Луі Брыён дэ ля Тур 1787 год. CARTE DE LA LITHUANIE...RUSSIE BLANCHE
CARTE DE LA LITHUANIE
DE LA COURLANDE, ET DE LA NOUVELLE RUSSIE BLANCHE
démembrée de la Pologne.
Тэхніка: медзярыт
Картограф: Луі Брыён дэ ля Тур
Выдавец: Moutard
Год выдання: 1787, Парыж
Памер аркуша: 38 х 26 см
Памер карты: 26 х 23 см
Французскі картограф і інжынер Луі Брыён дэ ля Тур (Louis Brion de la Tour, 1756–1803?) выдаў некалькі атласаў у другой палове 18 стагоддзя. Адзін з іх – "Atlas Général..." – адметны сваім дэкаратыўным выкананнем, выходзіў з 1766 года. На іншых варыянтах карты Рэчы Паспалітай, што выдаваліся Брыёнам дэ ля Турам, не выяўлена рэгіянальнай назвы Белая Русь, прысутнічае толькі Русь Польская (RUSSIE POLONOISE) у межах усходу сучаснай Украіны. З 1770-х гадоў на картах дадаецца мяжа першага падзелу.
Прыведзеная карта выдавалася ў шматтомным выданні "Histoire Universelle..." у 1787 годзе і пазней (таксама сустракаецца выданне 1802 года). У адным томе з гэтай картай выходзілі яшчэ дзве карты: Прусіі і тэрыторыі Украіны.
Вельмі паказальная карта ў пытанні станаўлення назвы Беларусь (Белая Русь). Заходнія землі Расійскай імперыі названыя Старая Русь Белая (ANCIENNE RUSSIE BLANCHE). У выніку першага падзелу назва пашыраецца на ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага, што адышлі да Расіі, цяпер гэтыя землі – Новая Русь Белая (NOUVELLE RUSSIE BLANCHE). Русь Белая (RUSSIE BLANCHE) ахоплівае Верхняе Падняпроў'е ў межах Літвы (LITHUANIE).
< Папярэдні | Наступны > |
---|