Ян Няпрэцкі і яго карта ВКЛ


Ян Няпрэцкі і яго карта ВКЛ

 Англія займела поўны нацыянальны атлас да 1576 года, у час кіравання каралевы Лізаветы І. Нобілі Вялікага Княства Літоўскага — Радзівілы — відаць, былі ў кантэксце, і Мікалай Радзівіл Сіротка, цалкам у адпаведнасці з княскімі амбіцыямі свайго роду, таксама распачаў вялікі праект: картаграфаванне Літвы. Сам сабе Акадэмія навук, ён даў рады: яго “коштам і стараннем” карта Вялікага Княства Літоўскага, скончаная каля 1603 года ў Нясвіжы і выпушчаная вялікім накладам у 1613 годзе ў Амстэрдаме, была багатай на звесткі, цудоўна дакладнай і проста прыгожай.

Карту Радзівіла перавыдавалі ў тым ці іншым выглядзе яшчэ паўтара стагоддзі: адразалі Дняпро, змяншалі, пераварочвалі. І гэта ганарова для яе аўтараў. Але нас цяпер злуе неабноўленая пару тыдняў гугл-мапа для Курасоўшчыны, а толькі ўявіце, што давялося б карыстацца картай, выпушчанай не адно дзесяцігоддзе таму? Вядома, прагрэс у тыя часы не быў такім хуткім, і ўсё ж ён зусім не стаяў на месцы. Але ствараць новую карту не было каму.

І зусім не ясна, чаму за гэтую справу ўзяўся нікому невядомы малады езуіт Ян Няпрэцкі.

Карта Вялікага Княства Літоўскага. Ян Няпрэцкі 1749 год. Выданне 1749 года напачатку не змяшчала імені свайго аўтара і не мела герба краіны. Аднак гэта была першая абноўленая карта Вялікага Княства Літоўскага з часоў Радзівілаўскай, яна давала адміністрацыйнае дзяленне краіны і яе актуальныя межы.

 Русін са Случчыны

Наўрадці мы ведалі б хоць нешта пра біяграфію Яна Няпрэцкага, каб не арганізацыя, вядомая сваёй любоўю да ведаў: Ордэн езуітаў, або правільней — Таварыства Ісуса. Ордэн не толькі захоўваў свае хронікі ў мясцовых архівах, але таксама дасылаў копіі асноўных дакументаў ў Рым. Сярэдзіна XVIII стагоддзя была часам росквіту Таварыства: езуіты сталі вельмі багатымі, уплывовымі, а самае небяспечнае — знайшлі апраўданне любым грахоўным дзеянням, аж да забойства караля! Натуральна, што гэты ж час і стаў для арганізацыі апошнім: неўзабаве ордэн забаранілі і распусцілі.

На Беларусі паводле загаду Кацярыны ІІ пра роспуск абвяшчаць не сталі, і Таварыства Ісуса існавала да 1820 года, у той час як у Еўропе парад забаронаў трываў ад 1759 года да канчатковага роспуску з 1773-м. На пэўны час Полацкі езуіцкі калегіум, заснаваны яшчэ за Стафанам Баторыем, стаў сталіцай ордэна.

Зрэшты, не прайшло і паўстагоддзя, як дзейнасць ордэна ў Еўропе аднавілася. З часам удалося амаль цалкам адрадзіць Цэнтральны архіў Ордэна ў Рыме. Цяпер ён называецца Archivum Romanum Societatis Iesu — Рымскі архіў Таварыства Ісуса, і ў ім больш за 70 фондаў Літоўскай правінцыі. І ў гэтых фондах мы знайшлі запісы пра Яна Няпрэцкага, які чатырнаццацігадовым прыйшоў у Ордэн у 1733 годзе: “Муж вострага розуму і найвялікшага таленту, калі б, насуперак надзеям, не спыніў быццё сярод жывых, быў бы вялікім упрыгожаннем для нашай правінцыі. Бо здавалася, што ён займаўся і паэтыкай, і рыторыкай, і нават матэматычнай навукай, можа, і не з усёй адданасцю, але і не быў у іх пасрэднасцю. Геаграфічную карту, на якой адлюстроўваецца паверхня сучаснай Літвы, выпусціў у свет”.

