Каланіялізм на картушах: вобразы і ўлада на картах ранняга Новага часу


Каланіялізм на картушах: вобразы і ўлада на картах ранняга Новага часу

Роля картаў як інструментаў каланіяльнага кантролю добра вядомая; картушы на картах з'яўляюцца тымі месцамі, дзе картограф часта адкрывае гледачу свае інтарэсы або забабоны, пры гэтым каланіялістычны характар, перададзены ў картушах, вывучаны недастаткова. У гэтым артыкуле разглядаюцца каланіялістычныя вобразы ў некалькіх картушах з канца ХVІІ да пачатку ХІХ ст., каб паказаць візуальны слоўнік гэтага каланіялістычнага дыскурсу, а таксама стымуляваць далейшае вывучэнне картушаў гэтага тыпу.

У літаратуры па гісторыі картаграфіі агульнавядома, што карты могуць быць як выразам каланіяльных амбіцый, так і інструментамі каланіяльнага кантролю — гэта “асаблівая інтэлектуальная зброя, якая надавала ўладу, дапамагала кіраваць, надавала легітымнасць і кадыфікавала”.1 Імперскія ўлады могуць выкарыстоўваць карты для адлюстравання жаданых тэрыторый, якія ўжо знаходзяцца пад іх кантролем, прычым іх картографы, сціраючы прыкметы ўладанняў карэнных народаў, падмяняюць (напрыклад) мясцовыя назвы новымі, тым самым забіраюць тэрыторыю ў “валоданне”.2

Карты могуць ствараць прывабныя выявы нядаўна захопленых зямель, каб заахвоціць новых каланістаў пасяліцца там.3 Больш за тое, імперскія ўлады выкарыстоўваюць карты ў якасці адміністрацыйных інструментаў для кантролю каланіяльных тэрыторый з пункту гледжання даследавання, вядзення вайны, падаткаабкладання, эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і цэнтралізацыі кіравання.4

Дэкаратыўныя картушы на картах — гэта спецыяльныя месцы, дзе картограф можа данесці да гледача свае інтарэсы або памкненні: усё тое, што немагчыма паказаць на астатняй частцы карты, дзе адлюстравана геаграфія рэгіёну. Як заўважыў Дж. Б. Харлі: “Картуш з'яўляецца pictura loquens картаграфіі. Як і эмблематычны тытульны аркуш або франтыспіс, ён служыць для абстрагавання і ўвасаблення некаторых сэнсаў твора ў цэлым. Такім чынам, картуш можа быць дэкаратыўным, ілюстрацыйным, праграмным, прапагандысцкім, дактрынальным або спрэчным”.5 Стэфані Прат заявіла, што “картуш далёка не маргінальны, але прадстаўляе карту”;6 як такія картушы і іх гісторыя заслугоўваюць уважлівага вывучэння.

У гэтым артыкуле разгледжаны картушы на некалькіх картах канца XVII — пачатку XIX ст., на якіх асабліва выразныя забабоны і інтарэсы каланіяльных картографаў — гэта значыць прыклады ў прапагандысцкіх і дактрынальных катэгорыях Харлі, хоць варта падкрэсліць, што амаль кожны картуш мае дэкаратыўную функцыю ў дадатак да іншых роляў, якія ён адыгрывае на карце. Я спадзяюся, што гэтыя прыклады не толькі дадуць разуменне, як карты могуць выражаць свае каланіяльныя асновы і памкненні, але і натхняць на дадатковыя даследаванні выяваў картушаў, як каланіялістычных, так і іншых тыпаў.7 Гэты жанр маладаследаваны.8

Я вызначаю картаграфічны картуш як элемент у рамцы на карце, які змяшчае тэкст або дэкаратыўныя элементы разам са звязанымі сумежнымі выявамі. Рамка вакол тэксту або выявы картуша з'яўляецца складовым элементам; гэтая рамка можа ўтварацца з мноства рэчаў, вітых ўпрыгожванняў, ракайлевай рамкі, пейзажаў унізе і галінаў дрэў уверсе і г.д. Нягледзячы на тое, што рамка істотны элемент, важна прызнаць, што выявы побач з гэтай рамкай таксама з'яўляюцца часткай дэкаратыўнай праграмы картуша. Распаўсюджаным ужываннем картушаў з'яўляецца адлюстраванне інфармацыі пра назву і аўтара карты, але картушы могуць быць выкарыстаны іншымі спосабамі, для размяшчэння іншага тэксту або графікі, у тым ліку ўстаўленых карт.

Першы прыклад, які я разгледжу, – гэта карта пад назвай Il Regno del Brasile parte nobilissima del Mondo nuovo…, складзеная і выгравіраваная мастаком Андрэ Антонія Аразі (Andrea Antonio Orazi, 1670 – каля 1749) для ілюстравання кнігі Джоа Джазэ дэ Санта Тэрэса (João José de Santa Teresa, 1658 – каля 1733) з назвай Istoria delle guerre del regno del Brasile accadute tra la corona di Portogallo, e la republica di Olanda (Рым, 1698).9 Карта паказвае ўсход Бразіліі і арыентавана на захад, што было звычайнай справай для карт Бразіліі ў гэты перыяд. Уздоўж ніжняга краю карты размешчаны тры картушы. Справа два пуці трымаюць габелен над зямным шарам на паліцы, якая плавае ў моры. На габелене доўгі тэкст аб памерах Бразіліі, яе адкрыцці Партугаліяй і аб захопе зямлі “з рук варвараў” (dalle mani de’Barbari conquistato); затым ён быў захоплены галандцамі, а пасля доўгай вайны зноў узяты партугальцамі ў 1654 годзе.10 Картограф дадае, што сваю карту ён стварыў на аснове апошніх дакладаў і параўнанняў з картамі самых вопытных касмографаў. Недалёка ад сярэдзіны знаходзіцца віты картуш з маштабам у мілях, злева — картуш, на якім мы спынімся тут (мал. 1). Гэты картуш варта ўважліва разгледзець, як і выяву людаедскага расчлянення і гатавання, што беспасярэдне прымыкае да яго на мацерыку.11

