Падпіска на навіны
400 год Радзівілаўскай карце
Унікальны асобнік насценнай Радзівілаўcкай карты захоўваецца ў бібліятэцы Упсальскага ўніверсітэта (Швецыя). Карта была выдадзена ў Амстэрдаме ў выдавецтве Вільяма Янсона Блаў. Выданне прызнана сусветным картаграфічным шэдэўрам.
Насценная карта адрозніваецца ад шырока вядомых асобнікаў, уключаных у атласы Вільма Янсона Блаў, што выдаваліся з 1631 па 1645 год, наяўнасцю падклеенай тэкставай паласы знізу з сігнатурай Тамаша Макоўскага (T. M. Pol. Geograph.) і дэкаратыўнай стужкі па перыметры. Атласныя выданні друкаваліся з тых жа самых плыт, "падпісаных" Геселем Герыцам і датаваных 1613 годам.
Падрыхтоўчыя работы па стварэнні карты былі распачатыя яшчэ ў 1580-х гадах, калі князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (1549–1616) запрасіў польскага картографа Мацея Струбіча. Збор інфармацыі вёўся агульнымі сіламі палітычнай і навуковай эліты княства. Карта цечы Дняпра абапіраецца на нататкі аўстрыйскага дыпламата Эрыка Лясоты, які здзейсніў падарожжа ўздоўж ракі ў 1594 годзе. Верагодна, былі выкарыстаны вайсковыя рукапісныя карты часоў Стафана Баторыя.
Знойдзены дакладныя сведчанні аб існаванні першага варыянта, надрукаванага ў 1603 годзе, магчыма, у Нясвіжы. Наклад гэтага перашага выдання быў не менш за сто асобнікаў. Да сёння ніводны асобнік альбо фрагмент гэтага выдання не быў адшуканы.
Карта ў Упсале, на жаль, знаходзіцца не ў лепшым стане. Новы слой тканіны, які быў прыклеены ўжо пазней для захавання цэласнасці, зрабіў карту жорсткай і нягнуткай, што прывяло да разбурэння паперы ў некаторых месцах. Колеры пажухлі, папера стала ломкай і дэфармавалася, ёсць страты невялікіх фрагментаў.
Другі вядомы асобнік насценнай Радзівілаўскай карты знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Германія). Карта ў лепшай захаванасці і адрозніваецца ад упсальскага асобніка адсутнасцю тканевай асновы і драўляных планак для падвешвання, таксама на карце адсутнічае знешняя дэкаратыўная стужка.