У адным з дакументаў згадваецца паходжанне Няпрэцкага — “Rutenus”, русін, і гэта дае права шукаць яго карані на беларускіх землях. Атрымалася выявіць згадкі пра Няпрэцкіх у Слуцку; так, 17 снежня 1721 года быў хрышчаны Тамаш Няпрэцкі, сын местачкоўца Казіміра Няпрэцкага, а ў звестках за першыя два дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя ў Слуцку прысутнічаюць яшчэ 4 местачкоўцы-каталікі. Патрэбнага нам Яна мы не знайшлі, а ўсё ж асцярожна выказваем гіпотэзу, што наш езуіт мог паходзіць са Случчыны.

Рымскі архіў таварыства Ісуса месціцца непадалёк ад плошчы Святога Пятра

 Таварыства аматараў картаграфіі

Ян Няпрэцкі стварыў абноўленую карту Вялікага Княства Літоўскага каля 1748–1749 года, і стварыўшы, не схаваў яе ў шуфляду, а неадкладна выслаў у найбуйнейшы картаграфічны цэнтр Еўропы: у Нюрнберг. Малюнак карты ён падмацаваў лістом на лаціне, у якім падрабязна апісаў, як выглядае герб Вялікага Княства Літоўскага, на якія правінцыі яно падзяляецца і іншай каштоўнай інфармацыяй.

Трэба адзначыць, што малады езуіт не меў сумневаў у каштоўнасці сваёй працы і вартасці сваёй краіны, бо выслаў карты адразу ў найпаспяховейшае картаграфічнае выдавецтва свайго часу ў свеце: Спадкаемцы Гомана.

Цяпер супрацоўніцтва з такім выдавецтвам назвалі б сапраўднай удачай: Спадкаемцы Гомана выдавалі дзясяткі картаў, складалі розныя тэматычныя атласы, пастаянна імкнуліся абнаўляць матэрыялы, рэгулярна выпускалі каталогі сваіх выданняў, а галоўнае — мелі разгалінаваную сетку продажу і фірмовую краму.

Спадкаемцы Гомана таксама былі амбітнымі: ім пашанцавала займець у штат выдатнага картографа, матэматыка і астранома свайго часу Тобіяса Маера. Але нават маючы развіты маркетынг і выдатнага матэматыка ў кішэні, кіраўнікі выдавецтва разумелі, што без усёабдымнага, фінансаванага дзяржавай збору новых звестак картаграфія не выйдзе за межы таго, што ўжо было дасягнута. А зразумеўшы, заснавалі прыватную асацыяцыю “Касмаграфічнае таварыства” — з мэтай пераканаць грамадства і дзяржаўныя інстытуты не сквапіцца на геадэзію і картаграфію.

У 1750 годзе Таварыства здолела выдаць кнігу “Kosmographische Nachrichten und Sammlungen auf das Jahr 1748” — зборнік навуковых прац картаграфічнага таварыства за 1748–1749 гады, прататып еўрапейскіх навуковых часопісаў. І менавіта ў гэтым зборніку быў апублікаваны ліст Яна Няпрэцкага з Вялікай Літвы.

Вобраз картографаў-езуітаў, створаны нейрасеткамі.

 Абноўленая карта

 Абноўленая карта Літвы — ужо адно першае слова было пропускам карты Яна Няпрэцкага ў друк. Твор езуіта, вядома, давялося карэктаваць. Пачатковы малюнак, відаць, быў створаны ў тых жа каардынатах, што і Радзівілаўская карта: за нулявы мерыдыян быў узяты пік Тэйдэ (востраў Тэнэрыфэ, Гішпанія). У той жа час у выдавецтве “Спадкаемцы Гомана” за нулявы мерыдыян бралі востраў Фера. Адпаведна, Маеру давялося разлічваць і ўжываць каэфіцыент выраўноўвання паміж пікамі Мальпаса і Тэйдэ.