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Картуш складаецца з старанна дэкараванага помніка з чалавечымі фігурамі. У верхняй частцы помніка размешчаны герб Партугаліі разам з ваеннымі сімваламі, такімі як штандары, шчыт і пáліца. Ніжэй, высечаная на помніку, размешчана сцэна бітвы паміж еўрапейскімі салдатамі, якая можа паказваць толькі перамогу партугальцаў над галандскім войскам. Ад герба цягнуцца два пуці. Пуці злева трымае крыж з штандарам, на якім напісана Subegit gentes: “Перамагае народы”, пад чым, безумоўна, маецца на ўвазе Партугалія, а не крыж. У дадатак да крыжа пуці трымае ланцуг, які прымацаваны да ашыйніка і металічнага пасу вакол тулава карэннай жанчыны, якая адступае ў страху. Яе можна ідэнтыфікаваць як карэнную жыхарку па яе галаўным уборы і спадніцы з пер'яў; яна таксама носіць калчан і трымае стралу ў адной руцэ, але кінула іншую зброю, у тым ліку лук, яшчэ адзін калчан, сякеру і некалькі іншых стрэл. Адным словам, яна амаль безабаронная.

Пуці справа рахмахвае кінжалам у адной руцэ, у другой трымае штандар з надпісам Vicit Hereses: “Перамагае ерасі”, зноў жа маючы на ўвазе Партугалію. Пуці таксама трымае на ланцугу жанчыну ўнізе, у дадзеным выпадку гэта жахлівая персаніфікацыя ерасі са змеямі замест валасоў і змяінымі хвастамі, якая трымае змяю і звяртаецца да ерэтычных дакументаў. Гэта следаванне персаніфікацыі ерасі ва ўплывовай “Iconologia” Цэзара Рыпа (Cesare Ripa)12 з даданнем змеепадобных хвастоў. Вельмі цікава, што пуці, які заваёўвае карэнныя народы, трымае крыж (а не зброю), а пуці, які перамагае ерась, трымае кінжал (а не крыж). Здаецца, што гэтыя два аспекты каланіяльнага падпарадкавання, ваенны і евангелічны, непадзельныя.

Ерасі, пра якія ідзе гаворка, з'яўляюцца нехрысціянскімі практыкамі карэнных народаў Бразіліі, і мы павінны разумець выяву канібалізму побач як адну з такіх практык (бачная на мал. 1). У 1503 годзе каралева Кастыліі Ізабэла прыняла так званы “Cannibal Law”, які легалізаваў паняволенне канібалаў гішпанцамі ў Новым Свеце, дазвол на рабства тлумачыўся як дазвол весці вайну супраць канібалаў.13 Падобныя правілы дазвалялі партугальцам нападаць на канібалаў14, таму блізкасць сцэны бразільскага канібалізму да вялікага картуша на карце Санта Тэрэса дае юрыдычны прэтэкст для падпарадкавання карэннага бразільскага народа, адлюстраванага і адзначанага ў гэтым картушы.

Франтыспіс кнігі Санта Тэрэса (мал. 2), таксама распрацаваны і выгравіраваны Андрэа Антоні Аразі, варта разглядаць у цеснай сувязі з картушам на карце Бразіліі (мал. 1).15 На франтіспісе візуалізаванае Хрысціянства трымае крыж і келіх з літарамі IHS, што сімвалізуюць Ісуса. Прамень святла ззяе ад гэтых літар уніз на герб Партугаліі, які падтрымліваецца двума пуці, а затым адлюстроўваецца ніжэй на карэнную жанчыну ў галаўным уборы і спадніцы з пяра, вобраз Бразіліі, якая стаіць на каленях на беразе мора і глядзіць уверх да герба з жэстам падзякі. Яна паклала сваю зброю — калчан, лук і стрэлы — на зямлю, а ланцуг, які мы бачылі ў картушы, быў разарваны, і таксама ляжыць на зямлі. На штандары, які цягнецца ад жанчыны да герба Партугаліі, напісана Ab his dominata triumph — “гэтымі рэчамі я перамог, я трыумфую”, што азначае “Партугалія і хрысціянства перамаглі, я трыумфую”. Такім чынам, франтіспіс завяршае пасланне картуша на карце Бразіліі: картуш адлюстроўвае гвалтоўныя ваенныя і рэлігійныя заваёвы, а франтіспіс сведчыць аб тым, што Бразілія будзе квітнець, калі прыме іх.16

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Наступны картуш, які мы разгледзім, знаходзіцца на карце набожнага нямецкага езуіта Генрыха Шэрара (Heinrich Scherer, 1628-1704).17 Шэрар займаўся картаграфіяй, калі працаваў настаўнікам у князёў Баварыі, а ў 1702 годзе апублікаваў свой Atlas novus exhibens orbem terraqueum per naturae opera, historiae novae ac veteris monumenta (“Новы атлас, які паказвае ўсю Зямлю праз прыроднае стварэнне, помнікі старажытнай і найноўшай гісторыі”) (Dillingen and Frankfurt: Bencard, 1702).18 Атлас, які некалькі разоў перавыдаваўся, быў выдадзены ў сямі тамах, якія звычайна каталагізуюцца паасобку. Карта, якую мы будзем разглядаць, прысутнічае ў 4 томе атласа, які называецца Geographia politica; карта называецца Provinciae borealis Americae non itapridem detectae aut magis ab europaeis excultae (“Правінцыі Паўночнай Амерыкі, нядаўна адкрытыя ці, хутчэй, культываваныя еўрапейцамі”) (мал. 3).19

