Падпіска на навіны

"Анёлы над горадам" - праект аднаўлення гравюры Горадні 1568 года
450 год таму ў Нюрнбергу была надрукавана панарама горада Гродна. Яна поўная гістарычных цікавостак і адначасова вельмі прыгожая. Ніводны горад у Беларусі не мае такой старой і такой вялікай выявы (памер гравюры 35,5 на 100,5 см). Але зараз у краіне ніводнага арыгінальнага аркуша няма. 10 год таму беларусы не змаглі выкупіць арыгінал гравюры ў Польшчы, які быў прададзены за 40 000 даляраў. Дакладная і дэталізаваная панарама з анёламі над горадам магла б стаць сімвалам старадаўняга Гродна.
У каманды imago.by ёсць досвед стварэння факсімільнай копіі карты свету Джавані Андрэа Вавасорэ 1520-х гадоў. Асобнікі рэканструяванага рарытэта былі бескаштоўна перададзены ў буйныя калекцыі краіны (Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны гістарычны музей і інш.).
Наша мэта - зрабіць дакладную факсімільную копію гравюры. Мы рыску за рыскай рэканструюем малюнак, выгравіраваны Цюнтам; параўнаўшы розныя асобнікі з замежных калекцый, кампенсуем усе непрадрукаванасці і страты і адновім друкарскую форму. Пасля таго, як мы ўручную надрукуем панараму, атрымаецца вельмі дакладная выява, якая будзе перададзена ў Гродзенскі музей і дастойна заменіць арыгінал да часу.
Іншы асобнік, надрукаваны намі, будзе ілюмінаваны ў адпаведнасці з правіламі і традыцыяй. Каляровая панарама Гродна, надрукаваная ў сапраўдны памер паліграфічным спосабам, трапіць у дамы і ўстановы, каб нагадваць пра нашу еўрапейскую гісторыю.