Картаграфічны вобраз беларускай сталіцы
У жніўні мінулага года «Белкартаграфія» выдала альбом «Мінск на старадаўніх картах і планах» (Мінск: Белкартаграфія, 2021), спецыяльны змест і тэксты якога падрыхтавалі Ілля і Валянціна Андрэевы, Павел Растоўцаў. Альбом дае магчымасць убачыць развіццё Мінска ў 1750–1940-я гг. У ім апублікаваны 84 карты і планы, гравюры, рысункі і дакументы, у тым ліку першы вядомы план Мінска і першая вядомая гравюра з выявай горада, усе вядомыя на сёння планы XVIII ст. і пазнейшага часу. Некаторыя з іх друкуюцца ўпершыню. Выданне складаецца з прадмовы, 18-і раздзелаў, а таксама спіса крыніц і літаратуры.
Картаграфічны матэрыял альбома размеркаваны па храналагічным прынцыпе: ад Сярэднявечча да Другой сусветнай вайны. Аўтары цалкам слушна вырашылі паказаць гісторыю картаграфічнага адлюстравання Мінска ў кантэксце фарміравання геаграфічных ведаў і ўяўленняў аб землях Беларусі ў еўрапейскай і арабскай культуры Сярэднявечча ды ранняга Новага часу. Картаграфічны вобраз нашых зямель ствараўся дзякуючы разнастайным сувязям, асабліва гандлёвым, якія беларускае насельніцтва здаўна падтрымлівала з блізкімі і далёкімі краінамі. І аднавіць гэты вобраз дапамагаюць менавіта карты. Першыя тры раздзелы выдання яскрава паказваюць уяўленні аб геаграфічным палажэнні Усходняй Еўропы, што адлюстроўваліся на сярэднявечных картах. Асноўнымі геаграфічнымі арыенцірамі, звязанымі з беларускімі землямі, з’яўляліся рэкі, у першую чаргу, Дняпро, Нёман і Дзвіна. Дарэчы, безумоўным плюсам выдання з’яўляецца тое, што выявы карт і планаў суправаджаюцца не толькі кароткімі каментарыямі, але і пашыраным навуковым тэкстам. Гэта дазваляе чытачу лепей зразумець працэс развіцця картаграфіі ў кантэксце гісторыі Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы.
Паколькі ўжо ў першай трэці XX ст. Мінск становіцца адным з палітычных цэнтраў, а затым і сталіцай Беларусі, то складальнікі альбома асаблівую ўвагу звярнулі на размяшчэнне тапоніма «Белая Русь» на старажытных картах. У выданні выразна выяўлена абнаўленне картаграфічных ведаў, што адбылося ў Еўропе ў XV–XVI стст. і было звязана з дзейнасцю Мікалая Кузанскага, Бярнарда Вапоўскага, Герард Меркатара і некаторых іншых картографаў, а таксама станаўленне ўласнай картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Заўважым, што ў прадмове да выдання, напісанай І. Андрэевым, коратка, але даволі трапна, пазначаны генезіс мясцовай, беларускай картаграфіі. Значная ўвага надаецца не толькі карце ВКЛ, створанай у канцы XVI ст. па заказе Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, але і развіццю картаграфічнай справы ў Рэчы Паспалітай сярэдзіны – другой паловы XVIII ст. Цікавасць выклікае і асобны раздзел альбома, прысвечаны картам правінцый каталіцкіх манаскіх ордэнаў, у тым ліку езуітаў, францысканцаў і бернардзінцаў.
Мінск (Менск) ужо ў другой палове XVI ст. быў цэнтрам ваяводства і з’яўляўся адным з самых эканамічна развітых беларускіх гарадоў (паводле нормаў выплачваемых дзяржаўных падаткаў у 1560-я гг. Менск уваходзіў у лік 12-і самых развітых гарадоў ВКЛ). З сярэдзіны XVI ст. Менск пачынае ўказвацца на геаграфічных картах, створаных спачатку ў Заходняй Еўропе. Упершыню горад быў выяўлены ў 1554 г. на карце Еўропы фламандскага картографа Герарда Меркатара. Першыя ж планы Менска і яго ваколіц захаваліся да нашых дзён толькі з другой паловы XVIII ст. Заключныя сем раздзелаў альбома дазваляюць выразна ўбачыць развіццё горада на працягу двух стагоддзяў – да сярэдзіны XX ст. Якасць гарадскіх планаў пастаянна павялічвалася дзякуючы пераходу ў XIX ст. да дакладных інструментальных вымярэнняў. Змешчаныя ў выданні картаграфічныя крыніцы ўтрымліваюць вельмі каштоўную інфармацыю для вывучэння той унікальнай гарадской прасторы, якую гараджане стваралі сваёй штодзённай працай, і якая, у сваю чаргу, сама ўплывала на іх жыццё. Карты і планы XIX–XX стст. маюць у нашыя дні таксама і важнае практычнае значэнне. На іх аснове магчымае захаванне і аднаўленне культурнай спадчыны беларускай сталіцы, развіццё яе турыстычнага патэнцыялу. Вызваленне Беларусі ад германскіх войскаў летам 1944 г. паставіла пытанне аб аднаўленні і стварэнні фактычна новага аблічча Мінска. Апошнім у альбоме змешчаны план праект-ідэі цэнтра горада, створаны ўжо 27 жніўня 1944 г. (захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь).
Важна адзначыць, што альбом утрымлівае шэраг замежных і айчынных карт, у тым ліку карту дзеяча беларускага адраджэння Аркадзя Смоліча 1919 г. і бланкавую карту БССР 1940 г., якія наглядна паказваюць стан як дзяржаўных, так і этнічных межаў Беларусі ў бурлівую першую палову XX ст. Гэтыя крыніцы маюць значную актуальнасць у кантэксце вывучэння працэсаў станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Бібліяграфічны спіс, што завяршае выданне, змяшчае пералік важнейшых крыніц і навуковай літаратуры па гісторыі картаграфіі Усходняй Еўропы.
Альбом «Мінск на старадаўніх картах і планах» будзе карысны як спецыялістам, так і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
< Папярэдні | Наступны > |
---|