Уладзімір Шчасны — надзвычайны і паўнамоцны пасол ад культуры


Уладзімір Шчасны — надзвычайны і паўнамоцны пасол ад культуры

BY | RU

Уладзімір Шчасны

Беларуская культурная спадчына ні ў чым не пераўзыходзіць, але і не саступае іншым народам. У гэтым пытанні няма месца катэгорыям перавагі, бо ў такім разе гэта будзе хутчэй гаворка пра палітыку, якая спрабуе эксплуатаваць культуру ў сваіх надзённых патрэбах. Культура народа неад’емная ад яго традыцыі, і каштоўнасць яе палягае ў самабытнасці і ўнікальнасці.

Каштоўнасць уласнай культуры, мовы і традыцыі здаецца відавочнай, але ўсё мае сваю цану, усё можна купіць, адняць або скрасці. Складанае пытанне чаму так сталася, пакінем на іншы раз. Сёння хочацца казаць пра тых людзей, якія кожны раз з упартасцю Сізіфа пачыналі з самага пачатку. Іх не бянтэжыла тое, што на эстафеце ім прыходзілася выходзіць на старт з вялікім адставаннем і нават без поўнага складу каманды.

Традыцыя калекцыянавання

Калекцыянаванне таксама патрабуе традыцыі. І яна ў нас існуе. Кволай стужкай яна віецца са старадаўніх часоў: духоўныя (у шырокім сэнсе) каштоўнасці збіраліся пры кляштарах, у магнацкіх сядзібах і княскіх палацах. Але толькі малая частка з гэтых збораў захавалася і засталася ў Беларусі. Тое ж самае мы можам сказаць пра кнігазборы скасаваных каталіцкіх Ордэнаў, фамільныя калекцыі расцярушаных шляхецкіх сядзіб, буйную калекцыю (пераважна нумізматычную) Эмерыка Гутэн-Чапскага старэйшага, бібліятэку Храптовічаў, меншыя калекцыі кшталту збораў Генрыха Татура і шмат-шмат іншага.

Калі казаць пра мадэрнавыя часы, то першым беларускім калекцыянерам мы назавем Івана Луцкевіча. Збіраў ён не для сябе, збіраў для Беларусі, але яго зборы засталіся ў Вільні. Адным з першых калекцыянераў і даследчыкаў менавіта старадаўніх карт быў Віктар Астроўскі, яго калекцыя знаходзіцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане і да сёння яна не апісана і не ўведзена ў навуковы зварот.

 У часы незалежнай Беларусі, бадай, найбольш вядомым калекцыянерам картаў быў Уладзімір Рыгоравіч Шчасны. Чалавек, які займаў высокія дыпламатычныя пасады і шмат зрабіў для краіны і ў сферы палітыкі, і ў сферы культуры.

"Давялося б пісаць праўду"

 Нарадзіўся Уладзімір Шчасны 25 лістапада 1948 года ў Смаргоні, атрымаў лінгвістычную адукацыю. У 1972 годзе стажыраваўся ў Пакістане. Скончыў курсы ААН пры Маскоўскім інстытуце замежных моў імя М. Тарэза (1978). У 1978–1982 гадах быў супрацоўнікам службы рускіх пісьмовых перакладаў Сакратарыята ААН у Нью-Ёрку. Затым працаваў на розных пасадах у Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Жыў у Мінску.

Мне пашанцавала быць знаёмым з Уладзімірам Рыгоравічам, мы камунікавалі пераважна па пытаннях гісторыі картаграфіі. Але часам за кубкам кавы ў яблыневым садзе ў Сеніцы або на нашай былой графічнай майстэрні ў Менску яго расповеды выходзілі за межы нашага агульнага інтарэсу. Мяне заўжды заварожвалі яго ход мыслення, расповеды былі шырокімі і адначасна лагічнымі і дакладнымі ў дэталях. Дзівіла, як чалавек, па-сутнасці, сфарміраваны ў савецкі час, мог мець такі тонкі густ і шляхетныя манеры.

