Падпіска на навіны
Карта ВКЛ 1613 года ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка
Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка, якая актыўна экспануецца ў межах праекта Арт-Беларусь, узбагацілася чарговым гістарычным артэфактам – картай Вялікага Княства Літоўскага 1613 года. Гэта атласны асобнік, верагодна 1631 года выдання.
Бліскучы прыклад рэгіянальнай картаграфіі, сапраўдная жамчужына сусветнага картаграфічнага мастацтва – вялікая карта Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўваходзілі землі сучаснай Беларусі, – гэта вынік супольнай працы дзяржаўных эліт і грамадства, вынік інтэлектуальнай спеласці і эканамічнай заможнасці краю.
Як вядома, з канца 15 – пачатку 16 стагоддзя пачалося актыўнае развіццё картаграфіі, у першую чаргу рэгіянальнай. Да сярэдзіны 16 стагоддзя большасць еўрапейскіх краін мелі па некалькі дастаткова падрабязных друкаваных карт як асобных сваіх частак, так і ўсёй тэрыторыі. Узгадаем малую частку больш адметных рэгіянальных карт таго часу: гэта цэлы сегмент карт Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паводле Мікалая Кузанскага, карты Германіі і цэнтральнай Еўропы Эрхарда Этцлаўба, карта Польшчы Бернарда Вапоўскага 1526 года (захавалася часткова), карта Венгрыі Лазара (да 1528), карта Гішпаніі і Партугаліі Джавані Вавасорэ 1532 года, карта Францыі Аронса Фінэ 1538 года, Carta Marina Олаўса Магнуса 1539 год, карта Прусіі Генрыха Цэла 1543 года, карта Брытаніі Георга Лілы 1546 года, выданні Себасцьяна Мюнстара і шэраг іншых. Некаторыя адметныя карты не дайшлі да нас і вядомыя толькі па пазнейшых згадках.
Беларускія землі ў 16 стагоддзі былі прадстаўлены на картах гэтага перыяду, але тыя давалі абагульненае прадстаўленне і былі далёкімі ад дасканаласці. Еўрапейскія картографы даведваліся пра неабсяжныя землі Вялікага Княства Літоўскага праз польскія карты: Бернарда Вапоўскага 1526 года, Вацлава Градэцкага 1562 года і Андрэя Паграбкі 1570 года. Карта Градэцкага ўвогуле без змен легла ў аснову карты Рэчы Паспалітай Абрахама Артэліўса 1570 года, а з 1595 года была адрэдагавана з улікам паправак Паграбкі.
Можам ганарыцца ранняй рэгіянальнай картай вайсковага прызначэння Полацкага Княства, якая была надрукавана ў Рыме ў 1580 годзе. Склаў карту каралеўскі сакратар Станіслаў Пахалавецкі па звестках, сабраных у часе Інфлянцкай вайны канцылярыяй Стафана Баторыя. Хутчэй за ўсё, гэта была не адзіная карта, створаная дзеля перамогі, былі і іншыя рукапісныя планы і карты. Пазней праз Мацея Струбіча тыя матэрыялы былі ўжыты для стварэння вялікай карты ВКЛ, а падзеі Інфлянцкай вайны – адваёва Полацка, палаючы замак Сокал, капітуляцыя Веліжа, – увекавечаны на ёй дакументальна.
Варта прыгадаць яшчэ тры карты, якія адрозніваліся высокім узроўнем дакладнасці і дэталёвасці: двухаркушовая карта “Regno di Polonia” Джакома Гашталдзі 1562 года і карта Вялікага Княства Літоўскага 1589 года Мацея Струбіча. У 1595 годзе выйшла карта Літвы асобным аркушам, падрыхтаваная вялікім Герардам Меркатарам. Можна выказаць думку, што карта Меркатара цалкам адпавядала тагачасным картаграфічным запытам.
Але неўзабаве з’явілася новая буйнамаштабная карта ВКЛ, якой было наканавана засведчыць веліч нашых продкаў. Новая карта у разы перасягала ўсё, што было зроблена да гэтага, і кіраваліся ёй наступныя амаль 170 год.