Спадкаемцы Гомана увесь час шукалі крыніцы, па якіх можна было б зрабіць карту яшчэ дакладнейшай, нават калі аўтар карты ў 1750-м годзе памёр. Вельмі дарэчы прыйшлася любоў да картаграфіі наступнага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста. На яго загад езуіты выправілі некалькі экспедыцый, вынікі якіх трапілі ў Нюрнберг і ўрэшце на трэцяе выданне карты Няпрэцкага.

Усяго карта Няпрэцкага вытрымала 6 перавыданняў. Апошняе — у 1812 годзе. Яно канечне ўжо было неактуальным: хоць Станіслаў Аўгуст і не стварыў ніякага картаграфічнага інстытута, цікавасць да картаграфіі жыла ў найвышэйшых колах грамадства, а гэта натуральным чынам стымулявала збор інфармацыі і з’яўленне новых, больш дакладных картаў.

Магчыма, гэтая патрыятычная карта неіснуючай ужо краіны была перавыдана на замову Міхала Клеафаса Агінскага як візуалізацыя плана адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў структуры Расійскай Імперыі. У траўні 1811 года Агінскі асабіста чытаў даклад пра гісторыю і становішча спраў у Літве. У сваіх мемуарах Агінскі пісаў: “Перакананы, што калі б пры далучэнні да Расіі новых польскіх земляў з іх была сфармаваная правінцыя пад старой назвай “Вялікае Княства Літоўскае” і з ранейшымі правамі, якая па форме адміністрацыйнага кіравання ўяўляла б сабой аўтаномную дзяржаву ў складзе Расійскай імперыі, то наўрад ці сюды мог бы глыбока пранікнуць іншаземны ўплыў”. Імператар быў згодны аднавіць Вялікае Княства Літоўскае, і 25 чэрвеня 1811 года быў падрыхтаваны праект указа Аляксандра І, у якім першы артыкул абвяшчаў: “Губерні: Гродзенская, Віленская, Мінская, Віцебская, Магілёўская, Кіеўская, Падольская і Валынская разам з акругамі Беластоцкай і Цярнопальскай утвараюць ад сёння асобную правінцыю пад назвай Вялікае Княства Літоўскае”. Аднак планы Агінскага засталіся толькі на паперы.

Адам Ежы Чартарыйскі (1770–1861) — яшчэ адна асоба, якая дбала пра аднаўленне ВКЛ. Экслібрыс бібліятэкі яго ўнука, Вітольда Казіміра Чартарыйскага, стаіць на нядаўна адшуканым унікальным асобніку карты Няпрэцкага 1812 года, які можна лічыць пробным адбіткам.

 Не Lithuania, а Litvva

 На самае цікавае пытанне адказу пакуль няма: хто стаяў за Янам Няпрэцкім? Езуіт не мог па ўласнай ахвоце ўзяцца за такую справу: і рэсурс патрэбны, а да ўсяго стварэнне карты дзяржавы — справа палітычная. Апусціце руку, калі ласка: адказ, які ляжыць на паверхні — маўляў, езуіты і даручылі — не вытрымлівае крытыкі. Традыцыя рэлігійных картаў багатая, распрацаваная, і езуіты сапраўды карты сваіх правінцый стваралі, пазначалі на іх кляштары, пералічвалі архірэяў і святых. Але нічога гэтага ў рабоце Яна Няпрэцкага вы не знойдзеце: гэта звычайная свецкая адміністрацыйная карта.

З фрагмента ліста Няпрэцкага, апублікаванага ў зборніку Касмаграфічнага таварыства, становіцца ясна: гаворка ў ім зусім не вядзецца пра Бога і цікавасці царквы, болей пра патрыятызм. Няпрэцкі піша выдаўцам, што някепска было б аздобіць карту малюнкамі лясных жывёл: мядзведзя, тура, кабана, сарны, а таксама людзей “дужых і з моцнымі рукамі”. Спадкаемцы Гомана, на жаль, да парадаў не прыслухаліся і ніякай прыгажосці на карту не дадалі. Мабыць, усё вызначалі грошы (а дадатковыя малюнкі дорага каштавалі) і, адпаведна, попыт.