Уладзімір Рыгоравіч з іроніяй распавядаў пра недабразычліўцаў, з годнасцю пра свае заслугі. А яны ў яго былі. Акрамя палітычных спраў, яго стараннем Нясвіжскі і Мірскі замкі былі ўключаны ў спіс ЮНЕСКА, ён быў ініцыятарам аднаўлення сядзібы Агінскіх у Залессі, меў дачыненне да ўкладання нормаў лацінскай транслітарацыі беларускай мовы. У 2008 годзе быў заснаваны музей "Прастора Хаіма Суціна" у Смілавічах. На жаль, я не памятаю ўсяго таго, што распавядаў Уладзімір Рыгоравіч, а на мае заклікі, што яму катэгарычна трэба напісаць мемуары, ён адказваў: "Я не магу іх напісаць. Таму што я павінен буду пісаць праўду".

1

Дыпламат, лінгвіст, але ўсё жыццё яго цягнула да творчасці. Выпадкова, яшчэ студэнтам я патрапіў на спектакль Коласаўскага тэатра "Шагал... Шагал...", які я вельмі хачу перагледзець, але баюся, каб не сапсаваць той непаўторны сентыментальны ўспамін. Спектакль пастаўлены паводле п'есы "Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі" Уладзіміра Драздова (Шчасны абраў сабе творчы псеўданім па дзявочым прозвішчы маці).

Уладзімір Драздоў аўтар яшчэ дзвюх п’ес пра сусветна вядомых мастакоў "Мадам Боншанс" і "Ружа ў чыстым полі", якія ставіліся ў Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа. Увогуле, усім нам сёння вядомы культурны фенамен "Мастакі Парыжскай школы — ураджэнцы Беларусі" (згадваем Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, Файбіш-Шрага Царфіна, карпатратыўную калекцыю Белгазпрамбанка, выставы і каталогі Нацыянальнага мастацкага музэя), гэта вынік апантанасці аднаго чалавека — Уладзіміра Шчаснага.

Таксама Уладзімір Шчасны пакінуў след у перакладчыцкай галіне. У яго перакладзе выйшаў зборнік аповесцей амерыканскай пісьменніцы Карсан Мак-Калерс "Балада пра сумнае кафэ" (1988), зборнік "Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне" (1993). У апошнія гады ён працаваў над англійска-беларускім слоўнікам, які, на жаль, не паспеў дарабіць.

Картаграфічная калекцыя Уладзіміра Шчаснага

Картаграфічную калекцыю Уладзімір Шчасны пачаў збіраць у пачатку 1990-х гадоў, найбольш каштоўныя экспанаты былі куплены падчас яго службы ў 1995–2000 гадах Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Вялікабрытаніі (па сумяшчальніцтве і ў Ірландыі). Сама па сабе калекцыя не ўтрымлівае надта рэдкіх карт або гравюр. Аб’яднаўчым матывам для ўсіх аркушаў збору з’яўляецца іх звязанасць з той Беларуссю і яе гісторыяй.

Упрыгожвае калекцыю Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага Вільяма Блаў (выданне 1643 года, датаваная 1613 годам). Карта неаднаразова экспанавалася і з'яўляецца адметнай тым, што яна не каляраваная (гэты карты сустракаюцца пераважна ілюмінаванымі), мае дадатковыя аркушы з цячэннем Дняпра і, што найбольш каштоўна, у камплекце да карты былі прыдбаныя першыя аркушы з атласа, з якога паходзіла карта, што дае магчымасць дакладанага яе датавання.

Працуючы над бібліяграфічным апісаннем калекцыі, мы неаднаразова абмяркоўвалі лёс калекцыі. Адным з варыянтаў яе захавання Шчасны бачыў перадачу яе ў музей. Прычым не ў буйны, дзе калекцыя проста легла б на паліцы сховішчаў. Найбольш прывабным месцам для перадачы сваёй картаграфічнай калекцыі Уладзімір Рыгоравіч уяўляў музей-сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Адзінай пажаданай умовай было экспанаванне калекцыі ў асобнай зале і наданне гэтай зале яго імя.

