Падпіска на навіны
Літоўскае і Беларускае Палессе Адама Ганорыя Кіркора
BY | RU
За прадастаўлены асобнік дзякуем Юрыю Т-чу.
Папулярнае 19-томнае выданне "Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении" было выдадзена на працягу 1881–1901.
Арганізатар выдання, Маўрыкій Восіпавіч Вольф, быў тыповым кнігавыдаўцом-камерсантам. Ён займаўся кнігагандлем у Еўропе і Расіі і добра адчуваў павевы часу. Яго крамы з багатым выбарам кніг і вопытнымі прадаўцамі лічыліся ўзорнымі. У 1856 годзе М.Вольфа напаткала дзёрзкая ідэя выдаць ілюстраванае апісанне Польшчы пад рэдакцыяй Юзафа Крашэўскага. Праект з палітычных прычын не быў рэалізаваны, але ўрок быў засвоены. Рэдактарам новага выдання – шматтомнай "Маляўнічай Расіі" – быў запрошаны Пётр Пятровіч Сямёнаў-Цянь-Шаньскі, віцэ-старшыня Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. Больш удалага заступніка для гэтага праекта цяжка ўявіць.
Выданне было маштабным і дарагім, адметным для ўсяго прыватнага кнігадруку. Шыкоўная вокладка з залатым цісненнем, але рэдактура, факталагічны матэрыял, якасць ілюстрацый – усё гэта на ўзроўні масавага выдання. Таму здаюцца перабольшанымі некаторыя тагачасныя водгукі на выданне кшталту "замечательный памятник типографского и ксилографического искусства".
Прысвечаны Вялікаму Княству Літоўскаму трэці том выйшаў у 1882 годзе і складаўся з дзвюх частак: "Літоўскае Палессе" і "Беларускае Палессе". Большасць нарысаў (за выключэннем трох) напісаныя беларускім этнографам і гісторыкам Адамам Ганорыем Кіркорам (1818–1886).
Нарадзіўся Адам Ганоры Кіркор у в.Слівіна Мсціслаўскага ўезду ў шляхецкай сям'і. Навучаўся ў Магілёўскай і Віленскай гімназіях. Быў чальцом Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўніком Віленскага музея старажытнасцяў. У 1859 годзе Кіркор заснаваў уласную друкарню. З 1859 па 1865 год рэдагаваў вядучую грамадска-палітычную газету ў Літве – "Kurier Wileński". Пасля паўстання 1863-64 гадоў і далейшага ўціску працаваць у Вільні стала немагчыма. Адам Ганоры Кіркор пераехаў у Пецярбург, дзе, пры садзеянні згаданага Маўрыкія Вольфа, выдаваў газету "Новое время". У 1872 годзе ён з'ехаў у Кракаў (на той час у складзе Аўстрыі), дзе працягваў даследчыцкую і літаратурную практыку. У гэты час былі напісаны навукова-папулярныя нарысы па гісторыі Літвы і Беларусі, якія абагульнілі апошнія навуковыя здабыткі ў вывучэнні краю і склалі трэці том "Маляўнічай Расіі".
У кнізе каля 200 тарцовых дрэварытаў у тэксце, частка з іх арыгінальныя, частка друкавался раней у варшаўскім "Tygodnik Illustrowany" і іншых выданнях. Прысутнічаюць спрошчаныя выявы з Напалеона Орды, Вікенція Дмахоўскага, Люцыяна Крашэўскага, Канстанціна Кукевіча, Міхала Андрыёлі. Некаторыя дрэварыты на асобных аркушах (з чыстым адваротам), так званыя "карціны", разам іх 24. У змесце кнігі ілюстрацыі пералічаны, да большасці ўказаны мастакі.
Выданне знаёміла шырокае кола чытачоў з культурнымі каштоўнасцямі і нацыянальнымі адметнасцямі Беларусі і Літвы, гісторыяй, мовай, міфалогіяй і літаратурай краю. Пры ўсіх тагачасных цэнзурных і ідэалагічных абмежаваннях трэба адзначыць далікатнасць аўтараў і рэдактараў у супярэчлівых пытаннях, цікавасць і павагу да чужых звычаяў і культур. Не дарэмна трэці том трапіў пад жорсткія нападкі з боку славянафілаў. І тут жа адзначым недавольства выданнем польскіх інтэлектуальных колаў. "Мабыць, я нікому не дагаджу – ні палякам, ні рускім – бо пішу з выключна літоўскіх пазіцый", – прызнаваўся А.Кіркор Ю.Крашэўскаму.
Мастакі і пісьменнікі канца 19 і ўсяго 20 стагоддзя чэрпалі вобразы і факты з трэцяга тома "Маляўнічай Расіі". Выпуск марак БНР "Асобны атрад" абавязаны вобразу сялян магілёўскай губерніі . Манаграфія В. Ластоўскага "Кароткая гісторыя Беларусі", якая была першым беларусацэнтрычным выданнем, не выпадкова мела красамоўную рэмарку "Па Кіркору". Ці не "Вяртанне з палявання на мядзведзя" Каразіна падштурхнула стварыць падобны літаратурны вобраз ў "Каласах пад сярпом тваім" Уладзімера Караткевіча, тым больш і постаць самога Кіркора прысутнічае ў творы. |
На сёння кніга не рэдкая, у тым ліку і трэці том. Але рэдкія – тамы камплектныя і ў добрым стане. Выданне было сапраўды папулярным, таму многія асобнікі літаральна зачытаныя. Такім чынам, кошт вельмі залежыць ад стану і можа пачынацца ад 250–300 еўра за том.
У 1993 годзе выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" здзейсніла рэпрынтнае перавыданне трэцяга тома.
Мы прыводзім усе асобныя аркушы ("карціны") і некаторыя выбраныя ілюстрацыі з тэкставай часткі трэцяга тома "Маляўнічай Расіі".