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Даволі просты тытульны картуш, які трымае пуці ў вышыні над невядомымі рэгіёнамі паўночна-заходняй Паўночнай Амерыкі, знаходзіцца ў верхняй левай частцы карты; у правым верхнім куце карты — тры караблі з нацыянальнымі сімваламі на карме — Францыі, Гішпаніі і Англіі — трох дзяржаў, найбольш актыўных у каланізацыі Паўночнай Амерыкі. Карма французскага карабля — і, такім чынам, французская лілія — адкінута ў цень, што сведчыць аб меншай ролі Францыі ў каланізацыі Паўночнай Амерыкі, і Шэрар робіць тое ж самае ў картушы ніжэй. Картуш, які будзе ў цэнтры нашай увагі на гэтай карце, знаходзіцца ў правым ніжнім куце, над дзвюма шкаламі ліг (мал. 4). Тут трое еўрапейцаў — француз, гішпанец і ангелец, у тым жа парадку злева направа, што і караблі вышэй, — трымаюць тры карты, якія дэманструюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі іх краін у Паўночнай Амерыцы, паказваючы іх тром індзейцам, двое з якіх на каленях.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Француз паказвае карту пад назвай Gallorum auspiciis (“Праз надзеі галаў”), і тэкст ніжэй удакладняе, што паказаны Luysiana cum Pentilimnia, гэта значыць Луізіяна і Пяць азёраў, а менавіта Вялікія азёры. Вялікія азёры на карце размешчаны ля ракі Місісіпі, што цалкам супярэчыць рэальнай геаграфіі. Француз паказвае карту карэннаму амерыканцу (пазначаны як гурон), які стаіць на каленях і ўважліва вывучае карту — асабліва тую частку каля вярхоўяў Місісіпі пад назвай карты, на якую паказвае француз. Француз нахіляе сваю карту ад двух іншых, такім жа чынам, як французскі карабель адплывае ад двух іншых у правым верхнім куце карты.20

Гішпанец паказвае карту пад назвай Hispanorum cura (“Праз апеку гішпанцаў”), і тэкст ніжэй кажа, што гэта паказана Novum Mexicum cum California, Нью-Мексіка з Каліфорніяй. Ангелец паказвае карту пад назвай Angloru[m] industria, (“Праз старанасць ангельцаў”), і тэкст ніжэй кажа, што паказана Pensylvania Mariana Carolina, гэта значыць Пенсільванія, Мэрыленд і Караліна. Ангелец і гішпанец шматзначна глядзяць адзін на аднаго, магчыма, намякаючы на ангельскія замахі на гішпанскую Фларыду ў XVII стагоддзі. Два іракезы глядзяць на карту, якую трымае ангелец, і той, хто стаіць на каленях, просіць яго, але ангелец ігнаруе яго. Іракез, які стаіць ззаду ангельца, глядзіць на свайго супляменніка і паказвае на лук у другой руцэ, нібы пытаючыся, ці варта выкарыстоўваць яго, таму ў сцэне адчуваецца нейкае напружанне. Блізкасць іракезаў і ангельцаў, несумненна, намякае на так званы саюз Пагадненне ланцуга (Covenant Chain) паміж ангельцамі і іракезамі ў XVII ст.21

Назвы трох карт цікавыя тым, што яны ўказваюць на ўзровень сур'ёзнасці абавязацельстваў трох нацый адносна сваіх калоній у Новым Свеце: кантраст паміж “надзеямі” французаў, “апекай” гішпанцаў і “старанасцю” ангельцаў паказвае, што Шэрар лічыў французаў найменш сур'ёзнымі. Мы бачылі гэты ж пасыл у правым верхнім куце карты ў выглядзе разбежнага курсу французскага карабля. Розніца таксама выяўляецца ў тым, што гішпанская і ангельская карты акружаны дэкаратыўнымі рамкамі ракайля, а французская — не. Варта таксама адзначыць, што назвы французскай і гішпанскай карт адслойваюцца, у адрозненне ад назвы ангельскай карты, што, відаць, сведчыць аб адноснай хісткасці іх паўночнаамерыканскіх уладанняў.

Картуш найбольш паказальны ранняй асэнсаванасцю — амаль за 300 гадоў да напісання Дж. Б. Харлі — і графічным адлюстраваннем ролі картаграфіі ў каланіяльным прадпрыемстве. Шэрар выяўляе Францыю, Гішпанію і Англію, якія выкарыстоўваюць карты для зацвярджэння сваіх геаграфічных прэтэнзій у Паўночнай Амерыцы, і, у прыватнасці, яны выкарыстоўваюць гэтыя карты, каб адстойваць свае прэтэнзіі перад аўдыторыяй карэннага насельніцтва рэгіёну, у якога яны забралі гэтыя землі. Еўрапейскі картограф на еўрапейскай карце адлюстроўвае еўрапейскія дзяржавы, якія выкарыстоўваюць карты як інструменты заваёвы, пераконваючы карэнных амерыканцаў (якія не выказваюць ніякага супраціўлення ў гэтай неймаверна ідэалізаванай выяве) у іх тэрытарыяльных прэтэнзіях. У пэўным сэнсе гвалт гэтага трохбаковага каланіяльнага заваявання выяўляецца ў віртуальным разрыве Паўночнай Амерыкі на тры часткі — ад адлюстравання на вялікай карце да трох карт, якія трымалі француз, гішпанец і ангелец.22

