Пейцінгерава табліца. Peutingeriana Tabula Itineraria
Выява на пергаменце, якая дайшла да нас, датуецца 13 стагоддзем. Але прататып, з якога ў сярэднявеччы змалявалі карту, можа датавацца позняй антычнай эпохай (4-5 ст. н.э.), а пэўныя звесткі ўзыходзяць да пачатку эры. Карта паказвае сістэму дарог (адсюль назва ітынерар) Рымскай імперыі.
Што ж адносна ўсходнееўрапейскіх тэрыторый?
На карце пазначана шмат плямёнаў, і для нашага рэгіёна гэтыя плямёны падзелены на дзве вялікія групы: Сармацкая і Скіфская. Паказаныя яны па-за рымскімі шляхамі, на паўночнай перыферыі Рымскай імперыі. Пазначана рака Дон, яна і ёсць умоўнай мяжой Еўропы і Азіі, а таксама мяжой рассялення сармацкіх і скіфскіх плямён.
Пейцінгерава табліца. Peutingeriana Tabula Itineraria. Фрагмент. Факсімільнае выданне
VENADISARMATAE (Венеды Сарматы) -- лічыцца раннеславянскім племем, размешчана над Дунаем, на ўсходзе ад іх Alpes Bastarnice -- Карпаты. Венеды яшчэ раз паказаныя на ўсход, каля Днястра (а гэта ўжо паўднёвы захад Украіны). Па меркаванні некаторых даследчыкаў, гэта можа ілюстраваць перасяленне славян на ўсход, таксама гэта можа паказваць шырокі арэал пражывання венедаў.
Загадкавы надпіс Cap.fl.Nusacus. азначае Дняпро (Барысфен). Нісакус - не характэрная назва для антычных крыніц, магчыма мае мясцовае паходжанне і адносіцца да верхняй цечы Дняпра. Наступная на ўсход рака - Дон (Tanais), надпіс побач сведчыць, што рака падзяляе Еўропу і Азію.
У міжрэччы Паўднёвага Бугу і Дняпра лакалізаваныя Ruxulani.Sarmate. - ваяўнічае качэўнае племя, якое жыло на прычарнаморскіх стэпах ад пачатку эры.
З цікавага адзначым, што на карце не паказаная Таўрыка, або Крымская паўвыспа. Дакладней сказаць, паказаная, але нам цяжка яе там пазнаць. Зрэшты, як і іншыя берагавыя контуры. У ніжняй цечы Дняпра пазначана Saurica - скажонае Taurica. Таксама побач маем - Fossa facta per servos Scutarum - Роў, выкапаны скіфскімі рабамі - маюцца на ўвазе ўмацаванні на Перакопскім перашыйку. А выцягнутая "каса" паміж Чорным морам і Азоўскім морам, належыць жыхарам Баспорскага царства (Bosforani) з шэрагам старажытны Крымскіх гарадоў і ўласна ёсць Крымам.
Выспа смутку Фетыды па сваім сыне Ахілесе, або ўжо легендарнага паслання рускім караблям, пазначана дакладна побач з Крымскім паўвостравам (гаворка пра востраў Змяіны).
Звярніце ўвагу: з Азоўскага мора выцякае тры ракі. На жаль, не падпісаныя, але вельмі важныя. На нашае меркаванне, менавіта гэтыя тры ракі, гэтыя тры старажытныя гандлёвыя маршруты леглі ў аснову пазнейшага каляровага падзелу Русі - на Белую, Чырвону і Чорную. На гэтай рымскай карце адбылося пэўнае накладанне Азоўскага мора з Каспійскім. А Каўказ (там, дзе пазначаны Alani) атрымаўся ссунуты значана на ўсход. Пра гэта яшчэ пагаворым.
І не забываем, што гэтая карта, як і пераважная большасць іншых, толькі адлюстроўваюць стан ведаў на момант яе стварэння, нярэдка вельмі прыблізна і тэндэнцыйна.
Хочаце сачыць за рэтраспектыўнай падборкай мап нашага рэгіёна, з пэўным акцэнтам на ўкраінскую гісторыю, -- падпішыцеся на хэштэг #sarmatiamaps на fbook.
< Папярэдні | Наступны > |
---|