Падобныя матэрыялы
Вінчэнца Каранэлі 1692 год. POLONIA PARTE ORIENTALE
POLONIA PARTE ORIENTALE...
Тэхніка: медзярыт
Выдавец: Вінчэнца Каранэлі
Год выдання: 1690-я, Венецыя
Памер карты: 45 х 61 см
Карта "Polonia Partie Orientale" паходзіць з другой часткі атласа "Atlante Veneto" венецыянскага касмографа Вінчэнца Каранэлі (Vincenzo Coronelli, 1650–1718). Разам з заходняй часткай "Polonia Parte Occidentale" яны ўтвараюць агульную тэрыторыю Рэчы Паспалітай часоў праўлення Яна Сабескага. Карты прысвечаны братам Федэрыка Карнара (кардыналу) і Франчэска Карнара (венецыянскаму дожу). Таксама ў атласе выходзіла надзвычай прыгожая карта Вялікага Княства Літоўскага.
Прыведзены ўсходні (orientale) аркуш створаны па Радзівілаўскай карце альбо ейных перапрацоўках, украінскія землі вызначаны картамі Гіёма Баплана (Guillaume Le Vasseur de Beauplan, 1595–1685). Ад Пскова на поўначы і да Малдавіі на поўдні, уключна з украінскім (Ukraina Paese De Cosacchi) Падоллем. На ўсходзе карта абмежавана Масковіяй і Тартарыяй, з заходняга боку тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага выяўлена не цалкам, мяжа праходзіць па Віленшчыне і Берасцейшчыне.
Карта адметная тым, што ўпершыню выяўляе рускія землі Літвы асобным аркушам. Магчыма, зроблена гэта было не наўмысна, усё ж такі карта ёсць частка агульнай карты Рэчы Паспалітай. Але ў другой палове 18 стагоддзя некаторыя аўтарытэтныя картографы ўключаць у атласы асобны аркуш цэнтральных і ўсходніх земляў сучаснай Беларусі (Затта: Littuania 1781). Адной з прычын увагі да рэгіёна былі тэрытарыяльныя змены ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (спадкаемцы Гомана: Russisch Litauen 1775; Санціні: Lithuanie Russienne 1776). Гэтыя карты, як і карта Каранэлі, не маюць назваў Белая Русь, але адлюстроўваюць працяглую геапалітычную нявызначанасць усходніх беларускіх земляў.
< Папярэдні | Наступны > |
---|