Пераходзячы да Паўднёва-Усходняй Азіі, мы разгледзім карту Явы, зробленую галандскім вучоным і картографам Адрыянам Рэландам (Adriaan Reland, 1676-1718)23 і надрукаваную ў Амстэрдаме Герардам ван Кёленам(Gerard van Keulen) у яго De nieuwe groote ligtende zee-fakkel каля 1718 года. Карта была надрукавана на двух аркушах з асобнымі назвамі, якія ахопліваюць заходнюю і ўсходнюю часткі вострава, Insulae Javae pars Occidentalis (мал. 5) і Insulae Javae pars Orientalis.24 Карта была створана ў падтрымку гандлёвай імперыі Галандскай Ост-Індскай кампаніі (Verenigde Oost-Indische Compagnie), якая была заснавана ў 1602 годзе. У 1619 годзе галандцы заснавалі горад Батавія (цяпер Джакарта) на паўночным узбярэжжы Явы як сваю штаб-кватэру і цэнтр гандлю ў Галандскай Ост-Індыі. На заходнім аркушы карты ёсць некалькі невялікіх сцэн, дзе рабы працуюць на палях, збіраюць рыс, палююць і трымаюць парасоны для сваіх еўрапейскіх наглядчыкаў.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Картуш знаходзіцца ў левым ніжнім куце карты (мал. 6). Ніжэй ёсць устаўленая карта заліва Батавія (Jakarta Bay). Устаўленая карта ўвянчана платформай, на якой два яванцы сядзяць са звязанымі рукамі за спінай побач з нізкай сцяной, на якой напісаны шэсць радкоў паэзіі. Над невысокай сцяной яшчэ адна пляцоўка з ільвом і яванцам, а на заднім плане пейзаж з пальмамі і галандскім фортам.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Роля льва як сімвала Нідэрландаў была аформлена ў канцы шаснаццатага стагоддзя са стварэннем Leo Belgicus; тут леў трымае герб горада Батавія,25 пры гэтым мае меч і пагрозліва рыкае на яванца справа. Гэты чалавек супакойвае льва, прапаноўваючы яму некаторыя гандлёвыя тавары, у тым ліку жэмчуг, звычайны жэст у адлюстраванні адносін паміж каланіяльнымі дзяржавамі і каланізаванымі народамі.26 Прыводзім ніжэй радкі паэзіі:27

Hic sedet & domitis Leo Belgicus imperat Indis,
Hic movet excussis aurea colla jubis.
Quum fremit, attoniti ponunt diademata reges,
Seque Oriens gazis abdicat ipse suis.
Meta fuit priscis rerum aut spes ultima Ganges,
Quam longe hunc Batavi post sua terga vident!

 

Тут сядзіць бельгійскі леў, пануе над падпарадкаванымі індзейцамі;
Вось ён трасе грывай і варушыць залатой шыяй.
Калі ён раве, ашаломленыя каралі складаюць свае кароны,
Ды і сам Усход кідае свае скарбы.
Ганг быў самай далёкай мяжой або надзеяй старажытных,
Але галандцы пакінулі гэта далёка ззаду!

Нахабства гэтых радкоў уражвае: Рэланд не толькі сцвярджае, што бельгійскі леў ужо пануе над ”падпарадкаванымі” народамі Ост-Індыі — якія намаляваныя са звязанымі за спінай рукамі ў картушы, — але і што далейшыя палітычныя і эканамічныя капітуляцыя гэтых народаў — гэта ўсяго адзін ільвіны рык. Супраціў немагчымы, неймаверны. Галандцы таксама пашырылі свае геаграфічныя і картаграфічныя веды далёка за межы, дасягнутыя ў класічнай антычнасці. Такім чынам, паэтычныя радкі спалучаюць у сабе палітычныя, эканамічныя і тэрытарыяльныя амбіцыі і набыткі. Характэрна, што Рэланд не згадвае пра евангелізацыю; хоць хрысціянства не згадваецца ў статуце Ост-Індскай кампаніі, распаўсюджванне хрысціянскай веры сапраўды было адной з мэтаў кампаніі.28

Варта мець на ўвазе, што эрудыт напісаў гэтыя радкі, шануючы азіяцкія культуры.

Наступныя картушы, якія мы будзем разглядаць, знаходзяцца на карце Амерыкі нямецкага картографа Матэуса Зойтара (Matthäus Seutter, 1678-1756),29 якая называецца Novus orbis sive America Meridionalis et Septentrionalis per sua regna, provincias et insulas iuxta observationes et descriptiones recentiss. divisa et adornata cura et opera Matt. Seutter (“Новы Свет, або Паўночная і Паўднёвая Амерыка, падзелены на каралеўствы, правінцыі і астравы ў адпаведнасці з апошнімі справаздачамі і картамі і ўпрыгожаны клопатам і ўвагай Матэуса Зойтара”) і была ўпершыню апублікавана ў 1720 годзе.30 Картушы на карце былі распрацаваны друкаром і чарцёжнікам Готфрыдам Рогам (Gottfried Rogg),31 які таксама распрацаваў картушы для іншых картаў Зойтара.

Картуш з назвай знаходзіцца ў левым ніжнім куце карты і паказвае падобную да этнаграфічнай сцэну з карэннымі амерыканцамі (мал. 7).32 Справа — правадыр у галаўным уборы з пер'ем, нарукаўнай павязцы, накідцы і вопратцы, а слуга закрывае яго парасонам;33 унізе жанчына жуе і выплёўвае кавалачкі маніёкі ў посуд для падрыхтоўкі cauim, традыцыйнага алкагольнага напою або піва карэнных народаў Бразіліі.34 Злева двое мужчын прыносяць цюкі тытуню і бразільскага дрэва, тыповыя прадукты Новага Свету, на пярэднім плане ў скрынцы ляжаць конусы цукру. Вышэй іншы чалавек прымацоўвае штандар з назвай карты да скалы — такім чынам карэнныя людзі паказаны як удзельнікі ў картаграфічным каланіяльным праекце. У сярэдзіне сцэны ўдалечыні (гледзячы праз каменную арку) адзін індзеец ляжыць у гамаку, а другі вяслуе на каноэ, дзве тыповыя вынаходкі ндзейцаў, у той час як удалечыні справа індзейцы збіраюць цукровы трыснёг і тытунь, паказваючы важныя прадукты Новага Свету і працу па іх зборы. У верхняй частцы картуша некалькі птушак Новага Свету: папугай, пелікан, тукан і дзіўная водная птушка з зубастай дзюбай. У гэтым картушы карэнныя амерыканцы збіраюць некаторыя тавары, якія будуць прададзены еўрапейцам, але сцэна паказвае жыццё карэннага насельніцтва без уплыву еўрапейцаў, тое, што Жаан-Пау Рубіес (Joan-Pau Rubiés) назваў ”язычніцкай цывілізацыяй” (gentile civilization), або цывілізацыяй без святла хрысціянскай рэлігіі і без еўрапейскай каланізацыі.35

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Картуш у левым верхнім куце карты Зойтара, наадварот, паказвае еўрапейцаў, якія прымаюць значны ўдзел у жыцці карэнных народаў Новага Свету (мал. 8).

