Выданне “Ян Няпрэцкі і карта ВКЛ” А.Адамовіча ў кантэксце гісторыі картаграфіі
Не можа не радаваць чарговае даследаванне гісторыі XVIII ст., якое вывучана фрагментарна не толькі ў пытаннях картаграфіі, але і ў агульнагістарычных. Відаць, па прычыне меншай прывабнасці для беларускай гістарычнай навукі яно бачыцца больш “далёкім”, чым, скажам, XVI або XVII ст.
Імя вучонага езуіта Яна Няпрэцкага магло б так і застацца між тысяч іншых у архіўных справаздачах Таварыства Ісуса. Але за сваё кароткае жыццё гэты таленавіты чалавек, як мы ведаем, па паходжанні Rutenus, паспеў зрабіць адну незвычайную на той час рэч – выдаць карту. Карту абшараў усяго Вялікага Княства Літоўскага. Парадаксальна, але на першым варыянце карты яго імя адсутнічала. Затое ўсе наступныя (а апошні стан карты датуецца 1812 годам) паўтаралі, што быў такі картограф на Літве – Ян Няпрэцкі. Дзякуючы гэтаму цікавасць да асобы Няпрэцкага не згасала.
Карта Вялікага Княства Літоўскага Няпрэцкага-Маера пераняла рэпрэзентатыўную функцыю, якую да гэтага паспяхова выконвала Радзівілаўская карта і яе шматлікія перавыданні. Само па сабе такое выданне ў сярэдзіне XVIII стагоддзя адлюстроўвала патрыятычныя настроі ў Літве і мела палітычнае значэнне. Падобна, што гэтым была абумоўлена запатрабаванасць карты і ў пачатку XIX стагоддзя.
Вылучаючы этапы ў храналогіі развіцця картаграфіі, рэгіянальнай або сусветнай, даследчыкі нярэдка звязваюць іх з адной асобай. Да такіх атлантаў картаграфіі мы адносім Клаўдзія Пталамея, Герарда Меркатара, Марціна Вальдзеемюлера ды іншых, у рэгіянальным маштабе засталіся ў гісторыі свае не менш слаўныя рупліўцы картаграфічнай навукі. Безумоўна, усе яны падсумоўвалі веды папярэднікаў, але вынік гэтай працы прыводзіў да новага роўню, да перамены прасторавых, а часам і светапоглядных уяўленняў.
Адметным этапам у картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага з’яўляецца перыяд праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага, калі адбылося абнаўленне застарэлай картаграфічнай базы. І выданне карты Яна Няпрэцкага можна трактаваць як прадвесце той рэфарматарскай эпохі ў справе картаграфіі. Карта Няпрэцкага выдавалася ў выдавецтве “Спадкаемцы Гомана” з камерцыйных меркаванняў. Дзякуючы ўдзелу нямецкага вучонага Тобіяса Маера яна стала важнай гістарычнай крыніцай, якая на пэўны перыяд (з 1749 па 1770-я гады) з’яўлялася не афіцыйнай, але найбольш рэпрэзентатыўнай выявай земляў Вялікага Княства Літоўскага. Таму, цалкам справядліва карту называюць - Няпрэцкага-Маера.
Паказальна, што карта не была выдадзена ў Рэчы Паспалітай – справа картаграфіі ў 1730-40-х гадах знаходзілася ў занядбаным стане. Калі не браць у разлік замежныя выданні, якія адносна тэрыторыі Княства працягвалі грунтавацца на Радзівілаўскай карце, у першай палове XVIII ст. не было створана ніводнай заўважнай карты. Захавалася некалькі планаў гарадоў, звязаных пераважна з патрэбамі Вялікай Паўночнай вайны, а таксама небагаты графічны матэрыял, які эпізадычна выкарыстоўвалі ў гаспадарчых (пераважна судовых) справах. Фактычна, картаграфія адлюстроўвала прыярытэты грамадства і дзяржавы: была запатрабаваная лакальная картаграфія (досыць дакладна будзе назваць яе “канфліктная”), якая рэгулявала розныя сферы адносін. У еўрапейскіх атласах працягвалі выдавацца асобнымі аркушамі карты Рэчы Паспалітай, радзей —карты Вялікага Княства Літоўскага, але яны не выходзілі за межы кампіляцый папярэдніх выданняў. У некаторых выпадках карты ўзбагачалі новай інфармацыяй, такія змены не былі грунтоўнымі, часта абмяжоўваліся гістарычнымі рэмаркамі, дадаваннем рэгіянальных тапонімаў і г.д.
