Карта Вялікага Княства Літоўскага на Франкфурцкім кніжным кірмашы 1613 года
BY | RU
Усім вядомая карта ВКЛ, датаваная 1613 годам, у шырокі ўжытак увайшла толькі з пачаткам выдання атласаў “Appendix Theatri A..." Вільямам Блаў ў 1631 годзе1. Адзіны захаваны асобнік – насценная карта, якая знаходзіцца ў Ваймары2, – традыцыйна адносіцца даследчыкамі да больш ранняга перыяду, але гэта не мае пад сабой грунту: карта магла быць зроблена на замову ў 1630–1631 гадах. У любым выпадку, у даследчыкаў картаграфічнай спадчыны Блаў узнікалі пытанні пра інтэнсіўнасць выкарыстання карты цягам досыць працяглага часу – з 1613 па 1631 год – і нават пра само датаванне карты 1613 годам.
Вывучэнне новых крыніц па выдавецкай картаграфічнай дзейнасці прынесла нечаканыя звесткі. Яны, з аднаго боку, часткова могуць дапамагчы вырашыць пытанні “даатласнага” бытавання карты, з іншага – паказваюць, што гэты працэс быў больш складаны і звязаны з больш шырокім колам дзеючых асоб, чым меркавалася раней.
Адной з цэнтральных падзей кніжнай індустрыі XVII стагоддзя быў Франкфурцкі кніжны кірмаш. Хаця афіцыйная дата заснавання Франкфурцкага кніжнага кірмашу не задакументаваная, яна была вызначаная як 1462 год, калі друкары Ёган Фуст і Петэр Шофер, якія сталі кіраваць тыпаграфіяй Гутэнберга пасля судовай спрэчкі, перанеслі сваю дзейнасць у Франкфурт3. На кніжным кірмашы прэзентавалі ў тым ліку карты і атласы. Так, у 1629 годзе Ёдакус Гондыюс-малодшы планаваў выставіць у Франкфурце сваю “ad hoc collections” картаў, аднак яго раптоўная смерць сарвала гэтыя планы.
Без сумневу, карта Радзівіла мелася быць прадстаўленая на выставе для максімальнага камерцыйнага поспеху.
Самыя раннія каталогі кніжнага кірмашу не змяшчалі вычарпальных спісаў выдаўцоў і прадаўцоў. Яны разглядаліся хутчэй як няпоўныя спісы некаторых пастаўнікоў, якія прымалі ўдзел у кірмашы. Тым не менш, у цэлым каталогі давалі даволі дакладнае ўяўленне сучаснага кніжнага рынку, паколькі выразна пазначалі, што прадаецца.
У 1564 годзе Георг Вілер (Georg Wilier), гандляр кнігамі з Аўгсбурга, упершыню апублікаваў “Каталог кніжнага кірмашу”, але ён зусім не быў поўным. Пачынаючы з 1592 года франкфурцкі друкар Мікалаус Басэ (Nicolaus Bassee) публікаваў вычарпальнае выданне, якое ўключала ўсе тавары з кірмашу. Усяго праз шэсць гадоў такія прыватныя ініцыятывы былі безагаворачна забароненыя гарадской радай Франкфурта. З 1598 па 1750 год Каталог Франкфурцкага кірмашу з’яўляўся штогод як афіцыйнае выданне гарадской рады Франкфурта4.
У каталогу восеньскай франкфурцкай кніжнай выставы за 1613 год5 у раздзеле кніг “Гісторыя, палітыка, геаграфія” пазначана: «Nova et accurata magni ducatus Lithuaniae, tabula geographica, quatuor foliis regalibus constans, Amsterodami apud Corn. Nicolai et Henr. Laurentii» (“Новая і дакладная геаграфічная карта Вялікага Княства Літоўскага, якая складаецца з чатырох асобных аркушаў. Выдадзеная ў Амстэрдаме ў Corn.Nicolai & Henr.Laurentij”).
Безумоўна, гэтая фармулёўка паведамляе нам пра Радзівілаўскую карту. Аднак згадак пра асобаў, з якімі звычайна звязваюць выданне карты Вялікага Княства Літоўскага 1613 года: князя Мікалая Радзівіла Сіротку, Тамаша Макоўскага, Вільяма Блаў і Геселя Герыца – мы не бачым. Каталог падае імёны двох амстэрдамскіх выдаўцоў: Corn.Nicolai & Henr.Laurentij.
Corn.Nicolai – псеўданім Карнэліюса Клаўша (Cornelis Claesz), буйнога выдаўца і дылера друкарскай прадукцыі Амстэрдама. Для выдання свайго першага атласа (Caert-tresoor, 1598) супрацоўнічаў з выбітнымі картографамі Петрусам Планцыюсам, Ёдакусам Гондыюсам-старэйшым і Pieter van den Keere. У першым (1606) і другім (1607) амстэрдамскім выданні атласа Меркатара-Гондыюса пазначаны як сувыдавец6. Пасля смерці Карнэліюса ў 1609 годзе выдавецтва было выстаўлена на аўкцыён. Карты набыў Ёдакус Гондыюс-старэйшы і Вільям Янсан Блау, а кніжную краму – Хенрык Лаўрэнцій7.