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Абзац у вітай рамцы распавядае пра адкрыццё Амерыкі, гандаль, які там вядзецца, і прагрэс евангелізацыі:

Novus orbis. Non ratione creationis sed titulo inventionis Anteriores insulae A. 1492 a Christoph. Colombo Genuensi primum detectae, cujus vestigia A. 1497 secutus Americus Vesputius Florentinus, ac interiora Continentis ingressus, immortalem gloriam reportavit, ut ex nomine ejus AMERICA appellaretur, quamvis vulgo Indiae Occidental. cognomento insigniatur. Hispaniae Reges amplissimas ditiones ibi possident, sed et Anglor Gallor Lusitanor Batavor frequentes coloniae et emporia celeber reperiunt. Lux Christ. fidei per Missionarios affulsit, in plurimis tamen regionibus spissae ad huc idololatrici cultus tenebrae mentes obnubilant.

 

Новы Свет. У 1492 годзе Хрыстафор Калумб упершыню выявіў Антыльскія астравы не паводле плана стварэння, а ў імя адкрыцця. Амерыга Веспучы з Фларэнцыі пайшоў па яго слядах у 1497 годзе, пайшоў у глыб кантынента і вярнуў неўміручую славу, настолькі, што краіна была названа Амерыкай ад яго імя, хоць звычайна яе называюць Вест-Індыяй. Каралі Гішпаніі валодаюць там велізарнымі ўладаннямі, але таксама шмат калоній і гандлёвых пастоў ангельцаў, французаў, партугальцаў і галандцаў. Святло хрысціянскай веры ззяе дзякуючы місіянерам, але ў многіх рэгіёнах густыя цені ідалапаклонства ўсё яшчэ азмрочваюць розумы.

Зойтар запазычыў гэты тэкст з невялікімі зменамі з картуша на карце Адама Фрыдрыха Цюрнера (Adam Friedrich Zürner) Americae tam Septentrionalis quam Meridionalis in Mappa Geographica Delineatio (Амстэрдам: Pieter Schenk, c. 1710).36 Як мы зараз ўбачым, Зойтар запазычыў і іншую ідэю з карты Цюрнера.

Афармленне картуша працягвае тэмы заваёвы і евангелізацыі. На картушы паказаны вобраз рэлігіі, якая сядзіць над тэкстам, кіруе сцэнай, трымаючы крыж, келіх і Біблію, а над галавой у яе ззяе сонца. На стужцы каля яе напісана In Occidente lux in Occidua orta, гэтая дзіўная фраза з лацінскай мовы значыць “На Захадзе святло, на Захадзе ўзнялася” і адносіцца да прыходу хрысціянства ў Новы Свет. Фраза абыгрывае ідэю, якая згадваецца ў Эзэкііля 43:2, аб тым, што Божая слава прыйшла з Усходу, і, магчыма, мае сувязь з выказваннем, якое прыпісваецца Барталамею Пізанскаму (Bartholomew Rinonico, памёр каля 1401 г.), пашыраным у канцы XVII і пачатку XVIII стагоддзяў. Падобна, што такая фраза, наводзіла на думку, што дабраславенне Багародзіцы, якое атаясамліваецца са святлом, прыйшло з Усходу.37

Злева за сталом сядзяць тры мужчыны ў рознай вопратцы; яны, здаецца, прадстаўляюць даследчыкаў з трох розных краін: магчыма, Гішпаніі, Італіі і Ангельшчыны — магчыма, Эрнана Картэса, Хрыстафора Калумба і Генры Гудзона. На стале стаіць міса з яйкамі, а фігура злева, якой можа быць Калумб, паказвае на яйка, якое знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, відавочна, намякаючы на ​шарападобнасць Зямлі і, такім чынам, на глабальныя амбіцыі еўрапейскіх даследаванняў. На стужцы вышэй напісана Inventis facile est addere: (“Лёгка дадаць да [нашых] адкрыццяў”), напышлівае абвяшчэнне еўрапейскага голаду да далейшых заваёваў. Мастак картуша Зойтара Готфрыд Рог запазычыў сцэну даследчыкаў вакол стала, прычым адзін з іх паказваў на яйка, з карты Адама Фрыдрыха Цюрнера Americae tam Septentrionalis quam Meridionalis 1710-х гадоў (згадваецца крыху вышэй). На гэтай карце фраза на абрусе даследчыкаў гучыць яшчэ больш амбіцыйна: Nun könen wirs alle (“Цяпер мы можам [атрымаць] усё”).

Справа ў картушы Зойтара два карэнныя жыхары становяцца на калені перад сціплым алтаром, паклаўшы на зямлю ахвяры — жэмчуг, каштоўныя камяні і сасуд. На алтары — распяцце, келіх, збан і нешта, падобнае да аблатак для прычасця. На заднім плане яшчэ два туземцы прыносяць дадатковыя ахвяраванні, а ўверсе стужка з надпісам Aeternas anhelat opes (”Яно дыхае вечным багаццем”). Слова “вечны” кажа пра тое, што фраза мае рэлігійны характар, і такім чынам, суб’ектам гэтага прыметніка з’яўляецца альбо распяцце на алтары, альбо святло хрысціянства, якое ўзышло на Захадзе. Але гэтая фраза, здаецца, таксама паказвае на багацце, якое прыносяць на алтар туземцы — узнагароду за заваёвы даследчыкаў за іншым сталом.

Мы, несумнеўна, параўноўваем і супрацьпастаўляем стол даследчыкаў злева і алтар справа, бязмежную прагу даследчыкаў да тэрыторый з духоўнымі багаццямі, якія Касцёл свабодна прапануе народам Новага Свету. Гэта адлюстраванне каланіяльнага прадпрыемства з персаніфікаваным вобразам рэлігіі, якая наглядае за пошукамі, а таксама евангелізацыяй, і з акцэнтам на перавагах хрысціянства, а не на пакутах заваёвы, што, безумоўна, з'яўляецца скажэннем і прыхарошваннем. Мы таксама павінны супрацьпаставіць картуш з загалоўкам ніжэй, які адлюстроўвае карэнных жыхароў Амерыкі, якія жывуць без хрысціянства, і картуш вышэй, які паказвае як працяг працэсу заваёвы, так і абяцаныя перавагі евангелізацыі. Картуш ніжэй паказвае магчымасць, якую прадстаўляюць некаланізаваныя народы Новага Свету, у той час як картуш вышэй ілюструе выкарыстанне гэтай магчымасці.

