Падпіска на навіны
Падзеі года ў малюнках: MEMORABILLA A. MDCCXV
BY | RU
Даўняя традыцыя падводзіць вынікі года нагадала пра цікавы медзярыт з калекцыі imago.by. Пакінем саманадзейную сучаснасць журналістам і падвядзем вынікі старога 1715 года.
Перад намі графічны аркуш, прысвечаны падзеям 1715 года. Медзярыт паходзіць з рэдкага выдання "Memorabilia Facta Belli ac Pacis in Seculo P.C.N. XVIII..." Ёгана Крыштафа Вайгеля (Johann Christoph Weigel) 1722 года. Кніга мела пазнейшыя перавыданні, у тым ліку на нямецкай мове ў 1739 годзе.
Медзярыт складаецца з дванаццаці пранумараваных мініяцюр вакол цэнтральнай алегарычнай выявы: тры сястры мойры каля памятнай калоны з імёнамі памерлых адмяраюць чалавечыя лёсы, а багіня Фартуна ў кароне з гарадскімі вежамі і багіня Ірыда, весніца волі багоў, вітаюць нараджэнне Аўгуста Вільгельма, герцага Браўншвейг-Бевернскага, і будучага расійскага імператара Пятра II. Даты пададзены па новым грыгарыянскім календары, некаторыя не зусім дакладныя. Дарэчы, Вялікае Княства Літоўскае перайшло на новы календар адным з першых у Еўропе яшчэ за часамі Стафана Баторыя ў 1582 годзе. Большасць падзей былі звязаныя з войнамі. У вайну за іспанскую спадчыну была ўцягнута адна палова Еўропы, у Паўночную вайну – другая.
Іспанская спадчына
Першая выява датавана 6 лютага, гэтым днём у 1715 годзе скончыўся мірны кангрэс заходнееўрапейскіх краін ва Утрэхце па выніках вайны за іспанскую спадчыну (1701–1714). Іспанская дзяржава канчаткова страціла свой магутны статус, пры гэтым згубіла некаторыя свае тэрыторыі. Каралём Іспаніі быў прызнаны Філіп V Бурбон – унук французскага караля Людовіка XIV.
Скарбніца пасляваеннай Іспаніі была пустой, і можна ўявіць сабе, якім ударам для новага манарха была страта іспанскага “срэбнага флота” з калоній (пятая выява). 28 ліпеня караблі з каштоўнымі таварамі патрапілі ў шторм і наступным днём амаль усе затанулі каля берагоў Фларыды. Каштоўнасці, што былі прызначаны ўжо згаданаму Філіпу V, на сёння ацэньваюцца ў суму больш за сто мільёнаў даляраў. Захаваўся каштарыс загружанага тавару: у ім сотні куфраў срэбра ў манетах і злітках з мексіканскіх шахтаў, золата, гатовыя ювелірныя вырабы, шоўк, слановая костка, кітайская парцаляна і іншыя каштоўныя ўсходнія тавары. Некаторая частка гэтага легендарнага скарбу была паднятая дайверамі ў нашыя часы, але нямала тых каштоўнасцей да сёння раскіданыя па марскім дне.
Majorica recepta (чацвёртая выява) – ілюстрацыя аднаго з эпізодаў вайны за «іспанскую спадчыну». Выспа Мальёрка, што дагэтуль кантралявалася сіламі, лаяльнымі аўстрыйскім Габсбургам, пры падыходзе французскага флоту 2 ліпеня падпарадкавалася новаму каралю Іспаніі.
Паўночная вайна
Надыходзіла развязка Паўночнай вайны (1700–1721), што пачалася для смелага і рызыкоўнага шведскага манарха Карла XII надзвычай удала, але скончылася яго паражэннем.
Другая выява ілюструе марскі бой паміж эскадрамі Даніі і Швецыі. Баталія адбылася 24 красавіка каля выспы Фемарн і скончылася поўнай перамогай датчан.
На дзявятай – далучэнне да гановерскіх уладанняў англійскага караля Георга І шведскіх Брэмена і Вердэна. Гэтыя дзеі мелі на мэце ўцягнуць Англію ў Паўночную вайну на баку праціўнікаў Швецыі, але не мелі жаданага выніку.
Пад адзінаццатым нумарам – план аблогі шведскай крэпасці Штральзунд у Памераніі. Аблога вялася пруска-дацка-саксонскімі войскамі. Пасля таго, як Карл ХІІ з вялікай рызыкай для жыцця пакінуў крэпасць, гарнізон згадзіўся на капітуляцыю.
Турэцкая пагроза
Трэцяя мініяцюра паказвае аблогу туркамі адной з крэпасцей на Пелапанесе, тады ён належаў Венецыянскай рэспубліцы. Туркі за два месяца без асаблівых цяжкасцей захапілі каля дзясятка крэпасцей і занялі ўвесь паўвостраў.
Роберт Харлі – асоба года. Змена дынастыі ў Англіі
На шостай выяве – заключэнне ў Таўэр Роберта Харлі, у час кіравання дынастыі Сцюартаў уплывовага англійскага палітыка, які цяпер адышоў ад спраў. Англійскі парламентарызм ужо тры стагоддзі таму дасягнуў такога ўзроўню, што зняволенне гэтага палітыка ставілі ў адзін шэраг з найважнейшымі падзеямі жыцця асоб каралеўскай крыві, як пачатак рэгенцтва ў Францыі Філіпа ІІ Арлеанскага (сёмая мініяцюра).
У 1714 годзе англійскі сталец амаль на два стагоддзі перайшоў да Гановерскай дынастыі. Якабіты выступілі супраць першага прадстаўніка гановерскай дынастыі на англійскім стальцы Георга І, які быў пратэстантам. Яны спадзяваліся адстаяць права на карону для каталіка – сына Якава ІІ Сцюарта. На восьмай выяве, якая датавана 2 верасня 1715 года, паказана падаўленне паўстання ў Шатландыі, дзе якабіты мелі багата прыхільнікаў.
Наш край
Нарэшце, дзясятая выява "Polonici motus" адсылае нас у Рэч Паспалітую, дзе шляхта выступіла супраць узмацнення ўлады Аўгуста Моцнага, а таксама супраць рабункаў саксонскага войска, размешчанага на тэрыторыі паспалітага гаспадарства. Нагадаем, што Аўгуст Моцны быў адначасова каралём польскім і вялікім князем літоўскім, а таксама курфюрстам саксонскім. Рокаш атрымаў назву Тарнагродская канфедэрацыя. Магчыма, на гравюры падаецца бітва пад Радагошчам, якая адбылася 8 кастрычніка 1715 года, альбо абагульнены вобраз тых вайсковых падзей.
Крыху містыкі
Апошняя падзея адбылася напярэдадні Раства – 24 снежня, у старадаўнім універсітэцкім горадзе Нямеччыны Іена. Паводле ўкладальнікаў кнігі, цікаўныя студыёзусы адмысловым чароўным загаворам здолелі выклікаць сапраўднага д'ябла. Аднак асаблівасць гэтай "навіны" прымушае задумацца пра хітрыкі выдаўцоў, якія за тры стагоддзі не надта змяніліся.
Каманда imago.by віншуе з наступленнем новага 2016 года! Шчасця, поспехаў і натхнення!