Sindel 43. Białystok


Sindel 43. Białystok

 Нямецкі малюнак часоў не апошняй вайны захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Горадні, і ў яго чалавечая гісторыя

У пачатку студзеня мы напісалі пра малюнкі Эдварда Вінклера, што прадаваліся на ebay на той час ужо даволі доўга. Самыя каштоўныя аркушы пасля публікацыі хутка выкупілі – хочацца верыць, што беларусы.

АНТ, публікуючы следам за намі навіну, звярнула ўвагу на тое, што мастак нарадзіўся ў Пецярбургу (у нямецкай сям’і, але пра гэта не сказалі). Для нас цікавей іншыя дэталі біяграфіі: у Першую сусветную мастак пайшоў на фронт добраахвотнікам (на баку Нямеччыны, вядома), у Другую — маляваў антынацысцкія экслібрысы і раскідваў па паштовых скрынках улёткі “Нямецкага руху за свабоду”. І тым не меней, ён быў у складзе фашысцкай арміі: у Менску, Воршы, Магілёве, Смаленску.

Гэта складана зразумець, як людзі мастацтва становяцца часткай машыны для забойстваў. Але сярод нямецкіх салдат было нямала такіх, што добра фатаграфавалі або малявалі. Дзякуючы ім мы маем выявы беларускіх гарадоў і мястэчак. Часта – з-за іх і разбураных.

Пані Лідзія

Паненку на фота завуць Лідзіяй Сафроненка, яна была дачкой шматдзетных беларуса і немкі. Сям’я была беднай, бацькі рана памерлі, і дзяўчынка трапіла на выхаванне ў прытулак пры праваслаўным манастыры Нараджэння Маці Божай у Краснастоку (цяпер Ружанасток). Там атрымала адукацыю і дыплом настаўніцы беларускай мовы, навучылася музыцы і царкоўным парадкам. Выдатна спявала.

У 1919-м, яшчэ быўшы выхаванкай прытулку, выйшла замуж за доктара Канстанціна Бялецкага (яго лёс цікавы сам па сабе, пачытайце хоць бы ў вікіпедыі). Беларускую мову выкладаць ёй не дазволілі, і Лідзія пайшла працаваць выхавальніцай у свой родны прытулак.

Калі прыйшла Другая сусветная вайна, Лідзіі быў 41 год, яна ўжо пахавала першага мужа, а дзве з трох дачок былі зусім дарослыя. Служыла псаломшчыцай у храме Аляксандра Неўскага ў г. Сакулка (цяпер гэта Беластоцкае ваяводства Польшчы).

І аднойчы нямецкі афіцэр спыніўся перад гэтым храмам з эцюднікам, і так добра ў яго выйшла празрыстае паветра павернутага да лета зімовага дня, купалы царквы, людзі і конікі ў пару мазкоў. Кабета не прайшла міма, ёй хапіла і смеласці, і ведання нямецкай спыніцца і сказаць мастаку, што малюнак цудоўны.
Хто яна, і чаму так добра гаворыць па-нямецку, спытаў афіцэр. Мы не ведаем, што адказала пані Лідзія – спадзяемся, нешта накшталт “Але ж вы ў культурнай краіне, мы тут усе людзі адукаваныя і цэнім мастацтва”.

Немец зняў з мальберта яшчэ вільготны малюнак, алоўкам падпісаў: “Sindel 43. Bialystok”. І падарыў: вайна не шкадуе людзей, ці варта людзям шкадаваць паперу?

Мастак

Фрыц Зіндэль (Friedrich Julius Sindel) быў на тры гады маладзейшы. Ён нарадзіўся ў Гоце, атрымаў грунтоўную мастацкую адукацыю, шмат падарожнічаў. На жыццё Зіндэль зарабляў працай чарцёжніка ў воднай гаспадарцы.

Прысвечаныя мастаку артыкулы ў нямецкай прэсе далікатна абмінаюць час Другой сусветнай: мы даведваемся з іх толькі тое, што з 1945 па 1948 год мастак быў у палоне. І справядліва: удзельніку вайсковых дзеянняў на баку агрэсара застаецца толькі хаваць непрыгожыя факты сваёй біяграфіі. Але чалавекам Фрыц Зіндэль, мабыць, быў добрым. Цэрквы і касцёлы былі яго “спецыялізацыяй”. «У любое надвор’е ён паўсюль ездзіў на ровары, — успамінае сын мастака Курт Зіндэль і дадае, — калі сядзеў дзе-небудзь і маляваў, часта многія прыглядаліся, а потым куплялі карціны». А многія з такіх малюнкаў мастак не прадаў, а падараваў.

Ужо пасля вайны і палону Фрыц Зіндэль аб’ехаў паўсвету, шмат маляваў у розных тэхніках. Сыну мастака засталіся стосы аркушаў, з якіх можна было б стварыць цэлы музей.

***

А сям’я Лідзіі захоўвае малюнак, падараваны іх бабулі, у рамцы пад шклом як сямейную рэліквію.

Саколка пад Беластокам, 1943 год. Фрыц Зіндэль (акварэль)

Так выглядае гэтае месца цяпер