Картуш на карце Зойтара іншага рэгіёна, Паўднёва-Усходняй Азіі, выказвае падобныя ідэі. Карта мае назву India orientalis cum adjacentibus insulis nova delineatione ob oculos posita (“Усходняя Індыя з прылеглымі астравамі, размешчаная перад вачыма і ў новых абрысах”), якая ўпершыню была апублікаваная каля 1730 года.38 У гэтым выпадку картуш не падпісаны (мал. 9).

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Злева — сцэна евангелізацыі: еўрапеец прапаведуе цёмнаскурым туземцам, большасць з якіх стаіць на каленях. У многіх з іх аголены торс, іншыя апранутыя, што паказвае на вышэйшы статус, а трое носяць цюрбаны, таму сцэна адлюстроўвае навяртанне ў мусульманства. Святар паказвае на сонца з трохкутнікам у ім, які прадстаўляе Тройцу, і два анёлы прыносяць Біблію, келіх і збан. Туземцы падымаюць рукі ў пашане перад боскім святлом.

У цэнтры картуша манумент, на якім адлюстравана назва карты, вакол яго мясцовыя дрэвы; вышэй — жывёлы родам з Азіі, дзве малпы, сабака, папугай і яшчэ адна птушка. Унізе ёсць невялікая статуя Буды, некалькі твораў з парцаляны: вядома, парцаляна з Кітая і Японіі, што выяўлена на паўночна-усходняй частцы карты, была адным з найбольш цікавых для еўрапейскіх купцоў азіяцкіх вырабаў.39

Справа персаніфікаваны вобраз Еўропы, з каронай і скіпетрам, якая сядзіць, прыхінаючыся да помніка з назвай карты, у той час як некалькі цёмнаскурых мужчын прапануюць ёй каштоўныя тавары: слановую косць, каралы, марскія ракавіны, золата, каштоўнасці і ежу. Тым часам Няптун, бог мора, стаіць за Еўропай, паказваючы на караблі ўдалечыні, якія павязуць тавары праз мора ў Еўропу.

Важна адзначыць, што гэтыя тавары мужчыны аддаюць у Еўропу ў якасці падарункаў: ніякіх прыкмет эканамічнага абмену няма. У верхнім картушы на карце Амерыкі Зойтара (пра якую гаварылася вышэй) тэкст у рамцы аддзяляе сцэны геаграфічнай заваёвы і навяртання ў хрысціянства з персаніфікаваным вобразам рэлігіі, якая кіруе абодвума працэсамі; тут сцэны дэманструюць актыўную евангелізацыю і эканамічную эксплуатацыю, і нічога не паказвае, што рэлігія кантралюе атрыманне гандлёвых тавараў. Але мала падстаў думаць, што гэтыя адрозненні адлюстроўваюць адрозненні ў еўрапейскім стаўленні або палітыцы ў адносінах да двух рэгіёнаў. Па картушах на дзвюх картах Зойтара мы бачым, што ён меў дастатковы запас візуальных вобразаў для картушаў на картах каланізаваных рэгіёнаў, і што ён схільны спалучаць евангелізацыю і эканамічную эксплуатацыю.

Карта-від Бостана, зробленая амерыканскім ювелірам, гравёрам і патрыётам Полам Рэверам (Paul Revere) у 1768 годзе, мае незвычайны картуш, які паказвае, як індзеец перамагае еўрапейца, але выява шматзначная. Улетку 1767 года брытанскі парламент прыняў Законы Таўшэнда (Townshend Acts), новы набор пошлін, якія павінны плаціць амерыканскія калоніі на імпарт брытанскай гарбаты, свінцу, шкла, парцаляны, фарбы і паперы. Палітычныя забурэнні, выкліканыя законамі ў Бостане, самым мяцежным горадзе ў калоніях, пераканалі брытанцаў паслаць у горад войскі, першыя часткі прыбылі 30 верасня 1768 году. Карта Рэвера з назвай A View of Part of the Town of Boston in New-England and Brittish [sic] Ships of War Landing their Troops! 1768 паказвае прыбыццё брытанскіх караблёў, высадку на бераг і іх збор на Лонг-Уорф — у той час як у горадзе не паказаны ніводны чалавек, такое адлюстраванне хваляванняў, якія выклікалі адказ брытанцаў, паказвае іх падаўленымі (мал. 10).40 Гэты друк — чыстая прапаганда.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Картуш у правым ніжнім куце (мал. 11) змяшчае саркастычнае прысвячэнне графу Хілсбара (Wills Hill, 1718-1793), які адправіў брытанскія войскі ў Бостан.41 Картуш паказвае індзейскую жанчыну, якая бесклапотна трымае лук і стрэлы, з нагой на шыі брытанскага салдата ўнізе. Мушкет і капялюш загінулага салдата сведчаць аб тым, што ён з'яўляецца грэнадзёрам XXIX-га пешага палка, менавіта таго палка, які займаў Бостан: салдаты на пірсе носяць шапкі такой жа формы.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Выкарыстанне індзейцаў для персаніфікацыі вобразу брытанскіх калоній было смелым выбарам. Рэвер, несумнеўна, быў знаёмы з вобразамі Амерыкі як індзейскай жанчыны,42 які з'яўляўся на многіх картах і мог натхніць яго. Ювелір і гравёр Джэймс Тэрнер (James Turner, 1721-1759) зрабіў два віды Бостана гадамі раней, у якіх на пярэднім плане былі карэнныя амерыканцы; гэта не персаніфікацыя, але яны, магчыма, таксама натхнілі Рэвера. Нягледзячы на тое, што гэтыя карты і віды маглі натхніць Рэвера,43 яго вобразы вельмі адрозніваюцца. Персаніфікацыя кантынента Амерыкі (тэрыторыі) была зусім не тым самым, што стварэнне вобраза чалавека, які прадстаўляў брытанскія калоніі (палітычны суб'ект). Брытанія разглядала амерыканскіх каланістаў як каланіяльных падданых, але гэта не апраўдвала выкарыстанне вобразу карэнных амерыканцаў як сімвала тых абставін, асабліва калі каланісты працягвалі забіраць зямлю ў карэнных амерыканцаў і абураліся Пракламацыяй 1763 года, паводле якой Брытанія зарэзервавала землі на захад ад Апалачаў для карэнных амерыканцаў.44 Гэта значыць, у вобразе ёсць кур'ёзная гульня каланіяльнай іерархіі: каланісты, якія падвяргаюцца прыгнёту Вялікабрытаніяй, прынялі ў якасці сімвала карэннае насельніцтва, да якога яны самі ставіліся як да каланіяльных падданых.