Упэўнена можна казаць, што пачаткова быў тыраж Радзівілаўскай карты 1603 года, які, на жаль, не захаваўся. Час пачатку працы над вялікай картай краю дакладна не вядомы. У 1586 годзе князь Мікалай Радзівіл Сіротка (1549–1616), ініцыятар стварэння карты, запрасіў на службу вядомага польскага картографа Мацея Струбіча. Менавіта Мацея Струбіча варта лічыць тэхнічным кіраўніком гэтага маштабнага праекта, але па нейкай прычыне на выданнях выдавецтва Блаў яго імя не згадваецца.
А вось роля Тамаша Макоўскага нясвіжскага гравёра і адначасна каморніка пры Радзівілаўскім двары, імя якога прысутнічае на тэкставай “паласе” насценных асобнікаў карты (T. M. Pol. Geograph.), некаторы час перабольшвалася, яго палічылі “географам” і, адпаведна, выканаўцам карты. Хутчэй за ўсё, Тамаш Макоўскі быў стваральнікам малюнка і гравёрам першага варыянта вялікай карты ВКЛ, надрукаванага ў 1603 годзе. Верагодна, ён таксама выконваў іншыя звязаныя з гэтай справай заданні, тым больш службовая пасада мела на ўвазе паездкі па пытаннях зямельнага межавання.
Матэрыялы для картаграфавання земляў Кіеўшчыны і Валыні апрацоўваліся і адпраўляліся князю Радзівілу Сіротку праз князя Канстанціна Астрожскага, сына славутага Канстанціна Іванавіча Астрожскага, альбо праз яго атачэнне. Для стварэння карты цечы Дняпра былі выкарыстаны нататкі аўстрыйскага дыпламата Эрыка Лясоты, які здзейсніў падарожжа ўздоўж ракі ў 1594 годзе.
Такую маштабную працу немагчыма было выканаць без грунтоўных матэматычных разлікаў. Верагодна, іх выканалі выкладчыкі са школ езуіцкага ордэна, якім Сіротка актыўна спрыяў. Напрыклад, адным з карэспандэнтаў Абрахама Артэліўса быў рэктар віленскай гімназіі кальвіністаў Ян Мараўчык. Нагадаем, што ў 1579 годзе паўстала Віленская акадэмія, а кафедра матэматыкі дзейнічала тут з 1574 года, яшчэ пры езуіцкім калегіўме.
З ліста Мацея Самуэля Струбіча (сына картографа Мацея Струбіча) да Мікалая Крыштофа Радзівіла вынікае, што малюнак карты ўжо быў падрыхтаваны да 1599 года.
Як ужо сказана, першае выданне карты не захавалася, але існаванне яго пацверджана звесткамі, адшуканымі ў карэспандэнцыі з Радзівілаўскага архіва. Падчас выправы на навучанне ад пачатку 1604 па 1607 гады сыны князя Радзівіла Сіроткі – Ян Ежы, Альбрэхт Уладзіслаў і Крыштаф Мікалай – мелі з сабой карты Літвы, якія, найхутчэй, паходзілі з Нясвіжа. З ліставання таксама вядома, што ў 1604 годзе яны пакінулі тры асобнікі ў Пражскім, Рэгенсбургскім і Аўгсбургскім езуіцкіх калегіўмах.
За 1603 год як найбольш верагодную дату друку першага выдання Радзівілаўскай карты сведчыць ліст Мацея Самуэля Струбіча з Аўсбурга, датаваны 1603 годам, у якім ён паведамляе пра аплату за рэзку і друк экслібрыса з княскім гербам у колькасці ста адбіткаў для наклейвання на карты.
Такім чынам, наклад першага выдання быў большы за 100 асобнікаў. Месца выдання Радзівілаўскай карты 1603 года не згадваецца, верагодна, галоўным сведкам стварэння першай карты ВКЛ усё ж быў Нясвіж. Іншымі магчымымі месцамі друку Радзівілаўскай карты маглі быць Гданьск альбо Аўгсбург, але ў такім разе можна было б спадзявацца на большы тыраж і далейшае выкарыстанне друкарскіх форм.
