Падпіска на навіны
Падробка рэдкай карты свету 1507 года Марціна Вальдзеемюлера
BY | RU
Распаўсюджана меркаванне, што падрабляць карты (таксама і любыя гравюры) не мэтазгодна. І гэта справядліва для вялікай масы так званай інтэр’ернай графікі альбо кніжнай, якая выкарыстоўвалася ў якасці ілюстрацый. Якасная падробка мае на ўвазе паўтарэнне працаёмістай тэхналогіі друку на механічным прэсе, для звычайных карт і гравюр гэта проста не мае сэнсу. Мы зараз не кажам пра сучасныя спосабы друку, любы з якіх, калі ён не “зарэтушаваны” дадатковымі сродкамі, лёгка адрозніць ад старадрукаў.
Калі казаць пра магчымы выраб копіі гравюры альбо карты, якая друкавалася з металічнай формы (з медзі, сталі і інш.), то паўтарыць форму ўручную адзін да аднаго немагчыма практычна, а фотамеханічныя сродкі пераносу выявы і далейшая гравіроўка (хімічная, механічная, лазерная) не перадаюць спецыфічны характар ручной гравіроўкі. Калі маецца магчымасць параўнаць арыгінал з падробкай, апошняя без асаблівых цяжкасцяў будзе выяўлена. На практыцы прасцей стварыць нейкую новую імітацыю альбо ўнесці змены ў існуючы аркуш для надання яму ўнікальнасці.
Але гэта не датычыцца выяў, якія друкаваліся высокім друкам з дрэва. Па-першае, драўляная форма для друку досыць абмежаваная ў нюансах і дэталізацыі ў параўнанні з металічнай формай. Па-другое, многія раннія ўнікальныя і запатрабаваныя карты і гравюры, якія былі выкананыя менавіта ў гэтай тэхніцы, часцей не вызначаліся тэхнічнай складанасцю і багаццем форм. Гравюру альбо карту, надрукаваную з драўлянай формы можна падрабіць з дастатковай дакладнасцю і ў ручную, і фотамеханічнымі сродкамі.
Менавіта фотамеханічным спосабам была падроблена рэдкая карта свету Марціна Вальдзеемюлера 1507 года ў глобуснай раскладцы, дзе ўпершыню ўказана Амерыка. Гэтая падзея выклікала сапраўдную буру ў свеце картаграфіі. Выява так званага “пасведчання аб нараджэнні Амерыкі” з’явілася ў каталогу аўкцыёну Christie's у снежні 2017 года, і гэта была сенсацыя – фактычна, пяты, невядомы да гэтага, экзэмпляр. Папярэдні кошт быў заяўлены ад $800,000 да $1,200,000. Але лот выклікаў падазронасць і неўзабаве быў зняты з продажу.
Асабліва цікавыя спосабы аўтэнтыфікацыі карты, і гэта не хімічныя спосабы (знайсці тагачасныя паперу і падрабіць фарбу пры такім эстымэйце нескладана). Менавіта неадпаведнасці паміж арыгінальнай картай і падробленай выклікалі падазрэнні, а неахайнасць махляроў (кропля клея пад слоем фарбы і недакладнасці друкарскай формы) далі магчымасць экспертам давесці, што карта не сапраўдная.
Карта была адшукана ў калекцыі памерлага рэстаўратара паперы ў Вялікабрытаніі, сваяк якога прапанаваў прадаць яе праз аўкцыён Christie's.
Пад час расследавання быў выяўлены таксама і арыгінал, з якога ў свой час была зроблена фотакопія, ён знаходзіцца ў картаграфічнай калекцыі ўніверсітэта Мінесоты ў Мінеапалісе (ЗША). На карце-падробцы прысутнічала белая лінія, якая адпавядала стратам на месцы згіба арыгінальнай карты з Мінесоты.
Таксама была выяўлена яшчэ адна такая ж падробленая карта, якая захоўваецца ў Мюнхенскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Германіі. У 1991 годзе яна была паспяхова прададзена ажно за 1,2 мільёна даляраў. Сляды гэтай падробкі таксама вядуць да кола высокакваліфікаваных рэстаўратараў паперы, якія выехалі з Германіі ў 1930-40-я гады ў Вялікабрытанію.
Варта адзначыць, што падробку выявіў супрацоўнік вядомага дылера Бары Лаўрэнція Рудэрмана (Barry Lawrence Ruderman), які, у сваю чаргу, не выключае выяўлення новых падробак гэтай карты.