Карта з'яўляецца прапагандай, і ідэя Рэвера, верагодна, заключалася ў тым, каб абразіць брытанцаў, выказаўшы думку, што “нават” індзейская жанчына можа перамагчы іх салдат. Тым не меней, прысваенне амерыканскімі каланістамі статусу карэнных амерыканцаў як каланіяльных падданых выклікае здзіўленне і выглядае праблематычным.

У той час як асобныя картографы мелі свае асаблівыя стылі і эстэтычныя інтарэсы, выкарыстанне старанна дэкараваных картушаў на працягу XVIII стагоддзя скарацілася, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі. Мэры Пэдлі (Mary Pedley) сцвярджала, што Французская рэвалюцыя (1789-1799) стала вырашальным фактарам у заняпадзе дэкаратыўнага арнаменту на картах, бо яна зазначыла канец эпохі géographes du roi (каралеўскіх географаў) у Францыі і іншых форм каралеўскай і арыстакратычнай падтрымкі картографаў.45

Мэцью Эдні (Matthew Edney) бачыць, што “ўзрастаючая яснасць” карт у гэты перыяд з’яўляецца вынікам эпохі Асветніцтва, а не Французскай рэвалюцыі і зменаў, якія адбыліся раней.46 І сапраўды, для прыкладу можна згадаць французскага картографа Жака Нікаля Белена (Jacques Nicolas Bellin, 1703-1772), які звычайна аддаваў перавагу складаным картушам, эксперыментаваў з назвамі карт без картуша ў 1730-х гадах і простымі картушамі ў 1740-х.47 Пасля канца XVIII стагоддзя, калі картограф размяшчаў на карце складаны картуш, гэта альбо было з вельмі канкрэтнай мэтай, альбо ён ці яна карысталіся архаічным стылем.

Завяршым артыкул выпадкам, які паказвае, як картуш з каланіялістычнай выявай быў дададзены на карту для канкрэтнай аўдыторыі, прагнай менавіта такой прапаганды. Горад Новы Арлеан быў заснаваны французамі ў 1718 годзе, а ў 1722 годзе яны зрабілі яго сталіцай французскай Луізіяны. У 1763 годзе Францыя саступіла заходнюю Луізіяну, уключаючы Новы Арлеан, Гішпанскай імперыі паводле Парыжскай дамовы. Карлас Лаво Трудо (Carlos Laveau Trudeau, 1743-1816) стаў генеральным геадэзістам гішпанскай Луізіяны ў пачатку 1780-х гадоў і заставаўся на гэтай пасадзе да 1805 года;48 яму дапамагаў Вісэнтэ Себасцьян Пінтада (Vicente Sebastián Pintado, 1774-1829), які змяніў яго на пасадзе генеральнага геадэзіста.49 У 1795-1796 гадах Пінтада сабраў матэрыял для карты землеўладання Новага Арлеана і яго прыгарадаў, і ў 1798 годзе Трудо апрацаваў гэтую інфармацыю ў рукапісную карту, якая захавалася ў некалькіх паасобніках. Я прыводжу ў якасці ілюстрацыі копію, вырабленую ў 1802 годзе, якая захоўваецца ў Дзяржаўным музеі Луізіяны пад назвай Borrador del Plano de la Ciudad de Nueva Orleans y de las Habitaciones del Contorno (“Праект карты горада Новага Арлеана і навакольнага жылля”) (мал. 12).50 На карце няма дэкаратыўнага картуша51 і нічога іншага, што магло б натхніць на стварэнне картуша на больш позняй карце, якая была на ёй заснавана.

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

У 1800 годзе паводле Трэцяга дагавора Сан-Ільдэфонса Напалеон (San Ildefonso Napoleon) аднавіў кантроль над Луізіянай для Францыі, але затым падумаў аб продажы яе, каб пазбегнуць палітычных ускладненняў з Брытаніяй, і ў 1803 годзе Злучаныя Штаты выкупілі Луізіяну ў Францыі. Прэзыдэнт Томас Джэферсан даўно цікавіўся тэрыторыяй на захад ад Місісіпі52 і быў галоўным ініцыятарам пакупкі; адной з галоўных яго задач было атрыманне кантролю над портам у Новым Арлеане.53 Пакуль перамовы яшчэ вяліся, Джэферсан неаднаразова запытваў лепшыя карты гэтай тэрыторыі.54 У 1804 гравёр і пейзажыст Джон Л. Бакета дэ Вайзары (John L. Boqueta de Woiseri, годы працы 1797-1815)55 адчуў магчымасць для стварэння карты, якая б адлюстроўвала Новы Арлеан і яго наваколлі і адзначала магчымасці, якія прадастаўляе купля Луізіяны. У лютым ён пачаў размяшчаць у газетах аб'явы, па якіх шукаў падпісчыкаў для гравіроўкі і друку яго карты рэгіёну Новага Арлеана, а таксама віду на горад. Ён кажа, што гэтыя дзве працы “прысвечаны з дазволу Томаса Джэферсана эсквайра прэзідэнту Злучаных Штатаў”, і працягвае:56

