Падпіска на навіны
Асобнае выданне да гісторыі беларускіх паштовых марак
Першае асобнае выданне па тэме "Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасьці", падрыхтаванае даследчыкам і калекцыянерам Лявонам Карповічам, хоць і не прэтэндуе на фундаментальнае даследаванне, але абагульняе ранейшыя артыкулы вядомых філатэлістаў. Кніга будзе цікавай не толькі калекцыянерам, але і ўсім, хто цікавіцца нашай гісторыяй і культурай.
Першыя публікацыі да пытання ўзнікнення беларускай паштовай маркі з'явіліся ў пасляваенны час у эміграцыйных перыядычных выданнях. Замежныя беларускія суполкі праз прыватныя паштовыя эмісіі пашыралі звесткі пра Беларусь у свеце. З 1990-х гадоў для беларускіх калекцыянераў сталі дасяжнымі гэтыя асаблівыя артэфакты, сведкі няспыннай барацьбы за правы і незалежнасць. Лагічным працягам з'явіліся новыя даследаванні, падмацаваныя публікацыямі матэрыялаў з архіваў беларускіх незалежных інстытуцый і з прыватных архіваў.
У выданні аглядаюцца маркі першай серыі 1918 года "БЕЛАРУСЬ ПОЧТА", выпускі "АСОБНЫ АТРАД" для палявой пошты БНР 1920 года і Слуцкіх паўстанцаў таго ж года, мясцовыя выпускі часоў Першай сусветнай вайны і Грамадзянскай вайны 1917-1923 гадоў, а таксама вялікі шэраг эміграцыйных марак. Заканчваецца выданне першай маркай суверэннай Беларусі і аглядам стану айчыннай філатэліі.
На жаль, якасць выяў у выданні не заўжды задавальняючая. Для вывучэння і магчымых ацэнак пэўных выпускаў патрэбны высокаякасныя выявы, напрыклад, для вызначэння сапраўднасці марак Слуцкіх паўстанцаў, асобнікі якіх часам з'яўляюцца ў продажы.
Не ўсе даследчыкі зважаюць на абставіны з'яўлення першых беларускіх паштовых марак, часам іх залічваюць да "прапагандысцкай філатэліі". Не ўва ўсіх каталогах яны прысутнічаюць. Але той факт, што згаданыя маркі не здолелі шырока патрапіць ва ўжытак з-за неспрыяльных гістарычных варункаў, не паспелі быць выкарыстанымі для сваіх асноўных мэт, не зніжае цікавасці і попыту на іх.