Другі чалавек, Хенрык Лаўрэнцій (Henricus Laurentius, 1588–1649) – выдавец і гандляр кнігамі ў Амстэрдаме, вучань Карнэлія Клаўша. Выдаў 340 кніг, у асноўным багаслоўскага зместу. У тым ліку фінансаваў выданне тэкстаў на іўрыце для замежнага рынку.
У каталогу кніжнай выставы за 1613 год згадваецца яшчэ некалькі пазіцый, выдаўцом якіх таксама пазначаны Хенрык Лаўрэнцій. Першая – гэта багаслоўскі трактат Сібрандыюса Любертуса11 (Sibrandus Lubbertus, каля 1555–1625), другая – ананімны шматмоўны слоўнік, створаны на базе “Слоўніка” Ноэля дэ Берлеймона10, упершыню выдадзены ў Амстэрдаме ў 1530 г.11
Яшчэ адна кніга, дзе Хенрык Лаўрэнцій згаданы як выдавец, сведчыць аб яго дзелавых стасунках с Геселем Герыцам (Hessel Gerritsz), гравёрам карты Вялікага Княства Літоўскага 1613 года:
Descriptio geographica detectionis freti, sive, transitus ad occasum supra terras Americanas in Chinam atque Iaponem ducturi, item Exegis Hispaniae facta, super Australi incognita. Cum descriptione terrarum Samoiedarum & Tingoesiorum, Amsterodami apub Henric. Laurentii en Ioan.Ianson. in 4.
Відавочна, гэта апісанне кнігі, якая была ўпершыню выдадзеная на галандскай мове Геселем Герыцам (Hessel Gerritsz) у 1612-м: “Beschryvinghe vander Samoyeden landt in Tartarien”. Пасля кніга была выдадзеная на лаціне ў тым самым 1612 годзе (другое выданне ў 1613 годзе).12
Сваю кар’еру Гесель Герыц пачаў як гравёр, а самыя раннія яго гравюры датуюцца1606–1608 гг. У 1610 годзе Герыц выгравіраваў невялікую карту пад назвай “Hertochdommen Gulick, Cleve…”. Прыкладна ў гэты самы час Гесель засноўвае сваю тыпаграфію Op het Water.13
Поўная назва лацінскага выдання выглядае наступным чынам: Descriptio ac delineatio geographica detectionis freti, sive, transitus ad occasum suprà terras Americanas in Chinam atque Iaponem ducturi, recens investigati ab Henrico Hudsono Anglo: item, Narratio ser.mo regi Hispaniae facta, super tractu, in quinta Orbis terrarum parte, cui Australiæ incognitæ nomen est, recens detecto, per capitaneum Petrum Ferdinandez de Quir : una cum descriptione Terræ Samoiedarum & Tingoesiorum, in Tartaria ad Ortum Freti Waygats sitæ, nuperq[ue] Imperio Moscovitarum subactæ. Amsterodami. ExOfficina Hesselii Gerardi. Anno 1612
Кніга змяшчае апісанне Расіі Ісаака Маса; апавяданне Пэдра Фернандаса дэ Кіроса пра меркаванае адкрыццё Паўднёвых земляў і трактат Гудзона з картай, якая адлюстроўвае адкрыццё Гудзонскага заліва падчас яго чацвёртага падарожжа (1610 г.).
У лацінскім выданні 1612 года чакае цікавая знаходка: Гесель Герыц выгравіраваў у 1612 годзе выяву галандскіх караблёў, якую ён паўтарыў на карце ВКЛ.
У 1616 годзе ў кнізе Паўлі Балдуані (Pauli Bolduani) “Bibliotheca philosophica, sive Elenchus scriptorium…” у раздзеле “Спецыяльныя карты” мы знаходзім яшчэ адну згадку пра карту Літвы з такой самай назвай і аўтарамі, пры гэтым Балдуані ўдакладніў год выдання: “Nova et accurata magni ducatus Lithvaniae, tabula geographica, quatuor foliis regalibus constans. Amsterod. 1613.A. ap. Corn. Nicol et Henr. Laurent”. У выданні 1620 года Балдуані скарачае назву і прыбірае з аўтараў Хенрыка Лаўрэнція.
У 1625 годзе Георг Драўд (Georg Draud, 1573-1635) згадвае ў сваёй кнізе “Bibliotheca classica, siue Catalogus officinalis. In quo singuli” аналагічную інфармацыю пра карту з каталога франкфурцкай выставы.
У каталогу выставы 1613 года карта не датаваная, не выключаем, што Балдуані і Драўд датавалі карту на глебе года выдання каталога.
Пасля аналізу ўсіх кніг, пададзеных на кніжнай выставе, можна канстатаваць, што Хенрык Лаўрэнцій выступаў не як выдавец карты, а як яе прадавец на выставе.
Паводле ліста, які даслаў кусташ вармінскай капітулы святар Томаш Трэтэр 25 жніўня 1607 года Радзівілу Сіротку, Трэтэр захоўваў карту свету разам з картай Літвы (“Mappam Universalem cum mappa Lithuaniae”), якія раней былі адпраўденыя ў Фландрыю для гравіроўкі і друку (па меркаванні С. Александровіча, гаворка ідзе пра так званую «нясвіжскую» карту ВКЛ, якая была падрыхтаваная каля 1603 года). У адказ на пісьмовы запыт Тамаша Макоўскага Трэтэр “з тымі ж” адправіў у Нясвіж 80 картаў Літвы (“mappas Lithuaniae”), якія не змаглі прадаць, “хаця і выдавец Bibliopolas Gedanenses заўжды пра гэта клапаціўся”. Пры гэтым Трэтэр паведамляе, што некалькі карт засталіся ў “выдаўца Bibliopolas”14.
Можна меркаваць, што адзін з прададзеных паасобнікаў у Гданску (згаданай Трэтэрам карты Літвы) або асобнік, адмыслова дасланы Сіроткам да Блаў (пасля расчаравання ў працы з гданскімі выдаўцамі і прадаўцамі), трапляе ў рукі Вільяма Блаў. У 1608 годзе Блаў выпускае карту Еўропы, з аналізу якой вынікае, што Блаў не выкарыстоўвае Радзівілаўскую карту для тэрыторыі ВКЛ. Гэты факт сведчыць, што Блаў атрымаў першакрыніцу карты Літвы не раней за 1608 год.
Да восені 1613 Блаў выдае карту Літвы на “чатырох аркушах”, што дазваляе інтэрпрэтаваць яе як насценную карту. Лаўрэнцій прэзентуе карту Літвы Вільяму Блаў на восеньскай франкфурцкай кніжнай выставе. Найбольш верагодна з загалоўкам “Nova et accurata Totius Magni Ducatus Lithuaniae Tabula, auet Guil. Ianssonio”. Магчыма, Лаўрэнцій атрымлівае фінансаванне на маркетынгавую кампанію ад Радзівіла Сіроткі, бо ні да, ні пасля 1613 года не атрымалася адшукаць у каталогах франфурцкай кніжнай выставы імя Лаўрэнція.
Высновы:
- карта Літвы Вільяма Блаў была цалкам гатовая да восені 1613 года;
- картаграфічны матэрыял (карту), на базе якога Вільям Блаў стварае карту Літвы 1613 года, ён атрымаў не раней за 1608 год;
- насценная карта Літвы мела асобны загаловак, найбольш верагодна, у верхняй частцы карты, які не захаваўся на Ваймарскім паасобніку;
- продажам карты займаўся не толькі Вільям Блаў, але і Хенрык Лаўрэнцій.
1. Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis G. Mercatoris, continens Tabvlas Geographicas diversarum Orbis regionum, Nvnc Primvm Editas cum descriptionibus. Koeman 2:021 Appendix Theatri… et Atlantis, first edition, Willem Jansz. Blaeu 1631
2. Anna Amalia Bibliothek. Kt 237 - 201 S
3. Peter Weidhaas. A History of the Frankfurt Book Fair. 2017. P.25
4. Peter Weidhaas. A History.... P.50
Catalogus universalis pro nundinis Francofurtensibus autumnalibus de Anno 1613: Hoc est: Designatio
5. omnium librorum, qui hisce ... prodierunt Leipzig: Lamberg, 1613.
6. J. Keuning. The History of an Atlas: Mercator. Hondius. Imago Mundi Vol. 4 (1947), pp. 44,46
7. P.J. Blok, P.C. Molhuysen. Nieuw Nederlandsch biografisch woordenboek. Deel 10(1937). P.174
8. De Boekenwereld. Jaargang 1(1984-1985).P. 13
9. Sibrandi Lubberti. Сommentarii ad XCIX errores Conr. Vorstii. Franekerae prost. Apud. Ioan. Gommelinum er Henrcium Laurentii in 8
10. Colloquia Dictionariolum linguarum, Amstelradami apub Henrcium Laurentii in forma octava obloga
11. Noel De Berlemont. Colloquia et dictionariolum octo linguarum, Latinae, Gallicae, Belgicae, Teutonicae, Hispanicae, Italicae, Anglicae, et Portugallicae… 2010. Eebo Editions, Proquest
12. Болей пра розныя выданні гэтай кнігі – https://www.dbnl.org/tekst/gerr049besc01_01/colofon.php
13. The History of Cartography, Volume Three : Cartography in the European Renaissance / David Woodward
2007. P.1315
14. Станіслаў Александровіч. Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад XV да сярэдзіны XVIII
стагоддзя. Мінск: “Тэхналогія”, 2021. С. 79
< Папярэдні | Наступны > |
---|