Пражыванне аўтара ў Новым Арлеане на працягу шэрагу гадоў дазволіла яму ажыццявіць сваю прафесію мастака і гравёра, і ён цешыць сябе тым, што прадстаўляе грамадзянам Злучаных Штатаў Амерыкі самы дакладны і поўны план і від на Луізіяну, і горад Новы Арлеан і інш., які толькі можна намаляваць. Твор, для якога цяпер ён просіць заступніцтва адукаваных грамадзян Амерыкі, каштаваў аўтару звыш шасці гадоў стараннай і нястомнай працы і дбайнай руплівасці, і ён з любоўю песціць надзею, што амерыканцы нададуць яму частку таго заахвочвання, якое яны звычайна прысвойваюць па заслугах. Паколькі праца знаходзіцца ў значнай стадыі гатоўнасці, аўтар чакае, што яна будзе гатовая да сдачы прыкладна праз шэсць месяцаў.

Незразумела, як карта (мал. 13), названая A Plan of New Orleans & its Environs, магла быць зроблена Бакета дэ Вайзары за шэсць папярэдніх гадоў, бо яна відавочна заснавана на карце Трудо, таму ён перабольшваў час і намаганні, якія ўклаў у праект. Але ён зрабіў істотныя дапаўненні да таго, што знайшоў у карце Трудо. Ён дадаў устаўленую карту вядомых частак тэрыторыі Луізіяны, іншую карту шырокай тэрыторыі вакол Новага Арлеана, від цэнтральнай плошчы горада, індэкс месцаў у горадзе — і картуш у правым ніжнім куце карты (мал. 14).57

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

Картуш паказвае індзейца, які сядзіць перад дрэвам, здзіўлена глядзіць у неба і складае рукі ў жэсце ўдзячнасці.58 Ён глядзіць на арла, які ляціць над ім, які, відаць, толькі што вынырнуў з аблокаў. Арол трымае ў дзюбе сцяг Злучаных Штатаў59 з сонечнымі промнямі, якія свецяць каля яго і спускаюцца на індзейца. Унізе рака Місісіпі цячэ ад пярэдняга плана да задняга (невялікая стрэлка, якая паказвае кірунак цячэння), з Новым Арлеанам на заходнім беразе і Мексіканскім залівам удалечыні. Паведамленне зразумелае: картограф і, відавочна, яго меркаваная аўдыторыя лічылі, што карэнныя жыхары земляў купленай Луізіяны60 павінны з энтузіязмам вітаць дабратворны кантроль Злучаных Штатаў.61

Chet Van Duzer. Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps

На карце няма прысвячэння Томасу Джэферсану, абяцанага Бакета дэ Вайзары ў яго рэкламе карты, але картограф, тым не менш, справіўся з ёй добра. Ліст, апублікаваны ў Republican Watch-Tower (Нью-Ёрк) у пачатку 1805 года, паказвае, што карта і від Новага Арлеана віселі ў зале Сената ў Вашынгтоне, акруга Калумбія, і што “Прэзідэнт, сакратары і многія члены абодвух Дамоў санкцыянавалі [г.зн. зацвердзілі] іх пасля хвіліннай праверкі”.62 Прэзідэнт Джэферсан валодаў копіяй карты і паставіў яе ў рамку ў сваёй сталовай у Манцічэла, хоць гэтая копія не захавалася.63 Джэймс Мэдысан (James Madison), дзяржаўны сакратар, быў адным з падпісчыкаў карты, і мы маем ліст Бакета дэ Вайзары да яго ад 26 чэрвеня 1804 годзе, у якім гаворыцца, што карта гатовая да адпраўкі яму.64 Такім чынам, карта Бакета дэ Вайзары з устаўленай картай тэрыторыі Луізіяны і экспансіянісцкім картушам была распрацавана і знайшла захопленую аўдыторыю на самым высокім узроўні ўраду ЗША.

Было б каштоўна ўзбагаціць нашы даследаванні картушаў, аналізуючы рэакцыю на іх сучасных гледачоў. Што тычыцца картушаў, пра якія гаварылася вышэй, было б пазнавальна даведацца рэакцыю гледачоў з ліку прадстаўнікоў каланізатараў, у краіне якіх былі зроблены карты, і гледачоў канкуруючых краін, а таксама рэакцыю прадстаўнікоў каланізаваных нацый. Мы ведаем, што картушы знаходзіліся пад пільнай увагай, асабліва калі картушы былі заменены іх стваральнікамі або картографамі-канкурэнтамі пры капіяванні карт, але, на жаль, рэакцыі і абмеркаванні канкрэтных картушаў і іх палітычныя ацэнкі не былі зафіксаваныя.

У заключэнне можна сказаць, што картушы — гэта частка карты, дзе картограф і мастак картуша найбольш выразна дэкларуюць або раскрываюць мэты і забабоны, якія тлумачаць карту, а таксама пэўныя высновы пра меркаваную аўдыторыю карт. Каланіялістычныя картушы на еўрапейскіх і амерыканскіх картах часта гавораць як пра эканамічныя, так і пра духоўныя заваёвы, а ў эканамічнай сферы рэдка паказваюць на абмен з каланізаванымі народамі, выяўлена, што яны дораць свае тавары. Еўрапейская фантазія аб каланіяльнай пасіўнасці і шчодрасці ляжыць у аснове многіх (але не ўсіх) такіх вобразаў.65 Картуш Генрыха Шэрара на яго карце Provinciae borealis Americae… 1702 года паказвае надзвычай ранняе ўсведамленне ролі, якую карты адыгрываюць як прапагандысцкі інструмент заваявання. Далейшае вывучэнне каланіялістычных картушаў навучыць нас больш падрабязна пра тое, як карты і іх картушы функцыянуюць у якасці інструментаў кантролю і пераканання.66

Публікуецца з дазволу аўтара.

The article was originally published, namely as: Van Duzer, Chet, “Colonialism in the Cartouche: Imagery and Power in Early Modern Maps,” Figura: Studies on the Classical Tradition 9.2 (2021), pp. 90-130


Спасылкі >>