2

Вялікая страта для Беларусі

15 лістапада 2020 года Уладзіміра Шчаснага не стала, ён памёр у сябе дома ў Сеніцы ад COVID-19.

Нам вядома, што часткова калекцыя была перададзена ў Залессе, але не ўся. Частка карт і гравюр, прычым найбольш каштоўных, да апошняга часу заставалася ў доме Уладзіміра Рыгоравіча. Далейшы іх лёс невядомы.

Картаграфічная калекцыя Уладзіміра Шчаснага мела важнае значэнне для культуры калекцыянавання ў Беларусі, яе каштоўнасць была якраз у цэльнасці і ў тым, што яна была звязана з незвычайным чалавекам. Адасобленыя карты, адарваныя ад калекцыі, па-сутнасці, маюць толькі матэрыяльную каштоўнасць, якая вызначаецца коштамі аўкцыёнаў. Такую калекцыю пры дастатковым фінансаванні можна сабраць за год-два, і гэта ўсяго толькі грошы. Але, на жаль, у чарговы раз чыёсьці жаданне зарабіць болей або папоўніць уласную калекцыю, няўвага з боку дзяржавы да музейных спраў разбураюць закладзеную традыцыю.

Для аматараў ніжэй падаецца спіс карт калекцыі, які быў створаны сумесна з Уладзімірам Рыгоравічам. Спадзяемся з часам аднавіць калекцыю ў віртуальным фармаце.

 Картаграфічная калекцыя Уладзіміра Шчаснага

1. 1544 (1555). S.Munster. Новая карта Сарматыі.

2. 1572. Braun-Hogenberg. VILNA.

3. 1572. Braun-Hogenberg. GRODNAE.

4. 1595(1633). Меркатар. Lithuania.

5. 1613 (1643). BLAUE. Карта ВКЛ + карта Дняпра.

6. 1665. Sanson. Вільня, Трокі.

7. 1680. De Witt. Regni Polonia.

8. 1718. Chatelain. Carte da Pologne.

9. Каля 1720. H.Mool. Russia or Moscovy.

10. 1733 (1770). Tirion. Koninkryk Poolen.

11. 1759. D'Anville. The Russian Empire in Europe.

12. 1770. Clouet. Карта Прусіі і ВКЛ.

13. 1781. R.Zanonni Wilna,Troki…

14. 1781. R.Zanonni. Minsk, Mstislav…

15. 1787. Brion de la Tour.

16. 1772, Carte de la Lithuania…

17. 1807. BRIGHTLY-KENNERSKY. Poland: shоwing.

18. 1838. Carte de la Russie D’Europe.

19. 1839. L.Hodzko. Carte Generale des Stata de la Republique POLONAIS.

20. 1841. A Map of the Kingdom of Poland J.Wyld.

21. 1850. L.Hodzko. Carte générale… République de Pologne.

22. 1873. Grandes Divisions Historiques et Ethnographiques.

23. Канец 19 - пач. 20 ст. Карта Минской губернии. Кудрявцев.

24. Канец 19 ст. (1892?). Карта Виленской губерни.

25. Канец 19 ст. (1880-90?). EUROPE.

26. Пач. 20 ст. EuropeOrientale. Feuille Sud.

27. 1909. Europa.

28. Пач. 20 ст. Poland.

29. Пач. 20 ст. Czechoslovakia, Austria&Hungary.

30. Пач. 20 ст. Russia. Atlas of the world.

31. 1920-я. Baltic States & East Prussia / The Times Atlas.

32. 1920-я. Eastern Europe Communications / The Times Atlas.

33. 1930-я. CARTED’EUROPE. CartesTaride №120.

34. 1930-я Russia in Europе and its border states. George Philip & Son.

35. Копія Аблога замка Ляхавічы.