Такім чынам, карта Яна Няпрэцкага распачала новы надзвычай плённы час у справе картаграфіі другой паловы XVIII ст. Аляксей Адамовіч даследуе прычыны і ўмовы стварэння карты, яе эвалюцыю ў выдавецтве “Спадкаемцы Гомана”, а таксама некаторыя сумежныя пытанні, датычныя картаграфічнай справы. Як гэта звычайна бывае, не на ўсе пытанні атрыманы адказ, але пошук узбагаціў і месцамі нават змяніў некаторыя ўяўленні аб картаграфіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у азначаны перыяд. У даследаванні Аляксея Адамовіча каштоўнымі падаюцца адшуканыя факты, датычныя дзейнасці Віленскай абсерваторыі, якая займалася пераважна пытаннямі астраноміі, але, як Грынвіцкая для Англіі, так Віленская для Вялікага Княства Літоўскага выконвала ролю нулявога (апорнага) мерыдыяна. У апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай былі распрацаваныя арыгінальныя метады атрымання шыраты і адноснага значэння даўгаты, якія так і не знайшлі шырокага выкарыстання; іх апісанне мы знаходзім у лістах вучонага-езуіта Аляксандра Ростана да Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Аўтар выявіў, што існавала як найменей шэсць станаў (выданняў) карты, якія ў сваю чаргу можна падзяліць на тры этапы. Калі першае і другое выданні былі падрыхтаваныя дзякуючы канкрэтным асобам — Яну Няпрэцкаму і Тобіасу Маеру, то трэцяе і чацвёртае ўзніклі дзякуючы геаграфічным экспедыцыям езуітаў 1766-1767 гадоў. Вынікам гэтых экспедыцый стала стварэнне больш дакладных буйнамаштабных карт Рэчы Паспалітай 1770-х гадоў, якія справядліва адносяць да здабыткаў навуковых ініцыятыў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У першую чаргу гэта карты Кароля дэ Пертэса і Джаванні Антоніа Рыцы-Дзаноні. У гэтым аспекце важнай высновай даследавання з’яўляецца абвяржэнне выкарыстання гэтых карт для карэкцыі карты ВКЛ з боку выдавецтва “Спадкаемцы Гоманы”: ўдакладаненні на карце былі зроблены пасля публікацый вынікаў езуіцкіх экспедыцый.
Яшчэ адно важнае адкрыццё — перастварэнне друкарскіх форм на трэцім этапе існавання карты (пяты і шосты стан, датаваныя 1812 годам). Прычыны такога позняга выдання карты ўжо неіснуючай дзяржавы падказваюць тыя гістарычныя акалічнасці, пры якіх яна выдавалася. Магчыма, гэта было звязана з высокім попытам на любы картаграфічны матэрыял для забеспячэння французскай кампаніі 1812 года, але больш верагодным падаецца, што прычынай перавыдання была ўсё тая ж рэпрэзентатыўная роля, ад пачатку адведзеная карце. У такім разе ініцыятыва перавыдання карты Няпрэцкага-Маера магла належаць патрыятычным элітам.
Дзякуючы гэтаму даследаванню важныя для беларускай культуры асобы выходзяць з паўзабыцця, займаюць свае пачэсныя месцы сярод асветнікаў. Як бы мы ні стараліся прытрымлівацца аб’ектыўнасці, нярэдка муза даследчыцкай цікавасці апелюе таксама і да патрыятычных пачуццяў навукоўца. Таму, відаць, далучэнне Яна Няпр(ж)эцкага да польскай спадчыны схавала яго асабістую гісторыю і вынікі дзейнасці пад фармальнымі тэзісамі. І таму заканамерна, што хоць і запозненая, але шчырая цікавасць да сваёй гісторыі ў Беларусі нарэшце адкрыла нам гэтага картографа, вучонага і таленавітага чалавека. Не залішнім будзе адзначыць, што гэта першае выданне аўтара. Магчыма, даследаванне не ў поўнай меры вытрымана ў сучасных метадалагічных стандартах навуковай манаграфіі, але недахопы кампенсаваныя адсутнасцю фармалізму і вялікай павагай і любоўю да прадмета – гісторыі старадаўніх карт. Да прадмета, які абапіраецца на атлантаў, але традыцыйна застаецца адкрытым і для аматараў, і для акадэмікаў.
< Папярэдні | Наступны > |
---|