Падпіска на навіны
Маторы БНР: Да 102-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці
Першая сусветная вайна і скасаванне расійскай манархіі ў лютым 1917-га стварылі момант развілкі, альбо класічны селектыўны тунэль. Пры пэўных абставінах у распараджэнні ўраду БНР маглі аказацца самалёты…
2 чэрвеня 1919-га. Старшыня рады міністраў БНР Антон Луцкевіч піша тэрміновы ліст да міністра беларускіх спраў ва ўрадзе Летувіскай Рэспублікі Язэпа Варонкі: “Жыве беларуская авіяцыя!”
Толькі пару гадзін як скончылася дадатковае пасяджэнне Камітэта па нацыяльнальных справах Парыжскай мірнай канферэнцыі. Надзеі на поспех былі мізэрныя: з-за клятага безграшоўя Луцкевіч прыбыў у Парыж занадта позна, літоўская і польская дэлегацыі даўно прадставілі свае праграмы. Мірная дамова складзена і вось-вось будзе падпісана, ніхто не стане пачынаць усё наноў.
Парушыўшы рэгламент, Луцкевіч разгарнуў на стале камісіі карту БНР. Вільсан падняўся: пасяджэнне зрывалася. Але поруч устаў Ігнацы Падарэўскі – і вярнуў амерыканскага прэзідэнта. “Добры супольнік на мяжы з Расіяй Польшчы катэгарычна неабходны”, – паўтарыў ён пачутае ўчора ад Вайніловіча.
Бяда толькі ў тым, што ўсе сродкі і выплаты ўжо размеркаваны, і ні Клемансо, ні Лойд Джордж не падзеляцца ніякім адсоткам ад германскага золата. Беларусы могуць разлічваць толькі на тое, што не патрэбна іншым: нямецкія караблі і самалёты.
Мы забіраем самалёты. Французы не хочуць разбірацца ў іх будове! Але тут, у Францыі, яшчэ туляюцца нашы хлопцы, якіх у 1916-м прывезлі сюды з Рускім экспедыцыйным корпусам. Ім трэба дапамагчы вярнуцца дадому, і яны гатовыя вывучыць самалёты да шруба. Мы тэрмінова выпраўляем іх на курсы лётніцтва: нам патрэбны пілоты. У нас будуць біпланы і трыпланы.
Праект стварэння беларускай авіяцыі [дакумент] >>
Неўзабаве на стратэгічных напрамках: пад Воршай і ў Баранавічах пабудуюць аэрадромы з развітай абарончай інфраструктурай. У Слуцку адкрыюць авіяцыйную вучэльню, а з восені 1929-га яна будзе перайменавана ў Вышэйшую лётніцкую школу імя Казіміра Семяновіча.
Да пачатку Другой сусветнай вайны авіяцыйны флот БНР будзе мець 10 эскадрыльяў, 12 разведчыцкіх брыгад, 200 транспартных самалётаў.
Але гэта зусім іншая гісторыя…