Skarby Kartografii - польскае выданне па гісторыі картаграфіі
Скарбы картаграфіі (Skarby kartografii) -- адзін з набыткаў на Варшаўскім кірмашы гістарычнай кнігі.
Прыгожае ілюстраванае выданне, напісанае па класічнай схеме: ад старажытнасці да сучаснасці. З мінусаў - здаецца, тэксту магло быць болей; магло быць болей рэдкіх і важных мап, напрыклад, такіх, як мапы Вапоўскага (прысутнічае толькі дробны фрагмент), мапы Еўропы Меркатара (1554 або 1572), уласныя мапы Рэчы Паспалітай, створаныя ў др. пал. 18 ст. Якасць выяў таксама магла б быць лепей. Але цалкам прыстойнае камерцыйнае выданне з прыемнай вёрсткай і дызайнам, з вялікай колькасцю ілюстрацый.
На пачатку каляндар, так бы мовіць, картаграфічных падзей, ёсць асобны цікавы раздзел "Навука і тэхніка на службе картаграфіі", выбраная бібліяграфія і геаграфічны індэкс. Ідэя кнігі, відаць, заключалася ў тым, каб паказаць гісторыю польскай картаграфіі як частку сусветнай для шырокай аўдыторыі. І з гэтай задачай аўтары і выдаўцы справіліся.
Skarby kartografii
Аўтар кнігі польскі географ і гісторык Ян Анджэй Вэндт.
Кніга выйшла ў Wydawnictwo Arkady
пад рэдакцыяй вядомай даследчыцы картаграфіі Люцыны Шаняўскай.
Вокладка цвёрдая, 248 с.
< Папярэдні | Наступны > |
---|