Дарэчы, адправіўшы створаную ім карту выдаўцам, Ян Няпрэцкі — рыхтык як мы з вамі, змагаючыся за Belarus замест Weißrussland — прапаноўвае выкарыстоўваць для карты назву не Lithuania, а Litvva, аргументуючы тым, што гэты тапонім паходзіць не ад грэчаскага слова. Няпрэцкі мае на ўвазе прысутнасць спалучэння “th”, што ўласціва словам грэчаскага паходжання ў лацінскай мове.

І тут Радзівілы?

Найбуйнейшы даследчык картаграфіі Вялікага Княства Літоўскага Станіслаў Александровіч (чытайце пра яго ў ХХХХ) лічыў, што і тут не абышлося без Радзівілаў. Праўда, навуковец добра прааналізаваў карту Няпрэцкага і зразумеў, што малады езуіт не капіраваў вядомае нам амстэрдамскае выданне, аднак дапускаў, што ў яго распараджэнні магла быць тая першая, страчаная сёння карта, што была створана ў Нясвіжы каля 1603 года. Чаму б і не: вядома ж, што ў 1745 годзе Яна Няпрэцкага, ужо святара, накіравалі акурат у Нясвіж. Станіслаў Александровіч выказвае меркаванне, што Няпрэцкі мог пазнаёміцца з Радзівілаўскай картай менавіта ў бібліятэцы Нясвіжскага калегіума.

Але на жаль, калі Радзівілы і мелі нейкае дачыненне да карты, дык не такім простым шляхам. Святара Яна Няпрэцкага накіравалі не проста ў Нясвіж, а ў нясвіжскі Дом трэцяй прабацыі, дзе ён прабыў да 1746 года, вывучаючы езуіцкую духоўнасць і нормы ордэнскага права. Згаданы Дом трэцяй прабацыі быў асобнай структурнай адзінкай Ордэна і знаходзіўся ў іншым будынку, чым калегіум. Святар, накіраваны ў Дом трэцяй прабацыі, быў адхілены ад усіх іншых заняткаў і прысвячаў сябе выключна свайму духоўнаму станаўленню. Таму не дзіўна, што бібліятэка прабацыі складалася выключна з кніг, звязаных з рэлігійным заканадаўствам, аскетызмам і духам Таварыства. Адпаведна інвентару, складзенаму 8 студзеня 1774 года, бібліятэка Дома трэцяй прабацыі змяшчала ўсяго некалькі кніг па картаграфіі, пры гэтым у ёй не было аніводнага атласа ці карты.

Дый у Нясвіжскім калегіуме наўрад ці да таго часу захаваўся першы асобнік Радзівілаўскай карты: яго бібліятэка двойчы была цалкам знішчана на пачатак XVIII стагоддзя.

Горад з каралеўскімі амбіцыямі

Найбольш верагодна, што Няпрэцкі скончыў сваю карту ў 1747–1748 гадах. З архіўных дакументаў Ордэна езуітаў мы ведаем, што грунтоўныя веды ў галіне матэматыкі, картаграфіі і гісторыі з’явіліся ў Няпрэцкага акурат у прамежку паміж 1746 і 1749 гадамі. А ў гэты час святар быў у гродзенскім калегіуме.

Мы не можам сцвярджаць, што ініцыятарам стварэння карты быў горад, магістрат. Але немагчыма і забыцца на праявы велікакняжацкай самасвядомасці ў Гродзенскім калегіуме. У езуіцкім Фарным касцёле ў той час былі змешчаны два гербы: “Пагоня” і “Арол”. Можа, тут і знайшоў крыніцу натхнення (а таксама фінансавання) картограф Ян Няпрэцкі?

 

У ліпені выйшла ў свет кніга Аляксея Адамовіча “Ян Няпрэцкі і карта Вялікага Княства Літоўскага”. У ёй сабраны ўсе звесткі пра картографа з Беларусі, што ўдалося адшукаць у архівах, а таксама важная інфармацыя пра тое, як адаптавалі для выдання карты ў выдавецтве “Спадкаемцы Гомана”, якім чынам збіраліся звесткі пра мясцовасць для стварэння карты ў часы Станіслава Аўгуста і што сам кароль думаў пра картаграфаванне краіны.

Набыць кнігу ўсё яшчэ можна анлайн >>