуты астраном Улугбек з Самарканда і яго каталог зорнага неба і г.д. Цалкам заўвагі гэтыя не крытычныя, агульна чытаецца тэкст з цікавасцю. Памылкова пазначана карта Марка Беневентана 1507 года выдання як карта Бярнарда Вапоўскага 1526 года. У тэксце адсутнічаюць спасылкі на нумары ілюстрацый, у асобных выпадках гэта выклікала складанасці (бо некаторыя згаданыя карты апублікаваны, а некаторыя не). Адзначым таксама не заўжды дастатковую якасць апублікаваных выяў (акрамя двух каляровых уставак, ілюстрацыі чорна-белыя). У астатнім кніга пакідае станоўчае ўражанне і без сумневаў з'яўляецца каштоўным, багатым на факталагічны матэрыял гістарычным даследаваннем.

Можна таксама дадаць некаторыя ўдакладненні. У тэксце згадваецца карта 1572 года, выкананая ў Францыі для Генрыха Анжуйскага. Нам невядомая французская (для канца XVI ст. гэта нават здаецца малаверагодным) карта Рэчы Паспалітай, але выкажам меркаванне, што гаворка магла ісці аб больш вядомай і найбольш грунтоўнай на той час карце Еўропы Герарда Меркатара (з пэўнымі выключэннямі, усе наступныя еўрапейскія карты, атласы, глобусы і г.д. грунтаваліся на выданнях Артэліўса або Меркатара). Адзначым, што ні на ёй, ні на больш ранняй яго карце Еўропы 1554 года ў славутага картографа, які шмат у чым перадвызначыў еўрапейскі погляд на Усходнюю Еўропу, Украіна не пазначана. Такім чынам, наколькі нам вядома, першая карта з тапонімам Украіна (VKRAINA) – Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага 1613 года (амстэрдамскае выданне). З высокай імавернасцю можна казаць, што тапонім прысутнічаў і на першым выданні карты (каля 1603 года, нясвіжскае выданне), якое існавала, але пакуль не выяўлена. Такім чынам, з'яўленню на еўрапейскіх картах Украіна, відаць, абавязана князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротке ды выканаўцу карты нясвіжскаму гравёру Тамашу Макоўскаму.

Зрэшты, шаноўная аўтарка і сама прызнае, што падрыхтаваны нарыс не з'яўляецца ўсеахопным, пытанне патрабуе далейшага, пажадана калектыўнага даследавання. Некаторыя кіеўскія планы толькі згаданы, звычайна са спасылкамі на бібліяграфію.

З важных для даследчыкаў картаграфіі крыніц, прысутных у кнізе, адзначым:

  • турэцкую карту цечы Дняпра з праектам захопу Кіева, 1492 год;
  • невялічкія віды асобных мясцін Кіева, якія захаваліся у рукапісе 1584 года Марціна Груневега;
  • планы пячор і частак Кіева Афанасія Кальнафойскага з "ТЕРАТУРГІМА" 1638 года;
  • дзве карты Кіева і ваколіц падкаморыя кіеўскага Юрыя Нямірыча 1650-х гадоў (апублікаваны асобнымі каляровымі аркушамі). Дарэчы, гэтыя карты ў 1985 годзе былі перададзены з Радзівілаўскага фонду, якія захоўваецца ў Беларускім гістарычным архіве, у Дзяржаўны гістарычны архіў Украіны;
  • план, створаны пячорскімі манахамі пад наглядам маскоўскага ўрадніка Івана Ушакова ў 1695 годзе;
  • інструментальны план Кіеўскай інжынернай каманды 1745 года;
  • шэраг іншых планаў канца XVII – XIX стст. — «каланіяльнага» часу.

Цалкам кніга пакідае станоўчае ўражанне, для беларускага чытача не толькі раскрывае сітуацыю з вывучэннем кіеўскай картаграфічнай спадчыны, але знаёміць з агульным станам і кірункамі даследаванняў па гісторыі прасторы ва Украіне.

 

* — у кнізе працытаваны верш Пітэра Айкрада "Лондан", але "пераліцаваны на сумны кіеўскі лад". Матыў верша цалкам сугучны з сумным лёсам гістарычнай забудовы і многіх беларускіх гарадоў.