Да нашага часу захавалася Радзівілаўская карта Вялікага Княства Літоўскага 1613 года, выдадзеная ў Амстэрдаме ў картаграфічнай афіцыне Вільяма Янсона Блаў (Willem Janszoon Blaeu, 1571–1638). Прычым існуе два насценныя асобнікі гэтай карты, якія прынята датаваць 1613 годам, і некаторая колькасць асобнікаў, якія ўкладваліся ў атласы з 1631 па 1645 (1647?) гады. Асноўнае адрозненне паміж атласнымі і насценнымі асобнікамі заключаецца ў дадатковай тэкставай “паласе”, падклеенай знізу. Гравёрам карты значыцца Гесель Герыц – гравёр афіцыны Блаў.
Абставіны стварэння карты малавядомыя, мы можам толькі выказаць некалькі здагадак. Правобразам хутчэй быў адбітак карты ВКЛ 1603 года альбо ейны малюнак. Патрапіла карта да Вільма Блаў праз Тамаша Макоўскага. Пры гэтым у выданні 1613 года маглі быць унесены папраўкі і ўдакладненні. Уявіць, наколькі адрознівалася першае выданне ад прыведзенага тут выдання 1613 года, складана. Верагодна, яна была большага памеру, на ёй магло быць імя гравёра – Тамаша Макоўскага, дэкаратыўныя дэталі былі іншымі і больш сціплымі.
Самы вядомы асобнік насценнай Радзівілаўскай карты 1613 года знаходзіцца ў бібліятэцы Упсальскага ўніверсітэта ў Швецыі. Другі насценны асобнік знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Германія).
Лёс шматлікіх насценных карт незайздросны, складзены даўгія спісы такіх карт, пра якія мы ведаем толькі па пазнейшых згадках. Некаторыя з із дайшлі да нас цудам, толькі дзякуючы таму, што былі пераплецены ў кнігі, самы вядомы прыклад – гэта карты свету Марціна Вальдзеемюлера. Такі самы лёс мог бы напаткаць і Радзівілаўскую карту 1613 года, але мы маем вялікую ўдачу, што па нейкіх прычынах Вільям Блаў вырашыў укладаць зфальцаваную насценную карту ВКЛ у свае атласы, хоць яна была нязручнай з-за неадпаведнасці стандартнаму фармату карт у атласах.
У 1631 годзе карта была ўключана ў атлас "APPENDIX THEATRI A.ORTELII et ATLANTIS G.MERCATORIS, continens TABVLAS GEOGRAPHICAS diversarum Orbis regionum, NVNC PRIMVM EITAS cum descriptionibus". У тым жа 1631 годзе мела месца другое выданне атласа, у ім карта размяшчалася асобна ад аркуша з Дняпром. У такім выглядзе карта выдавалася надалей, у 1635–1645 гады. У 1648 годзе Ян Блаў (Joan Blaeu, 1596–1673), сын Вільяма Блаў, замяніў Радзівілаўскую карту на меншую, арыентаваную на захад.
Але было яшчэ адно выданне “радзівілаўкі”. Атлас Кленке 1660 года, падарунак англійскаму каралю Карла ІІ Сцюарту, паміж іншых картаграфічных шэдэўраў галандскай школы ўключае асобнік Радзівілаўскай карты 1613 года, які, верагодна, быў надрукаваны адмыслова для атласа. Захоўваецца атлас у Брытанскай бібліятэцы ў Лондане.
Створаная карта вызначыла вобраз Вялікага Княства Літоўскага да другой паловы 18 стагоддзя і з’яўляецца вялікім дасягненнем у картаграфічнай справе свайго часу. Шматлікія перапрацоўкі еўрапейскіх картографаў на працягу наступных 150 год былі больш спрошчанымі, удакладненні датычыліся ў асноўным унутрытэрытарыяльнага межавання. Свой варыянт “радзівілаўкі” паспяшаліся зрабіць Генрых Гондзіўс і Ян Янсон, карта бралася за аснову Вінчэнца Каранеллі, Юстусам Данкертсам, Матэўсам Зойтэрам, Тобіасам Лотарам і іншымі, вызначала выяву земляў ВКЛ на картах Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету.